Крытычная маса пагроз, звязаных з БЛА над Польшчай, ужо перавышана. Неабходныя дзеянні на некалькіх узроўнях: заканадаўства, ментальнасць, сістэма прыняцця рашэнняў у дзяржаве, ваенна-прамысловае супрацоўніцтва.
Сустрэча экспертаў і прадстаўнікоў СМІ пад назвай «Польскія тэхналогіі на полі бітвы з пагрозамі бяспецы Рэспублікі Польшча» адбылася ў панядзелак, 8 верасня, а 10-га раніцай Польшча перажывала шок ад правакацыі з беспілотнікамі, што ўначы заляцелі ў краіну.
У сустрэч бралі ўдзел Крыштаф Босак, віцэ-маршалак Сейма Рэспублікі Польшча; Анджэй Шавіньскі, дэпутат «Грамадзянскай платформы» і намеснік старшыні Сеймавай камісіі па абароне; генерал-лейтэнант у адстаўцы Яраслаў Грамадзіньскі з Defence24, доктар Радаслаў Песевіч з Advanced Protection Systems Inc., Крысціян Хмелеўскі з Kongsberg Defence & Aerospace і доктар Яцэк М. Раўба з Defence24/Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані.
Ключавое пытанне — пагроза, звязаная са з'яўленнем беспілотных лятальных апаратаў над Польшчай.
Паўстае неабходнасць хуткага перагляду існуючых прававых нормаў, асабліва ў выпадках, якія адбываюцца ніжэй за парог вайны. Размова пра магчымасць выкарыстання сістэм радыёэлектроннага падаўлення і іншых сродкаў, калі афіцыйна не абвешчаны стан вайны. Таксама была закранута тэма павелічэння колькасці такіх сістэм ва ўзброеных сілах і ў іншых карыстальнікаў, каб насыціць прастору краіны адпаведнымі сродкамі, якія рэальна павысяць устойлівасць і абароназдольнасць. Разам з шматлікімі працэсамі мадэрнізацыі, якія адбываюцца ў польскіх узброеных сілах, неабходна інвеставаць у абарону ад БЛА.
Сёння трэба ўлічваць і сакрэтныя аперацыі, маштаб якіх мы ўбачылі падчас украінскай аперацыі «Павуцінне». Выкарыстаныя тады БЛА, якія атакавалі вялікую колькасць пілатуемых расійскіх самалётаў, запускаліся з мабільных платформаў, дыслакаваных углыб Расіі. Таму польскія ваенныя базы, асабліва тыя, што будуць прымаць найноўшыя самалёты F-35, не могуць функцыянаваць без эфектыўных элементаў выяўлення, маніторынгу і барацьбы з рознымі БЛА патэнцыйнага праціўніка.
Шмат патэнцыйных цэляў і шмат патрэбаў
Сістэмы процідзеяння дронам цяпер не ствараюць значнай нагрузкі на бюджэт, улічваючы шэраг самых дарагіх праграм. Але яны неабходныя, бо інцыдэнтаў з БЛА варта чакаць у значна большым маштабе, чым цяпер. Асабліва з улікам таго, што, акрамя дзеянняў асобных дзяржаў, такіх як Расія ці Беларусь, БЛА будуць усё больш выкарыстоўваць, напрыклад, кантрабандысты. Таму, калі гаворка ідзе пра найбольшыя выклікі для польскай абароназдольнасці, то, безумоўна, трэба казаць пра шматслаёвую супрацьпаветраную абарону, неабходным стрыжнем якой павінны быць менавіта сістэмы процідзеяння дронам.
Эмоцыі з нагоды інцыдэнтаў з дронамі павінны паслужыць не толькі старту дыскусіі аб рэагаванні на такія пагрозы, але і хутчэйшаму ўкараненню канкрэтных рашэнняў. Трэба разумець, што маем справу з тэхналагічнай гонкай, і рашэнні для процідзеяння дронам таксама трэба будзе мадыфікаваць. Пры гэтым было адзначана, што ключавым зʼяўляецца інвеставанне ў польскую тэхналагічную думку, што дае большую гібкасць у дзеяннях і адначасова стварае экспартныя магчымасці. Прычым гэта не азначае адмову ад саюзнікаў.
Крытычная маса перавышана
Падсумоўваючы, дыскусія паказала, што рост праблемы з БЛА не зʼявіўся раптам, а быў відавочны доўгі час. Але цяпер Польшча дасягнула ўзроўню, які паказвае на неабходнасць не толькі тэарэтычных разважанняў і даследаванняў, але і дзеянняў, уключаючы прыняцце складаных рашэнняў, напрыклад, нават аб пераразмеркаванні пэўных сродкаў менавіта на большае насычэнне сістэмамі барацьбы з рознымі БЛА ў маштабах краіны. Гэта дактрынальны, але таксама і матэрыяльны выклік, бо гэта не можа заставацца без сістэмнага разумення такой абароны.
Больш за тое, у выпадку, калі Польшча зʼяўляецца прымаючай дзяржавай для сіл іншых краін NATO (host nation), яна павінна ўзгадняць свае дзеянні ў сферы процідзеяння БЛА таксама з саюзнікамі. Акрамя таго, варта падкрэсліць, што гэта не выключна ваенны выклік, але і выклік для службаў, пагранічнай аховы і структур, якія сутыкаюцца з ростам пагроз з боку БЛА. Маштаб выклікаў можа быць праілюстраваны зменамі ў вытворчасці розных сістэм БЛА з расійскага боку, дзе маса спалучаецца з усё больш дасканалымі элементамі тэхналогіі і тактыкі.
Паводле defence24.pl/вх