Беларуская Служба

Вайсковец пра начную атаку дронаў: «Расіяне імкнуцца прымусіць Польшчу ды іншыя дзяржавы перастаць дапамагаць Украіне»

10.09.2025 14:18
У сувязі з нейтралізацыяй аб’ектаў, якія парушылі мяжу Польшчы, краіна знаходзіцца ў сталым кантакце з камандаваннем НАТА. 
Аўдыё
  • Начная атака БЛА на Польшчу.
     .        .
Дзяржаўныя службы на месцы падзення беспілотніка. Уначы расійскія БЛА неаднаразова парушалі паветраную прастору Польшчы.Фота: PAP/Wojtek Jargiło

У сераду каля 4-й гадзіны раніцы Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы паведаміла, што паветраную прастору краіны парушылі каля 20 беспілотных лятальных апаратаў. Дроны прыляцелі з-за ўсходняй мяжы Польшчы. Частка з іх была збіта польскай СПА. Інцыдэнт адбыўся падчас масіраванай расійскай атакі на Украіну.

Ноччу ў паветра была паднятая авіяцыя – як польская, так і саюзнікаў (удзельнічалі самалёты Нідэрландаў). Службы неадкладна пачалі пошук збітых машын. На некалькі гадзін былі закрытыя чатыры аэрапорты, у тым ліку ў Варшаве. У сувязі з аперацыяй армія звярнулася да жыхароў усходніх рэгіёнаў Польшчы, каб яны захоўвалі асцярожнасць і заставаліся ў дамах.

Пра сітуацыю армія інфармуе найважнейшых асоб у дзяржаве. Прэм’ер-міністр Дональд Туск атрымаў аператыўную зводку. Ён паведаміў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з прэзідэнтам і міністрам абароны. На думку кіраўніка Кабінета міністраў Польшчы, гэта была расійская правакацыя, каб праверыць рэакцыю польскай абароны.

 Гэта першы выпадак, калі расійскія дроны былі збітыя над тэрыторыя дзяржавы-члена НАТА. Таму ўсе нашы саюзнікі ставяцца да гэтай сітуацыі вельмі сур'ёзна. Няма інфармацыі пра ахвяр. Працягваецца пошук збітых машын. З першых хвілін гэтай атакі, якую мы лічым правакацыяй, расіяне вельмі актыўна дзейнічаюць у сеціве. Спробы пасеяць паніку будуць, несумненна, працягвацца.    

У сувязі з нейтралізацыяй аб’ектаў, якія парушылі мяжу Польшчы, краіна знаходзіцца ў сталым кантакце з камандаваннем НАТА. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Жыхары краіны атрымалі на свае мабільныя прылады адпаведныя паведамленні з просьбай інфармаваць пра месца падзення дронаў, перадаваць іншую інфармацыю пра аб'екты, а таксама не набліжацца да беспілотнікаў або іх абломкаў.  

Прэзідэнт Караль Наўроцкі атрымлівае аператыўную інфармацыю пра трывожныя падзеі на ўсходзе Польшчы. Раніцай у Бюро нацыянальнай бяспекі адбылася нарада, у якой прынялі ўдзел прэзідэнт, прэм'ер-міністр Дональд Туск, намеснікі міністраў Міністэрства нацыянальнай абароны і генералы. Пасля сустрэчы Наўроцкі заявіў, што гаворка ішла, у прыватнасці, пра Чацвёрты артыкул НАТА.

 Гэта была выключная атака дронаў, таму мы павінны зрабіць адпаведныя вывады і прааналізаваць наступствы здарэння. Мы размаўлялі пра магчымасць задзейнічання Чацвёртага артыкула Паўночнаатлантычнага дагавора. Ішла гаворка таксама пра неабходнасць развіваць абарону краіны ад беспілотных лятальных апаратаў. У тым ліку ў супрацоўніцтве Польшчы з Паўночнаатлантычным альянсам.   

У Артыкуле нумар чатыры дагавора НАТА гаворыцца, што бакі будуць сумесна праводзіць кансультацыі кожны раз, калі тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека адной з краін знаходзяцца пад пагрозай. 

Доктар паліталогіі Гжэгаж Кшэшоўскі (Grzegorz Krzeszowski) адзначыў, што атака беспілотнікаў на ўсходнюю Польшчу – гэта чарговы акт гібрыднай вайны, якую Расія вядзе гадамі супраць краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. «Гэтая атака — выпрабаванне для НАТА», — мяркуе эксперт, нагадваючы, што яна адбылася непасрэдна перад пачаткам расійска-беларускіх ваенных вучэнняў. Актыўная фаза вучэнняў пройдзе ў Беларусі з 12 па 16 верасня.

 Масква правярае, як дзейнічае НАТА, асабліва на ўзмоцненым усходнім флангу альянсу. Гэта адбываецца перад пачаткам шырокамаштабных ваенных вучэнняў – Захад 2025. І таму з іх перспектывы, у іх заходнім напрамку было праведзена такое значнае тэставанне, каб праверыць, як выглядае боегатоўнасць краін НАТА, а таксама здольнасць узаемадзеяння розных дзяржаў – як у ваенным, так і палітычным аспекце.

Былы ваенны лётчык маёр запасу Міхал Фішэр (Michał Fiszer) мяркуе, што гэта можа быць папярэджанне ў адносінах так званай «Кааліцыі ахвочых» – дзяржаў, якія гатовыя выслаць свае войскі ва Украіну ў рамках міратворчай місіі. Маёр запасу адзначае, што польскі ўрад цалкам разумее небяспеку, але да ўлады могуць прыйсці папулісты.

