Forsal паведамляе, што на тэрыторыі былога беларускага ваеннага аэрадрома Крычаў–6 ідуць інтэнсіўныя працы па пераўтварэнні яго ў ваенную базу. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць тэхніку, якая можа быць элементамі расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік». На думку экспертаў, тое, што адбываецца ў Беларусі, можа быць часткай больш шырокага плана Расіі.
У цэнтральнай частцы аб’екта заўважылі як мінімум шэсць машын, памеры якіх адпавядаюць расійскім пускавым устаноўкам балістычных ракет сярэдняй далёкасці. Хоць якасць здымкаў не дазваляе дакладна ідэнтыфікаваць тэхніку, яе прапорцыі супадаюць з дадзенымі, якія раней публікавала мінабароны Расіі.
9 лютага на здымках былі бачны канструкцыі, падобныя да двух вялікіх ангараў. Побач з імі — каля 25 адзінак рознай ваеннай тэхнікі, земляныя валы і збудаванні незразумелага прызначэння. Эксперты мяркуюць, што былы аэрадром хутка перабудоўваецца ў сучасную ваенную базу.
Фатаграфіі кампаніі Planet Labs, прааналізаваныя Беларускай службай Радыё Свабода, паказваюць таксама машыны, падобныя да транспарцёраў комплексу «Арэшнік». Раней амерыканскія даследчыкі з Middlebury College ужо называлі гэты раён верагодным месцам размяшчэння сістэмы. Журналісты Свабоды параўналі свае высновы з відэа, апублікаваным 30 снежня міністэрствамі абароны Беларусі і Расіі, і мяркуюць, што яно было знята менавіта каля Крычава.
Аналітык па ядзерным стрымліванні Дэкер Эвелет з амерыканскага цэнтру CNA адзначыў у сацсетцы X, што новыя здымкі пацвярджаюць прысутнасць расійскай зброі. На яго думку, на месцы могуць знаходзіцца як мінімум дзве, а магчыма і тры пускавыя ўстаноўкі.
Украінскі вайсковы эксперт Іван Крычэўскі з Defense Express лічыць, што Расія паслядоўна стварае ў Беларусі інфраструктуру для «Арэшніка». Аднак ён не выключае і элементаў дэзінфармацыі — стварэння фальшывых пазіцый, каб уводзіць у зман выведку.
«Арэшнік» — расійскі ракетны комплекс, пра які неаднаразова згадваў Уладзімір Пуцін. Далёкасць ракеты ацэньваецца прыкладна ў 4000 кіламетраў, а яе баявая частка здольная несці да шасці незалежных боегаловак — звычайных або ядзерных.
нг