Беларуская Служба

Украінскія «прафесары» кіруюць у Лодзі «фабрыкай дыпломаў» для замежнікаў, СМІ

01.09.2025 16:05
Неадназначны ўкраінскі навуковец, купіў у Польшчы суполку, якая атрымала згоду на адкрыццё ВНУ.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.PublicDomainPictures /pixabay.com/CC0 Public Domain

Неадназначны навуковец Георгій Шчокін – антысеміт, які адмаўляе Халакосту – нягледзячы на сумневы, якія выклікае ва Украіне – атрымаў дазвол на адкрыццё ўніверсітэта ў Польшчы. Яго Вышэйшая школа сацыяльных навук і бяспекі ў Лодзі, раней вядомая як Вышэйшая школа ўнутранай бяспекі, аказалася «фабрыкай» па вытворчасці фіктыўных дыпломаў для замежнікаў, паведамляе Rzeczpospolita.

Да распаду СССР украінец Георгій Шчокін быў высокапастаўленым членам Камуністычнай партыі Украіны, які, паводле слоў украінскага эксперта па антысемітызме Вячаслава Ліхачова, меў моцныя сувязі з КДБ. Яго публікацыі і заявы шакавалі свет настолькі, што ў 2005 годзе Ізраіль нават пагражаў замарозіць дыпламатычныя адносіны з Украінай.

Прыгоды «ўкраінскіх прафесараў» у Польшчы

У верасні 2019 года Георгій Шчокін і яго сын Расціслаў набылі за 5 000 злотых акцыі варшаўскай кампаніі Trinum Perfectum. Пяць месяцаў раней згаданая кампанія атрымала станоўчае рашэнне міністра навукі і вышэйшай адукацыі аб уключэнні ў спіс прыватных універсітэтаў пад назвай – Вышэйшая школа ўнутранай бяспекі ў Лодзі. Паводле выдання, рашэнне ад імя міністра падпісаў дзяржаўны сакратар Пётр Мюлер (ПіС).

Затым, паводле газеты, ВНУ пачало «прыцягваць на вучобу тысячы замежнікаў, пераважна з Украіны». «Фармальна навучанне павінна было праходзіць у анлайн-фармаце. Паводле пракуратуры, гэта падман. Вышэйшая школа ўнутранай бяспекі ў Лодзі (WSBW) у асноўным прымала студэнтаў з-за межаў ЕС. Большасць з іх заканчвала навучанне на першым курсе, а гэта значыць, што іхнай мэтай не была вучоба», – чытаем.

У 2021 годзе Dziennik Gazeta Prawna паведамляла, што там былі зарэгістраваныя 2 499 студэнтаў, у тым ліку толькі сем палякаў. Вайна ва Украіне, падчас якой студэнты-мужчыны вызваляюцца ад мабілізацыі, стала сапраўднай крыніцай заробкаў для ВНУ.

Згодна з фінансавай справаздачнасцю Trinum Perfectum, з якой пазнаёмілася газета, «у 2019 годзе гадавы даход ад продажаў кампаніі склаў толькі 179 000 злотых, у 2020 годзе – 469 000 злотых, а ў 2021 годзе – 600 000 злотых».

«З 2022 года (то бок з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны) кампанія зафіксавала амаль 3 мільёны злотых даходаў ад продажаў, у 2023 годзе – 2,1 мільёна злотых, а ў мінулым годзе – амаль 2,9 мільёна злотых», – чытаем.

Хабары і фіктыўныя замежныя студэнты

Паводле звестак выдання, 13 чэрвеня гэтага года Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро (CBA) затрымала прарэктара ўніверсітэта грамадзянку Украіны Ірыну К.- у цяперашні час трэцюю суўладальніцу кампаніі. Пракуратура абвінаваціла яе, як паведамляецца ў артыкуле, у выплаце хабару ў памеры 200 000 злотых, у тым ліку, члену Польскага камітэта па акрэдытацыі, за станоўчыя заключэнні адносна адкрыцця новых кірункаў вучобы.

Паводле газеты, Ірына К. таксама прымала хабар ад «студэнтаў» – не менш за 3 мільёны злотых ад больш чым 2 000 студэнтаў – «за выдачу дакументаў, якія пацвярджаюць ілжывыя звесткі».

Годам раней тагачасны рэктар універсітэта ў Лодзі Кшыштаф Г. і прарэктар Ізабэла Б. Таксама былі абвінавачаныя за хабарніцтва.

Газета адзначае, што пасля выплаты закладу ў памеры 200 000 злотых Ірына К. вярнулася на працу ва ўніверсітэт у Лодзі.

З красавіка бягучага года школа памяняла назву на Універсітэт сацыяльных навук і бяспекі ў Лодзі і працягвае прапаноўваць анлайн-адукацыю.

Як паясняе Rzeczpospolita, адказу на пытанні, дасланыя 26 жніўня Расціславу Шчокіну, аўтары публікацыі так і не дачакаліся.

аз