 Праўда, Польшча не адпраўляе войскаў ва Украіну, але яна ўдзельнічае ў кааліцыі, выступаючы ў якасці лагістычнага цэнтра, які забяспечвае падтрымку, сувязь і транспарт. А ў Расіі заканчваецца час, яна надта доўга ваюе ва Украіне, у яе заканчваюцца рэсурсы, расійская эканоміка прыходзіць у заняпад. Пры гэтым, Украіна не збіраецца здавацца. Таму расіяне імкнуцца прымусіць іншыя дзяржавы не дапамагаць Украіне. Калі няма іншага выйсця, ім трэба запалохаць людзей, каб жыхары пачалі пратэставаць супраць дапамогі, каб урады дэмакратычных краін паддаліся пад гэтым сацыяльным ціскам. Расійская прапаганда ў Польшчы вельмі эфектыўная, яна распаўсюджвае антыўкраінскі наратыў. На жаль, на некаторых ён дзейнічае. На шчасце, польскі ўрад цалкам разумее пагрозу. Важна памятаць, што ў міжнародных адносінах няма сентыментальнасці; кожны ўрад у кожнай краіне наймаецца сваімі грамадзянамі для дасягнення іх уласных інтарэсаў, а не замежных. У інтарэсах Польшчы - дапамагаць Украіне. Пакуль яна ваюе, расіяне не пачнуць поўнамаштабнай вайны супраць іншых краін. Але я бачу значна большую небяспеку – калі падчас наступных выбараў у Польшчы да ўлады прыйдуць цынічныя папулісты. Дзеля ўласнай выгады яны могуць перастаць ахоўваць інтарэсы Польшчы, а ісці, так сказаць, за голасам народа, якім маніпуліруе расійская прапаганда.

Інцыдэнт адбыўся на фоне даволі рэзкай палітычнай камунікацыі, ваенных вучэнняў у Беларусі і закрыцця польска-беларускай мяжы – нагадвае ў сваім каментарыі палітолаг Ігар Тышкевіч. Эксперт называе некалькі прычын: па-першае, гэта элемент расійскай інфармацыйнай вайны: паказаць грамадзянам ЕС, што вайна ва Украіне нясе непасрэдную пагрозу і прымусіць Захад да ўступак; па-другое, паказаць расіянам і беларусам, што НАТА «баіцца». Пры гэтым Масква правярае сістэму абароны на ўсходніх межах, у тым ліку ў Польшчы і краінах Балтыі, і дэманструе, што нібыта магчымасці СПА заканчваюцца, каб прымусіць суседзяў да кампрамісаў.

 Паглядзець, як рэагуе сістэма абароны ўсходніх межаў НАТА. Масква актыўна пагражае краінам блока – і краінам Балтыі, і Польшчы, і Румыніі, хаця і не з вуснаў Пуціна, а хаця б пры дапамозе Лукашэнкі, які выказвае тое, чаго нават не скажуць расійскія прапагандысты. У дадзеным выпадку мэта – гэта праверка магчымай рэакцыі і ацэнка з пункту гледжання ваеннага патэнцыялу, тым больш, што пачынаюцца вучэнні “Захад 2025”.

Заходнія СМІ шырока паведамляюць пра парушэнне расійскімі дронамі польскай паветранай прасторы. Некаторыя называюць гэта ваеннай атакай на Польшчу. Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла пра поўную салідарнасць з Польшчай, выступаючы на сесіі Еўрапейскага парламента ў Страсбургу.

 Сёння адбылося лёгкадумнае і беспрэцэдэнтнае парушэнне паветранай прасторы Польшчы і Еўрапейскага Саюза больш чым дзясяткам расійскіх беспілотнікаў тыпу «Шахед». Еўропа цалкам салідарная з Польшчай.

Старшыня Еўракамісіі абвясціла аб далейшых санкцыях супраць Расіі.

Расійскія дроны атакавалі Польшчу на фоне шырокамаштабнай атакі на Украіну – Расія запусціла звыш 400 беспілотнікаў розных тыпаў і больш за 40 крылатых і балістычных ракет, аб чым нагадаў у сацсетках прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

«Масква заўсёды правярае межы магчымага і, калі не сустракае моцнай рэакцыі, застаецца на новым узроўні эскалацыі. Сёння адбыўся чарговы крок эскалацыі — расійска-іранскія «Шахеды» ў паветранай прасторы Польшчы... Надзвычай небяспечны прэцэдэнт для Еўропы. Ці будуць далейшыя крокі, цалкам залежыць ад каардынацыі і сілы рэакцыі. Расіяне павінны адчуць наступствы. Расія павінна адчуваць, што вайну нельга пашыраць і яе трэба спыніць», - напісаў Зяленскі.

IAR/нг

 

 

 

 

 

Ваенныя збілі беспілотнікі над Польшчай пасля таго, як у ноч з аўторка на сераду парушалася паветраная прастора Польшчы

10.09.2025 07:18
Прэм'ер-міністр падтрымлівае сувязь з прэзідэнтам, міністрам абароны і НАТА. Урад збярэцца на экстранае пасяджэнне.

Беспілотнік ударыў па даху жылога будынка

10.09.2025 09:01
Беспілотнік ударыў па даху жылога будынка ў Вырыках Волі Уладаўскага павета Люблінскага ваяводства. Ніхто не пацярпеў.

Дональд Туск: Мы не ў стане вайны, але сённяшняя правакацыя была самай небяспечнай

10.09.2025 11:25
Прэм'ер-міністр паінфармаваў у Сейме, што варожыя беспілотнікі прынамсі 19 разоў перасеклі польскую мяжу. Значная колькасць беспілотнікаў прыбыла з Беларусі.