Беларуская Служба

A26 Blekinge: Польшча купляе найбольш сучасныя еўрапейскія падводныя лодкі (ФОТА/ВІДЭА)

30.12.2025 13:11
A26 называюць першай у свеце субмарынай пятага пакалення.
Аўдыё
  • A26 Blekinge: Польшча купляе самыя сучасныя еўрапейскія падводныя лодкі
26 Blekinge
А26 BlekingeКрыніца: Saab

Польшча мадэрнізуе свае Ваенна-марскія сілы і купляе новыя падводныя лодкі. Сярод некалькіх вытворцаў, якія прапанавалі свае падводныя судны Польшчы, Варшава выбрала шведскія лодкі. Гэта сучасныя субмарыны А26 Blekinge, першая з якіх была спушчаная на ваду ў 2025 годзе. Падрыхтоўка польскіх матросаў і афіцэраў для службы на новых падлодках пачнецца ўжо ў 2026 годзе.

Контр-адмірал Яраслаў Выпіеўскі. Крыніца: commons.wikimedia.org/Cezary Spigarski/CC0 Контр-адмірал Яраслаў Выпіеўскі. Крыніца: commons.wikimedia.org/Cezary Spigarski/CC0

Пра падрабязнасці, звязаныя з мадэрнізацыяй ВМС Польшчы і набыццём новых падлодак, інфармацыйнаму каналу Польскае радыё-24 расказаў дарадчык начальніка Генеральнага штабу Узброеных сіл Польшчы віцэ-адмірал Яраслаў Выпіеўскі. Ён прымаў удзел у працах групы адмыслоўцаў, якая працавала над праектам пад кодавай назвай Orka – гэта праграма набыцця новых падводных лодак для польскіх ВМС.

- Гэта добры год для ВМС. Мне даручылі працаваць у камандзе па выбары новага тыпу падводнай лодкі – гэта праграма Orka. Гэта наш вялікі поспех, вельмі важная задача, калі гаворка ідзе пра бяспеку Польшчы. Нагадаю, апошнюю новую падводную лодку Узброеныя сілы Польшчы, а дакладней ВМС, атрымалі ў 1986 годзе. З таго часу прайшло 40 гадоў. Тады нашы ваенныя маракі атрымалі падлодку Orzeł савецкай вытворчасці. Гэта адзіная падлодка, якая актуальна знаходзіцца на ўзбраенні польскіх ВМС. У сувязі з тым, што субмарына – савецкай вытворчасці, у нас няма доступу да запчастак, тэхналогій, таму любыя паляпшэнні, рамонт або мадэрнізацыя вельмі складаныя, і гэта адна з галоўных прычын, чаму гэтая падлодка будзе выведзеная з эксплуатацыі. Калі казаць пра набыццё новых падводных лодак, то гэта быў вельмі празрысты працэс – пад увагу браліся шматлікія фактары.

A26 Blekinge. Крыніца: Saab A26 Blekinge. Крыніца: Saab

З аднаго боку, як вы сказалі, польскія ВМС апошнюю падводную лодку атрымалі дзясяткі гадоў таму. Такім чынам, мадэрнізацыя ваенна-марскога флоту – гэта пазітыўны крок. Але, з іншага боку, пасля абвяшчэння пераможцы тэндару з’явіліся пытанні тыпу «а чаму шведы, а не нехта іншы»?

- Спецыяльная група працавала вельмі інтэнсіўна, разглядаліся розныя прапановы з розных краін, у тым ліку з Паўднёвай Карэі. Але гэтая прапанова неўзабаве была адсунутая, бо з-за нейкага дробнага рамонту прыйшлося б чакаць месяцы, пакуль з'явіцца запчастка. У якасці фаварытаў разглядаліся прапановы верфяў са Швецыі, Італіі, Францыі, Германіі і Іспаніі. У якасці асноўных крытэраў бралася пад увагу цана праекту, бяспека экіпажа, сучаснасць і інавацыйнасць канструкцыі ды г.д. Гэта важны праект, таму што яго мэта – бяспека Польшчы на Балтыцы.

