Беларуская Служба

Расійскі і беларускі шпіён у Мінабароны Польшчы. Што вядома

05.02.2026 19:02
У Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы мужчына працаваў больш за 30 гадоў, з 2020 года ў яго быў доступ да сакрэтнай інфармацыі абароннага ведамства.
Аўдыё
  • У Польшчы суд арыштаваў на тры месяцы працаўніка Міністэрства нацыянальнай абароны па падазрэнні ў супрацоўніцтве з замежнымі разведвальнымі службамі
Здымак мае ілюстрацыйны характарpeterbwiberg/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы суд арыштаваў на тры месяцы працаўніка Міністэрства нацыянальнай абароны па падазрэнні ў супрацоўніцтве з замежнымі разведвальнымі службамі. Мужчыну затрымалі 3 лютага па хадайніцтве пракурора пасля расследавання, праведзенага Службай ваеннай контрразведкі. Шпіёну можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.

Затрыманаму Уладзімежу П. 60 гадоў. Яго абвінавачваюць па артыкуле 130, частка 2-я Крымінальнага кодэкса Польшчы, які прадугледжвае пакаранне за шпіянаж на карысць замежных разведак.

У Міністэрстве нацыянальнай абароны Польшчы мужчына працаваў больш за 30 гадоў, з 2020 года ў яго быў доступ да сакрэтнай інфармацыі абароннага ведамства. Падазраваны быў грамадзянскім супрацоўнікам Мінабароны.

Ваенная контрразведка некалькі месяцаў сачыла за дзейнасцю мужчыны і збірала доказы яго агентурнай работы. Афіцэры адсочвалі дзейнасць падазраванага, старанна дакументавалі і аналізавалі яго дзеянні, у сувязі з чым сабраная доказная база ацэньваецца як дастаткова моцная. Паводле неафіцыйных паведамленняў польскіх СМІ, ён быў супрацоўнікам Дэпартамента стратэгіі і абароннага планавання. У прыватнасці, мужчына вёў рэестр аб'ектаў, якія маюць асаблівае значэнне для бяспекі краіны.

У апошнія месяцы перад арыштам дзеянні чыноўніка цалкам кантралявала Служба вайсковай контрразведкі.

Па дадзеных следства, чыноўнік сярэдняга звяна Уладзімеж П. падазраецца ў супрацоўніцтве з расійскай і беларускай разведкамі. Калі яго віна будзе даказаная, яму пагражае пазбаўленне свабоды ад васьмі гадоў да пажыццёвага пакарання.

Сёння стала вядома з неафіцыйных крыніц, што падазраваны выязджаў у Беларусь.

Намеснік міністра абароны Польшчы Станіслаў Узёнтэк сказаў Польскаму радыё, што цягам трох месяцаў, бо на такі перыяд суд выдаў пастанову аб затрыманні мужчыны, следчыя органы высунуць яму абвінавачанне альбо, у выпадку адсутнасці доказаў, ён будзе вызвалены.

- Следчыя органы павінны даць адказ на пытанне і высветліць яго прыватныя замежныя падарожжы, узровень доступу да сакрэтнай інфармацыі, а таксама кантакты з замежнымі грамадзянамі, у тым ліку за мяжой. Важным таксама застаецца пытанне, ці падазраваны захоча супрацоўнічаць са следствам. І тады канчаткова будзе прынятае рашэнне, што рабіць далей.

У сваю чаргу іншы намеснік міністра абароны Конрад Галота сказаў Польскаму радыё, што затрыманне падазраванага сведчыць пра добрую працу польскіх спецслужбаў.

- Гэта поспех Службы ваеннай контрразведкі, што яны выйшлі на след падазраванага. Дарэчы, ён не спадзяваўся затрымання і быў здзіўлены, што па яго прыйшлі. Расія, як і іншыя недружалюбныя краіны, будуць надалей дзейнічаць праз сваю агентуру, каб даведацца, што мы робім і што плануем у галіне абароны. Але праца нашых контрразведчыкаў сведчыць пра тое, што мы падрыхтаваныя на такога роду пагрозы.

Палітык апазіцыйнай сацыял-дэмакратычнай партыі Мацей Канечны зазначае, што расійская разведка заўсёды была актыўная ў Польшчы. А тое, што польскім спецслужбам удалося затрымаць расійскага агента, гэта – пазітыўная навіна.

- Расійская разведка заўсёды цікавілася Польшчай. І калі мы затрымалі шпіёна, гэта значыць, што наша разведка добра працуе. Мы жывём у такой, а не іншай рэчаіснасці, і задача польскіх спецслужбаў – выкрываць і нейтралізаваць замежных агентаў. Такім чынам, гэта добрая навіна.

Дзейнасць расійскіх спецслужбаў у Польшчы актывізавалася пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. З лютага 2022 года ў Польшчы ўзбуджана 71 крымінальная справа аб шпіянажы на карысць Расіі і Беларусі.

Аднак расійскія агенты не абмяжоўваюцца шпіянажам. Да кастрычніка 2025 года ў краіне па падазрэнні ў дыверсіях, у тым ліку на чыгунцы, затрымалі 55 чалавек. З іх 11 беларусаў.

Расійскія агенты прыцягваюць людзей для дыверсій, абяцаючы вялікія ўзнагароды, у асноўным праз Тэлеграм-чат.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл