Беларуская Служба

36 гадоў таму польскаму Беламу Арлу вярнулі карону, а Польская Народная Рэспубліка стала Рэспублікай Польшча

29.12.2025 06:02
Прынятыя папраўкі ўнеслі фундаментальныя змены ў Канстытуцыю ПНР, тым самым разбурыўшы асновы прававой сістэмы, звязанай з савецкай Масквой.
Аўдыё
  • 36 гадоў таму польскаму Беламу Арлу вярнулі карону, а Польская Народная Рэспубліка стала Рэспублікай Польшча
Сейм Польшчыфота: Twitter/Sejm RP

36 гадоў таму польскі Сейм прыняў закон аб унясенні змяненняў у Канстытуцыі ПНР. Сярод іншага, назва краіны была змененая з Польскай Народнай Рэспублікі на Рэспубліка Польшча, а ў гербе краіны Беламу Арлу зноў была вернутая карона. Гэтая папраўка стала сімвалічным крокам, які аддзяліў Польшчу ад камуністычнай сістэмы.

Гістарычны аповед варта пачаць некалькімі месяцамі раней. 4 і 18 чэрвеня 1989 года ў Польшчы прайшлі часткова свабодныя выбары, якія сталі вынікам перамоў паміж уладамі Польскай Народнай Рэспублікі і апазіцыяй на чале з легендарным прафсаюзам «Салідарнасць». У выніку выбараў у парламент прайшло шмат апазіцыйных кандыдатаў, што стала штуршком да грамадскіх, палітычных і эканамічных пераўтварэнняў у Польшчы.

Паводле дамоўленасцяў паміж уладамі ПНР і апазіцыяй прадстаўнікі апошняй атрымалі ў Сейме 161 дэпутацкае месца з 460. А вось у Сенаце, інстытут якога, дарэчы, быў адноўлены ў выніку тых жа перамоў паміж уладамі і прадстаўнікамі «Салідарнасці», апазіцыя атрымала 99 месца са 100.

24 жніўня Сейм правёў выбары новага прэм’ер-міністра. Ім упершыню за многія дзясяткі гадоў стаў палітык, не звязаны з польскай камуністычнай партыяй – Тадэвуш Мазавецкі. Пазней адбыўся шэраг палітычных і грамадскіх падзей, мэтай якіх стала рэфармаванне дзяржавы ў розных плоскасцях.

Так, 27-29 снежня 1989 года Заканадаўчы камітэт Сейму падрыхтаваў праект паправак у Канстытуцыі Польскай Народнай Рэспублікі.

Папраўкі, прынятыя ў снежні 1989 года, унеслі фундаментальныя змены ў Канстытуцыю ПНР, тым самым разбурыўшы асновы прававой сістэмы, звязанай з савецкай Масквой. Так, з асноўнага закону была выключаная ідэалагічная прэамбула, у якой гаварылася пра сяброўства і супрацоўніцтва з Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і вядучую ролю ў дзяржаве Польскай аб'яднанай рабочай партыі.

Але найважнейшае тое, што назва дзяржавы была змененая з Польскай Народнай Рэспублікі на Рэспубліку Польшча. У першым артыкуле Канстытуцыі гаварылася, што Польшча – дэмакратычная прававая дзяржава, польскі народ суверэнны і што менавіта ён кіруе дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў, абраных у Сейм, Сенат і нацыянальныя рады. У канстытуцыі таксама былі ўнесеныя пункты, у якіх гаварылася пра тое, што ў краіне існуе свабода эканамічнай дзейнасці і павага да ўласнасці, а Узброеныя сілы Рэспублікі Польшча павінны абараняць суверэнітэт і незалежнасць польскага народа.

У тыя дні снежня, калі Сейм працаваў над папраўкамі, праект не прадугледжваў ніякіх змяненняў у выяве герба. Аднак пасля выступаў членаў парламента з просьбай уключыць у Канстытуцыю артыкул аб гербе з арлом з каронай, Сейм падтрымаў гэтую прапанову. Яна гучала так: «Герб Рэспублікі Польшча – гэта выява Белага Арла з каронай на чырвоным фоне». Папраўка ў Канстытуцыю стала паваротным момантам у гісторыі краіны, канчаткова аддзяліўшы Польшчу ад сацыялістычнай сістэмы. Гэта здарылася 29 снежня 1989 года. Вынікі галасавання абвесціў старшыня Сейму Мікалай Казакевіч.

- Праект падтрымалі 374 дэпутаты, супраць – адзін, 11 устрымалася ад галасавання. Сейм прыняў закон аб змяненні Канстытуцыі Польскай Народнай Рэспублікі.

На сімвалізм змены Канстытуцыі звяртае ўвагу гісторык, прафесар Томаш Налэнч, які шмат гадоў быў дзейсным палітыкам і парламентаром.

- Гэта быў вельмі важны момант, якія стаў кульмінацыяй пераменаў, што пачаліся 4 чэрвеня. У канцы жніўня прэмʼер-міністрам быў прызначаны Тадэвуш Мазавецкі, затым адбыліся эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні.

Як мне здаецца, польскую гісторыю можна пераказаць выключана праз гісторыю нашага арла, а сучасную гісторыю – праз гісторыю кароны на галаве арла. Наша гісторыя была асабліва драматычнай, часта нас пазбаўлялі суверэнітэту іншыя злавесныя чорныя арлы, якія луналі над польскай зямлёй, таму мы – нацыя, асабліва прывязаная да нашых нацыянальных сімвалаў. І таму вяртанне кароны на галаву польскага арла – гэта надзвычай сімвалічнае рашэнне. І ўсе радаваліся.

Праз год апошні прэзідэнт Рэспублікі Польшча ў выгнанні Рышард Качароўскі ўручыў прэзідэнту Леху Валенсе прэзідэнцкія рэгаліі, якія захаваліся з часоў даваеннай Польшчы.
Да Другой сусветнай вайны польскі Белы Арол меў на галаве карону. У 1945 годзе польскія камуністычныя ўлады пачалі выкарыстоўваць герб краіны з арлом без кароны, а ў 1955 годзе на падставе дэкрэту карона афіцыйна знікла з гербу. І вярнулася ў снежні 1989 года. Змены ў Канстытуцыі, прынятыя 29 снежня, увайшлі ў жыццё 31 снежня таго ж года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу