Прамежкавыя вынікі няскончанай зімы
Падзею года ў Беларусі лёгка вызначыць — гэта, несумненна, вызваленне вялікай групы палітычных зняволеных у абмен на зняцце ЗША часткі санкцый з рэжыму Лукашэнкі. Ацаніць гэта значна цяжэй — па многіх прычынах.
З аднаго боку, былі вызваленыя людзі, асуджаныя на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі ў самых жорсткіх умовах проста за патрабаванне сапраўдных выбараў у сваёй краіне. Аднак вызвалена было толькі дзесяць працэнтаў палітычных зняволеных, у той час як рэжым у Мінску працягвае выносіць прысуды новым. У Беларусі да гэтага часу ўтрымліваюць у месцах зняволення больш за 1100 вязняў сумлення. У гэтым годзе з’явілася 509 новых. Гэта дадзеныя, прадстаўленыя напрыканцы году праваабаронцамі з асацыяцыі «Вясна», забароненай у Беларусі. Некалькі палякаў, несправядліва асуджаных у Беларусі ў палітычных працэсах, былі вызваленыя, але польскі журналіст Анджэй Пачобут застаецца вязнем Лукашэнкі. Вызваленыя беларусы, наадварот, былі неадкладна дэпартаваныя без магчымасці вярнуцца на радзіму, а некаторых службы Лукашэнкі нават пазбавілі пашпартоў.
Канец кожнага года – гэта, канешне, умоўная дата, і гісторыя — гэта не бухгалтарская сістэма, якую можна выкарыстоўваць для падвядзення рахункаў кожнага 31 снежня. Для большасці беларусаў пытанне гучыць інакш: ці рухаецца краіна і наш рэгіён у правільным кірунку? Адказ просты: пакуль цяперашні рэжым пры ўладзе, нічога да лепшага не зменіцца; хутчэй, будзе адбывацца наадварот. Аднак варта падумаць, хто ж стварае беларускі рэжым. Магчыма, Лукашэнка і яго сям'я, ці, можа, міліцыя і КДБ? А можа, Федэральная Служба Бяспекі Расіі мае права голасу ў гэтым пытанні? Колькі суверэнітэту засталося ў Беларусі?
Беларускі дыктатар часта публічна настойвае на тым, што менавіта ён з'яўляецца гарантам суверэнітэту, але на самой справе расійскі бізнес усё больш і больш дамінуе ў эканоміцы краіны, адціскаючы беларускія кампаніі на ўзбочыну.
На гэтым тыдні ў дэпешы расійскага прапагандысцкага агенцтва ТАСС быў цікавы эпізод, які пацвярджае, што гэта Расія дэ-факта кіруе працэсамі ў Беларусі. У апошнія месяцы Аляксандр Лукашэнка часта пагражаў Польшчы навіной пра тое, што найноўшыя расійскія ракеты «Арэшнік» з далёкасцю дзеяння да 5000 кіламетраў неўзабаве будуць размешчаны ў Беларусі, і што ён будзе вырашаць, куды іх нацэльваць.
Тым часам расійскае інфармацыйнае агенцтва дало выразна зразумець, што гэта не так – адклікаючы сваю папярэднюю дэпешу: «Навіна, апублікаваная на tass.ru а 17:24 па маскоўскім часе пад загалоўкам «Беларусь самастойна вызначыць цэлі «Арэшніка», калі спатрэбіцца», скасаваная з-за яе памылковай публікацыі і выдаленая тэлеканалам-крыніцай. ТАСС просіць прабачэння ў сваіх падпісчыкаў і чытачоў».
Невялікі, але паказальны прыклад таго, хто сапраўды раздае карты ў Беларусі
«Арэшнік — новае пудзіла Пуціна для Еўропы, якое, верагодна, ужо разгорнута ва ўсходняй Беларусі каля горада Крычаў», — паведаміла агенцтва Reuters на гэтым тыдні. У старых дыктатараў застаюцца толькі такія цацкі.
Калі 31 год таму Лукашэнка ўпершыню паспрабаваў стаць прэзідэнтам, ён казаў, што “час сямідзесяцігадовых кіраўнікоў прайшоў”. Ён меў на ўвазе постсавецкую наменклатуру. Сёння яму самому 71 год, і ён сцвярджае, што «ён сыдзе, але яшчэ не цяпер». Адзін мой сябар-журналіст рэзка падсумаваў гэта: «Не цяпер – значыць толькі нагамі наперад». Я спытаў яго, калі ў краіне будзе лепш. Ён адказаў: «Ужо было лепш, але мы не здолелі гэтага ўтрымаць. А цяпер набліжаецца вайна, і нам трэба жыць, дзякуючы Богу за кожны пражыты дзень».
Я не падзяляю такога песімізму, але гэтыя словы выдатна адлюстроўваюць сёлетні снежаньскі настрой у краіне, якая знаходзіцца пад уладай дыктатара, чый час — паводле яго ўласных слоў — прайшоў, а панаванне – усё яшчэ не.
З Беларусі для Польскага радыё — Ян Кшыштаф Міхаляк