Business Insider нагадвае, што звыш месяца таму расійскія беспілотнікі ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы, а ў краіне дагэтуль няма сучасных сістэм абароны ад дронаў. Пры гэтым, вайна ва Украіне, якая паказала, наколькі важны ўдзел беспілотнікаў у баях, працягваецца ўжо амаль чатыры гады.
Міністэрства нацыянальнай абароны запэўніла выданне, што праца над антыдроннымі сістэмамі ідзе, і знаходзіцца на «высокай стадыі падрыхтоўкі». Як паведамляе ведамства, закупкі пройдуць у межах працэдуры так званай «тэрміновай аперацыйнай патрэбы», якая цяпер узгадняецца ў структурах міністэрства.
Ваенны аналітык і кіраўнік партала Dziennik Zbrojny Марыюш Цельма (Mariusz Cielma) адзначае, што за апошні месяц польскую паветраную абарону ўзмацнілі саюзнікі па НАТА.
«Прыбылі знішчальнікі з Вялікабрытаніі, Францыі, Нарвегіі, а таксама верталёты з Чэхіі. Гэта важны сігнал, што альянс гатовы дзейнічаць і рэагаваць», — падкрэслівае эксперт.
Але, паводле яго слоў, сама Польшча пакуль не зрабіла крокаў да закупкі эфектыўных антыдронных сістэм.
«Калі б былі прынятыя канкрэтныя рашэнні, мы б ужо пра гэта ведалі. Мы прачнуліся толькі ў верасні... Ёсць небяспека, што зноў заснём — да наступнай правакацыі», — кажа Цельма.
Аналітыкі нагадваюць: сістэмы барацьбы з дронамі могуць быць адносна недарагімі і вельмі эфектыўнымі. Украінцы ўжо збіваюць большую частку варожых беспілотнікаў менавіта такімі сродкамі. У Польшчы ж у ноч з 9 на 10 верасня дроны збівалі дарагімі ракетамі і самалётамі, кожная гадзіна палёту якіх каштуе дзясяткі тысяч злотых.
Эксперты падкрэсліваюць: без хуткага ўкаранення сучасных рашэнняў польская сістэма абароны застаецца ўразлівай. І хоць мінабароны заяўляе пра прагрэс, грамадства чакае канкрэтных дзеянняў.
нг