У ВМС Польшчы – доўгі шлях, калі гаворка ідзе пра мадэрнізацыю падводных сіл. Першыя планы зʼявіліся шмат гадоў таму.

- Так, у 1998 годзе ўпершыню зʼявіліся планы набыцця новай падводнай лодкі. Аднак яны адкладваліся ў сувязі з тым, што ў арміі былі іншыя, больш важныя патрэбы, а пагроза з боку Балтыкі, як здавалася, не была вялікай. Я хачу зазначыць, што Балтыйская мора для Польшчы – вельмі важнае, у тым ліку і з эканамічнага пункту гледжання. У 2024 годзе Польшча атрымала 65 млрд злотых даходу ад эканамічнай дзейнасці, звязанай з Балтыйскім морам. Нагадаю, нядаўна каля польскага вострава Волін былі адкрытыя радовішчы газу, якія ацэньваюцца ў 10 млрд кубаметраў. Гэта таксама порт Гданьск, праз які штогод расце перавалка грузаў, і шмат іншых фактараў.

A26 Blekinge. Крыніца: Saab A26 Blekinge. Крыніца: Saab

Швецыя – малады член НАТА. Акрамя Швецыі, іх сучасныя новыя падводныя лодкі будзе мець толькі Польшча. Ці гэта, паводле вас, мае нейкае значэнне?

- Супрацоўніцтва са Швецыяй – гэта доўгатэрміновае супрацоўніцтва ў розных плоскасцях. У нас ужо ёсць шведскія ракеты RBS MK3 на нашых караблях, мы набылі 6 тыс. гранатамётаў Gustaw M4, сучасныя лазерныя сістэмы. У сваю чаргу Швецыя купіла ў нас пераносныя зенітныя комплексы Piorun, Стокгольм таксама зацікаўлены набыццём у нас ратавальнага судна. Я думаю, што наша супрацоўніцтва толькі пачынаецца, а яго мэта – бяспека ў рэгіёне Балтыйскага мора.

Субмарыны тыпу A26 Blekinge – серыя падводных лодак, распрацаваная для ВМС Швецыі кампаніяй Saab Kockums. A26 называюць першай у свеце субмарынай пятага пакалення. Гэта малапрыкметная лодка, створаная для сучасных шматдаменных аперацый НАТА – у моры, паветры і сферы інфармацыйнай барацьбы.

Паводле вытворцы, гэты праект стаў вынікам дзесяцігоддзяў досведу працы ў складаных умовах Балтыйскага мора.

Лодка пабудаваная на тэхналогіях Saab у сферы акустычнай і візуальнай малапрыкметнасці. Яе корпус мае адмысловую форму, пакрыты матэрыяламі, якія паглынаюць радыёлакацыйны сігнал, а электронная сістэма размагнічвання памяншае магнітны і электрычны след.

Падводная лодка абсталявана ўласнай запатэнтаванай сістэмай Stirling AIP – гэта рухавік, які дазваляе доўга не ўсплываць і заставацца амаль нябачным.

У лодкі ёсць модульныя адсекі для запуску беспілотных падводных апаратаў і для працы падраздзяленняў спецыяльных аперацый. Гэта дазваляе кантраляваць падводныя камунікацыйныя кабелі, назіраць за важнымі марскімі шляхамі і ўздзейнічаць на абʼекты на дне мора.

A26 узброены тарпедамі далёкага дзеяння і можа атрымаць магчымасць запуску крылатых ракет з-пад вады.

Лодка мае комплекс пасіўнай электроннай разведкі, які перахапляе і класіфікуе сігналы праціўніка і перадае іх у разведвальныя сеткі НАТА.

Шведскі вытворца заяўляе, што A26 – самая сучасная еўрапейская падводная лодка.

Перадача ВМС Швецыі першай лодкі чакаецца ў 2031 годзе, а другой – у 2033 годзе.

Польшча набудзе ў канцэрна Saab тры A26 Blekinge. Спецыялісты ацэньваюць, што кошт праекту – у раёне 5 млрд еўра. Першая падлодка паступіць на службу ў ВМС Польшчы пасля 2030 года.

вс

слухайце аўдыёфайл