Спаўняецца год з таго часу, як Дональд Трамп быў прыведзены да прысягі ў якасці 47-га прэзідэнта ЗША. За гэты час адбыўся выразны зрух у знешняй палітыцы ЗША ў бок Азіі і Інда-Ціхаакіянскага рэгіёна, а ў Еўропе – рост боязяў з нагоды магчымага спынення ваеннай падтрымкі ЗША для Старога кантынента.
«Змены ў палітыцы бяспекі ЗША не азначаюць спынення падтрымкі Еўропы або канца НАТА. Альянс зменіцца, але Польшча можа стаць краінай-гарантам бяспекі ў рэгіёне», – заявіў у размове з агенцтвам PAP аналітык Strategy&Future Марэк Будзіш.
Аднак, паводле эксперта, гаворкі пра вяртанне да «старых часоў», калі гэта Злучаныя Штаты былі адзіным гарантам бяспекі Еўропы, таксама няма.
У амерыканскай уладзе адбываецца змена, на карысць пакаленняў, якія «значна менш адданыя» цяперашняму бачанню трансатлантычных адносін, у якіх Амерыка выконвала ролю паліцэйскага, замест абараняць у першую чаргу свае ўласныя інтарэсы.
«Аднак новае бачанне амерыканскага геастратэгічнага парадку, якое з'явілася пасля першага года прэзідэнцтва Дональда Трампа, не азначае «адмовы ад Еўропы», – лічыць Будзіш. Аднак, паводле яго, прыярытэты ў палітыцы бяспекі ЗША мяняюцца.
Зараз першым прыярытэтам зʼяўляецца абарона тэрыторыі самых Злучаных Штатаў. Другім -пашырэнне амерыканскага ўплыву ў Лацінскай Амерыцы. Трэцім - Інда-Ціхаакіянскі рэгіён. Усходні фланг НАТА толькі на чацвёртым месцы.
«Амерыканцы лічаць, што Еўропа мае дастаткова рэсурсаў, хоць іх не выкарыстоўвае, каб самастойна стрымліваць Расійскую Федэрацыю», – ацаніў Будзіш.
У сваю чаргу, паводле амерыканіста і каментатара сайта «Układ Sił» Рафала Міхальскага, формула НАТА памяняецца, але Польшча можа шукаць сваю ролю ў «новым» альянсе, «паколькі, як і іншыя краіны на ўсходнім флангу, мае супадаючыя інтарэсы з ЗША».
«Мы можам не пагаджацца ў меркаваннях наконт метадаў спынення вайны ў Еўропе ў кантэксце патэнцыйнай перазагрузкі адносін Дональда Трампа з Расіяй, але нашая мэта – адсутнасць вайны – адпавядае амерыканскай мэце», – падкрэсліў Міхальскі.
Аднак, паводле эксперта, пры разглядзе ролі, якую Польшча можа адыгрываць на «ўсходнім флангу», важна памятаць, што канчатковая ваенная палітыка ЗША пакуль не распрацавана, а важныя дэталі, такія як разгортванне амерыканскіх войскаў у Еўропе, усё яшчэ абмяркоўваюцца ў Вашынгтоне.
«Дональд Трамп знаходзіцца паміж двума канфліктуючымі лагерамі з рознымі падыходамі да знешняй палітыкі, а ў яго адміністрацыі няма прадстаўніка яе палітыкі ў дачыненні да Еўропы», – ацаніў Рафал Міхальскі.
аз