Паводле слоў прымаючага боку, размова была «змястоўнай». Сярод іншага, абмяркоўваліся пытанні пастаўкі расійскай сыравіны. «У іх няма будучыні ў Еўропе» — гэтая ўкраінская заява выклікала грымасу на твары госця.
Фіца трошчыцца пра «Дружбу», а не пра тое, як перажыве зіму Украіна
Перад візітам Фіца абвясціў, што збіраецца абмеркаваць праблемы ў «энергетычнай інфраструктуры» Украіны. Улічваючы разбурэнні, якія Расія нанесла там, і набліжэнне восеньска-зімовага сезона, можна было падумаць, што славацкі лідар едзе да свайго суседа, які знаходзіцца пад расійскай акупацыяй, з пакетам дапамогі.
Але нічога падобнага. Фіца паспяшаўся запатрабаваць ад украінцаў захавання расійскай энергетычнай інфраструктуры — нафтаправода «Дружба», і перш за ўсё нафтаразмеркавальнай станцыі ва Унечы, з якой транспартуецца расійская сыравіна далей праз Украіну на славацкія нафтаперапрацоўчыя заводы. Чым больш эфектыўнымі становяцца ўкраінскія атакі беспілотнікаў на яе, тым больш разбураецца сяброўства паміж Кіевам і Браціславай (тое ж тычыцца і Будапешта).
З Пекіна ў Ужгарад
Падчас перамоваў па гэтым пытанні ў Ужгарадзе вяліся працяглыя і няпростыя спрэчкі. Лідары дзвюх краін не сустракаліся амаль два гады з моманту вяртання Фіца да ўлады. Нагодай стаў Кангрэс рэгіянальных уладаў, які праходзіў у горадзе, на якім прысутнічалі і замежныя госці, у тым ліку прэзідэнт Рады Еўропы Антоніа Коста. Да гэтай нагоды дадалося і адкрыццё чыгуначнай лініі Чоп-Ужгарад.
Перад прыездам у сталіцу Закарпацця Фіца быў адзіным прадстаўніком ЕС, які прысутнічаў на ўрачыстасцях у Пекіне прысвечаных 80-й гадавіне заканчэння Другой сусветнай вайны. Падобным чынам, у маі ён прысутнічаў на парадзе з гэтай нагоды ў Маскве. У абедзвюх сталіцах правёў асабістыя перамовы з Уладзімірам Пуціным.
Па сваіх справах, але з пасланнем ад Пуціна
Адной з тэм гэтых перамоваў была, вядома ж, Украіна. Фіца, які да нядаўняга часу выступаў супраць уступлення Украіны ў ЕС, нечакана заявіў пра «адчыненыя дзверы» Кіеву ў гэтым пытанні. У Ужгарадзе ён паўтарыў гэтае абяцанне, дадаўшы, аднак, што будзе падтрымліваць уступленне Украіны ў ЕС, але не ў НАТА. Ён таксама раскрытыкаваў украінскія напады на нафтаправод і санкцыі ЕС супраць Расіі. А таксама заявіў, што мае важнае пасланне для ўкраінскага прэзідэнта. Аднак пасля сустрэчы з Зяленскім ніякіх падрабязнасцяў аб важным пасланні не паведамлялася.
«Ласкавае цялятка» хоча двух матак ссаць
Прадэмакратычныя славацкія назіральнікі разважаюць, чаму краіна стала расійскай пятай калонай у ЕС. І хоць Славакію ў гэтым кантэксце часта згадваюць разам з яе паўднёвай суседкай, ёсць некалькі істотных адрозненняў. У той час як за варожымі словамі Будапешта ў адрас Украіны ідуць дзеянні, Браціслава не блакуе ні новыя санкцыі супраць Расіі, ні інтэграцыю Украіны з ЕС. Хоць яна і не падтрымлівае свайго суседа, на якога напалі, ні фінансава, ні мілітарна, але ў той самы час не ўпускае магчымасці зарабіць на склаўшайся сітуацыі. Славакія прадае боепрыпасы і самаходныя гаўбіцы «Zuzana», а таксама бярэ ўдзел у вытворчасці самаходных гаўбіц «Bohdan» для ўкраінскай арміі. Чакаецца таксама, што Украіна атрымае чатырнаццаты пакет гуманітарнай дапамогі ад Міністэрства нацыянальнай абароны Славакіі, які змяшчае ў сабе інжынернае абсталяванне, у тым ліку абсталяванне для размініравання.
Магчымы датэрміновыя выбары: ёсць аб чым падумаць
Двайная палітыка Фіца вынікае з жадання знайсці баланс паміж рэальнай палітыкай і захаваннем унутранай падтрымкі, бо прэм'ер-міністр нядаўна сутыкнуўся з палітычнымі праблемамі ў сваёй краіне. Трэнне з яго партнёрамі па кааліцыі расце, а эфектыўнае кіраванне становіцца ўсё больш складаным. Такім чынам, датэрміновыя выбары ў пачатку наступнага года магчымыя, і Фіца павінен кансалідаваць свой прарасійскі электарат, які скептычна ставіцца да еўра і Украіны. Частыя сустрэчы з Пуціным і папулісцкія ініцыятывы, такія як рэферэндум аб зняцці санкцый супраць Расіі, прызначаны менавіта для гэтай мэты. Далейшыя заклікі да міру таксама служаць гэтай мэце — Браціслава імкнецца да ролі пасярэдніка ў перамовах аб спыненні агню паміж Кіевам і Масквой. Аднак сумнеўна, што яна ёй стане — чарга доўгая, і ў там ёсць краіны, значна больш уплывовыя і аўтарытэтныя, чым Славакія.
Аўтар: Тадэвуш Іваньскі, эксперт па Усходняй Еўропе Цэнтра Усходніх даследаванняў