Беларуская Служба

Разам з дронамі ў Польшчы актывізаваліся расійскія тролі

10.09.2025 15:22
Польскія службы раскрылі інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю, якую расіяне праводзяць, каб замаскіраваць арганізатараў дронавай атакі.
Аўдыё
  • Дронавая атака на Польшчу суправаджалася хваляй дэзінфармацыі з боку Расіі
          .
Разбураны дах жылога дома ў Польшчы пасля начной атакі расійскіх беспілотнікаў. Каментары ў сацыяльных сетках гэтай падзеіPAP/Wojtek Jargiło/Screenshot z Facebook

Мінулай ноччу расійскія беспілотнікі дзевятнаццаць разоў перасеклі паветраную прастору Польшчы — такую ​​інфармацыю абвясціў у сераду польскі прэм'ер-міністр  Дональд Туск у Сейме. Кіраўнік ураду Польшчы заклікаў грамадскасць не паддавацца дэзінфармацыі.

— Я звяртаюся да ўсіх без выключэння: палітыкаў, журналістаў, каментатараў, - з першых мінут атакі і правакацыі будзьце ўважлівымі на спробы дэзінфармацыі ды варожай прапаганды. Расіяне вельмі актыўныя ў сеціве,  нас будуць суправаджаць фальшывыя інфармацыі ды спробы сеяць паніку. Мы павінны здаць іспыт з палітычнай грамадзянскай адказнасці.

Беспілотнікі парушылі паветраную прастору Польшчы ўначы. Прыкладна ў той жа час пачалася расійская інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя ў дачыненні да польскага грамадства, кажа дырэктар фонду INFOO OPS Polska, які займаецца выклікамі бяспекі ў інфармацыйнай прасторы, Каміль Басай.

— Уначы мы выявілі інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю, якую праводзяць расіяне супраць грамадства ў Польшчы. Я маю на ўвазе інфармацыйную дзейнасць, якая праводзіцца праз сетку вэб-сайтаў, кантраляваных расійскім прапагандысцкім апаратам, якія перакладаюць маніпулятыўныя матэрыялы на польскую мову. З 2-й да 8-й гадзіны ночы расійская прапаганда дзейнічала па некалькіх напрамках. Першы — гэта пытанне размыцця адказнасці. У першую чаргу праз выкарыстанне слоў «невядомыя прадметы», прасоўванне розных здагадак і высмейванне рэакцыі дзяржавы. Другі — дэзінфармацыя пра ўкраінскі след, менавіта ў гэтым кантэксце распаўсюджваліся фальшывыя графікі з выявай беспілотнікаў з украінскай нацыянальнай сімволікай. Трэці — спроба заблытаць, хто злачынца, а хто ахвяра. Так, рэакцыя польскіх ВПС і збіццё беспілотнікаў прадстаўлены як эскалацыя з боку Польшчы, а не ў кантэксце абарончых дзеянняў, якія ажыццяўляюцца польскай дзяржавай перад абліччам парушэнняў паветранай прасторы. 

Эксперт зазначае, што гэтым разам расіяне актыўна імкнуцца яшчэ падарваць давер да дзяржаўнай адміністрацыі ў Польшчы.

— У крытычнай сітуацыі або пры вырашэнні такіх інцыдэнтаў надзвычай важна абапірацца на надзейныя і правераныя крыніцы інфармацыі. Расіяне атакуюць менавіта гэты элемент, спрабуючы выклікаць у памяці людзей інцыдэнтаў у раёне Пшэвадова, калі ўпала ракета, каб дыскрэдытаваць як Канцылярыю прэм'ер-міністра, так і Бюро нацыянальнай бяспекі і Міністэрства нацыянальнай абароны.

Адмысловец падкрэсліў, што яшчэ гэта робіцца, каб выклікаць страх у польскім грамадстве, каб яно было менш здольнае да супраціву.

— Парушэнне паветранай прасторы Польшчы — гэта падзея, якая таксама істотна ўплывае на бяспеку інфармацыйнай прасторы. Гэтыя падзеі могуць выклікаць страх. Расія прыкладае значныя намаганні для запалохвання заходніх грамадстваў, а таксама запалохвання атрымальнікаў інфармацыі ў Польшчы. Яна робіць гэта рознымі спосабамі. Яна запалохвае эскалацыяй, запалохвае вайной і спрабуе падарваць падтрымку абаронных намаганняў Украіны, пагражаючы наступствамі. Аднак гэта, насамрэч, аснова для псіхалагічных аперацый, бо пастаяннае запалохванне, выклікае страх. Тут мы можам класіфікаваць парушэнне паветранай прасторы як падзею, падобную па сваёй прыродзе да акту сабатажу, падпалу або любой іншай фізічнай актыўнасці дыверсійнай групы або аператараў, якія працуюць на расійскую разведку. З-за псіхалагічных наступстваў страх з'яўляецца адным з інструментаў, якія выкарыстоўваюцца для развіцця гатоўнасці да прымусовага прымірэння ў будучыні, гэта значыць пакорлівага стаўлення да суб'екта, які ўжывае гвалт. Гэта элемент псіхалагічнай аперацыі.

Улічваючы гэтую сітуацыю, вельмі важна захоўваць спакой і атрымліваць інфармацыю з надзейных крыніц, кажуць эксперты.

Падпалкоўнік Мар’юш Лапэта з кампаненту Спецыяльных сіл зазначае, што вартымі даверу з’яўляюцца камунікаты польскага ўраду ды дзяржаўных службаў.

— Праверка розных крыніц інфармацыі, важна каб крыніца была вартая даверу, дае нам упэўненасць, што не станем ахвярай маніпуляцыі.

Спецыялісты Desinfo Digest наўпрост рэкамендуюць выкарыстоўваць толькі паведамленні ад устаноў, адказных за бяспеку, і пазбягаць неправеранага кантэнту з сацыяльных сетак.

Юры Ліхтаровіч