Беларуская Служба

Рэпарыянт з БССР стварае ў Польшчы новую партыю

19.09.2025 13:30
Заснавальнікі новых палітычных арганізацый запэўніваюць, што гэта альтэрнатыва папулізму і палярызацыі палітычнай сцэны ў Польшчы.
        (. Nowa Polska).
Сенатар Вадзім Тышкевіч заснаваў новую партыю «Новая Польшча» (поль. Nowa Polska).facebook.com/wadimsenator

Яанна Сэнышын падала заяўку на рэгістрацыю сваёй партыі «Новая хваля». Яна не адзіная, бо новую палітычную арганізацыю стварае таксама сенатар Вадзім Тышкевіч. Паводле выдання Rzeczpospolita палітыкі хочуць скарыстацца слабасцю партнёраў па кааліцыі.

«Мая мэта – увесці ў Сейм як мінімум 50 дэпутатаў і дэпутатак», – сказала ў размове з газетай прафесар эканомікі, былая дэпутатка і еўрадэпутатка, а таксама кандыдатка ў прэзідэнты на апошніх выбарах Яанна Сэнышын. Амаль усю сваю палітычную кар'еру яна была звязаная з Саюзам левых дэмакратычных сілаў (SLD).

Пра стварэнне новай палітычнай партыі Яанна Сэнышын абвясціла неадкладна пасля прэзідэнцкіх выбараў. На пачатку жніўня стала вядома, як будзе называцца ейная арганізацыя: «Новая хваля прафесар Сэнышын» (поль. Nowa Fala Profesor Senyszyn). Сёння ў партыі ёсць ужо свой лагатып і, самае галоўнае, судовая заява на рэгістрацыю партыі, якую падтрымалі больш за тысячу чалавек. «Мы падалі яе 28 жніўня апоўдні», – паведаміла Яанна Сэнышын.

Гэта не адзіная новая партыя, заснаваная вядомымі палітыкамі, адзначае газета. У аўторак, таксама апоўдні, сваю першую прэс-канферэнцыю правялі заснавальнікі партыі «Новая Польшча» (поль. Nowa Polska), то бок сенатары з групы «Незалежныя і Самакіравальныя» – Вадзім Тышкевіч, Анджэй Дзюба і Зыгмунт Франкевіч, а таксама, між іншым, мэр Цешына Габрыэла Сташкевіч, мэр Грубешова Марта Маеўска і мэр Аполя Аркадыюш Віснеўскі.

Вадзім Тышкевіч нарадзіўся ў польскай сямʼі на Палессі, у тагачаснай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Разам са сваёй сястрой і маці пакінуў Беларусь у рамках рэпатрыяцыі, якую праводзілі камуністычныя ўлады ў другой палове 1960-х гадоў. З 2002 па 2019 год Вадзім Тышкевіч быў мэрам Новай Солі, а пазней – сенатарам X і XI тэрмінаў.

Вадзім Тышкевіч падаў заяўку на рэгістрацыю сваёй партыі 10 верасня.

«Прэзідэнцкія выбары паказалі, што «Грамадзянская платформа» разам са сваімі партнёрамі па кааліцыі больш не ў стане спыніць марш «Права і справядлівасці» да ўлады праз два гады. І патрэбна новая сіла, за якую выбаршчыкі будуць рады галасаваць», – лічыць Яанна Сэнышын.

«Мы даўно думалі пра стварэнне партыі, якая б адгукалася на галасы мясцовых уладаў і асяроддзя бізнесу. Гэта была адна з мэтаў руху мясцовых уладаў «Так! За Польшчу», – сказаў у сваю чаргу сенатар Вадзім Тышкевіч.

«Па ўсёй Еўропе мы сутыкаемся з хваляй папулізму і палярызацыяй палітычнай сцэны. У Польшчы таксама мы бачым аб’яднанне ў лагерах, якія стаяць па абодвух баках палітычнай сцэны», – ацаніў у размове з выданнем Rzeczpospolita палітолаг прафесар Казімеж Кік.

аз