Гэта ўжо чацвёрты былы намеснік Шайгу, якога абвінавачваюць у карупцыі. Правая рука Сяргея Шайгу, яго шматгадовы намеснік у розных ведамствах, якія Шайгу ўзначальваў. Магчыма наступным будзе сам Шайгу, ён можа стаць першым высокапастаўленым чыноўнікам, які будзе пакараны за час праўлення Пуціна.
Цалікава абвінавацілі ў стварэнні злачыннай групоўкі, легалізацыі злачынных даходаў, растратах на 6 мільярдаў рублёў і хабары. Нягледзячы на цяжкасць абвінавачанняў, следства і суд праявілі да Цалікава незвычайную для сябе паблажлівасць — адправілі яго пад хатні арышт, а не ў СІЗА.
Цалікаў стаў чацвёртым былым намеснікам Шайгу, які трапіў пад крымінальны пераслед. Перад імі за краты трапілі Цімур Іваноў, Дзмітрый Булгакаў, Павел Папоў. Усе яны, акрамя Цалікава, знаходзяцца ў зняволенні.
Расійскія журналісты звярнулі ўвагу, што дакладнасць, з якой зачышчаецца клан Сяргея Шайгу — фактычна «пад корань», — дэманструе, наколькі вырас градус канфліктаў унутры вертыкалі ўлады. Мы запыталіся ў нашага аглядальніка Паўла Ўсава, ці ён пагаджаецца з такім меркаваннем.
— Час ад часу мелі месцы розныя сутыкненні сярод расійскіх эліт. Можна згадаць, артышт міністра фінансаў Улюкаева. Цяпер мы маем дачыненне з абвастрэннем унутры элітных канфліктаў у выніку маштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, а больш дакладна ў звязку з правалам расійскага камандавання ў гэтай вайне. Калі стала відавочна, што падыход «Кіеў за тры дні» не спрацаваў, у першую чаргу з-за вялізарнай карупцыі, трэба знайсці вінаватых у паразе ва Украіне. На фоне гэтых праблемаў, улады вымушаныя скормліваць «тлустых катоў» незадаволенай публіцы, каб супакоіць грамадскія настроі.
Слухайце размову ў аудыёфайле
Размаўляў Юры Ліхтаровіч