Беларуская Служба

Мілітарызацыя расійскай эканомікі суправаджаецца пераразмеркаваннем уласнасці

16.03.2026 15:23
Пасля распаду СССР у Расіі ўлады будавалі рынкавую эканоміку, якая абапіралася на прыватную ўласнасць. Падыход змяніўся разам з агрэсіяй Крамля ва Украіну.
Аўдыё
  • Эксперт пра мілітарызацыю расійскай эканомікі
Ілюстрацыйнае фотаEPA/ANATOLY MALTSEV

У Расіі пачалася масавая нацыяналізацыя прадпрыемстваў: спачатку забіралі актывы заходніх фірмаў, што сышлі з расійскага рынку, цяпер пачалі забіраць з палітычных меркаванняў.

На пачатку 2000-ых гадоў заходнія даследчыкі называлі Расію «нармальнай краінай». Маўляў, улады развіталіся з камуністычным мінулым ды перашлі да будаўніцтва дэмакратыі з капіталізмам. Аднак, за апошнія 20 год у Расіі засталося ўсё менш нармальнасці. Замест выбараў ды прававой дзяржавы, фальсіфікацыі ды масавыя рэпрэсіі. У эканоміцы ўсё больш аддаляюцца ад прынцыпу «прыватнай уласнасці».

Расійская «Новая газета» палічыла, што з лютага 2022 года расійская дзяржава забрала ў бізнеса больш за 500 прадпрыемстваў. Эксперты зазначаюць, што ў Расіі адбываецца перадзел уласнасці ў інтарэсах «блізкага кола» Пуціна. Гучаць высновы, што гэта пераход да паўночнакарэйскай мадэлі, каб сярод эліт не засталося аўтаномных людзей, а толькі залежныя ад Крамля, і гатовыя паміраць разам з рэжымам.

Гэтую тэму мы абмяркоўваем з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.

— Дадзены працэс інтэнсіфікаваўся пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны, калі стала зразумела, што вайну за тры дні не скончыш. Пуцін заявіў тады пра неабходнасць пераводу гаспадаркі на вайсковыя рэйкі. Такі пераход патрабуе цэнтралізацыі ды канцэнтрацыі рэсурсаў у адных руках. Падчас згаданага працэсу мілітарызацыі, як гэта часта адбываецца ў Расіі, розныя групы інтарэсаў, асабліва сілавікі, намагаюцца пераразмеркаваць уласнасць, забіраючы лепшыя кавалкі. Адначасова мы назіраем за тым, як высокапастаўленыя чыноўнікі ды сілавікі працягваюць «даіць» расійскую гаспадарку, зарабляць на вайсковых замовах ды адкатах. Разам з тым, такая цэнтралізаваная эканоміка патрабуе больш жорсткіх метадаў кіравання з сапраўдным пакараннем за карупцыю. У Расіі гэтага не назіраецца, наадварот, карупцыя застаецца важным элементам сістэмы. Карупцыянеры займаюцца пераразмеркаваннем уласнасці, а не дзяржава. Каб было наадварот, у Расіі патрэбна вяртанне да смяротнага пакарання ды чыстак чыноўнікаў. Пуцін на гэта не ідзе, бо ад карумпаванай эліты залежыць захаванне Пуціным улады.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аудыёфайле

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі