Беларуская Служба

Польскія салдаты не павінны гінуць у імя ізраільскай авантуры – дэпутат Сейму Польшчы пра падзеі на Блізкім Усходзе

16.03.2026 16:13
Дональд Трамп запатрабаваў, каб НАТА дапамагло ЗША і Ізраілю на Блізкім Усходзе.
Аўдыё
  • Польскія салдаты не павінны гінуць у імя ізраільскай авантуры – дэпутат Сейму Польшчы пра падзеі на Блізкім Усходзе
 Arrhenius   .
Газавоз Arrhenius пакідае порт Антверпена. Ілюстрацыйны здымакPAP/EPA/OLIVIER HOSLET

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў, што НАТА чакае вельмі дрэнная будучыня, калі саюзнікі ЗША не дапамогуць адкрыць Армузскі праліў, тым самым даслаўшы еўрапейскім краінам відавочны сігнал далучыцца да ваенных дзеянняў у Іране. Некаторыя еўрапейскія дзяржавы ўжо адказалі амерыканскаму прэзідэнту. Так, урад Германіі адхіліў патрабаванні Трампа аб удзеле ў аперацыі для абароны Армузскага праліва ад іранскіх атакаў. А што думаюць у Польшчы на гэты конт?

У нядзелю прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што НАТА «чакае вельмі дрэнная будучыня», калі саюзнікі не дапамогуць аднавіць праход праз стратэгічна важны Армузскі праліў. Пасля пачатку аперацыі ЗША і Ізраіля Іран фактычна заблакаваў праліў, праз які праходзіць значная частка сусветнай здабычы нафты.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер сказаў, што яго краіна ўцягнутая ў распрацоўку сумеснага з партнёрамі плана для разблакавання руху суднаў праз Армузскі праліў, але не ў рамках НАТА.

У сваю чаргу прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Парыж разам з саюзнікамі рыхтуе «чыста абарончую» місію для выхаду з Персідскага заліва заблакаваных там суднаў, у прыватнасці, нафтавых танкераў.

Падчас візіту на Кіпр, дзе зараз стаіць на якары французскі авіяносец «Шарль дэ Голь», Макрон паведаміў, што Францыя і іншыя саюзнікі рыхтуюць аперацыю для разблакавання Армузскага праліва.

— Мы рыхтуем чыста ахоўную, чыста суправаджальную місію, якая будзе арганізаваная сумесна з еўрапейскімі і нееўрапейскімі дзяржавамі і якая дазволіла б — як толькі гэта стане магчымым — эскартаваць кантэйнеравозы і танкеры, каб паступова аднавіць рух праз Армузскі праліў, — заявіў прэзідэнт Францыі.

Ён дадаў, што ў цэлым Францыя прыцягне ў Міжземным, Чырвоным моры і ў раёне Армузскага праліва восем фрэгатаў, два верталётаносцы і авіяносец «Шарль дэ Голь».

А вось урад Германіі катэгарычна адхіліў патрабаванні Трампа аб удзеле ў аперацыі для абароны Армузскага праліва ад іранскіх атакаў.

Прадстаўнік урада Германіі Штэфан Карнеліус заявіў, што НАТА не мае мандата на правядзенне аперацый у праліве, бо Альянс зʼяўляецца абароннай структурай.

— Гэтая вайна не мае нічога агульнага з НАТА. Гэта не вайна НАТА, — заявіў прадстаўнік урада.

Карнеліюс запэўніў, што Берлін не будзе ўдзельнічаць у ваеннай абароне Армузскага праліва.

— Пакуль гэтая вайна працягваецца, не будзе ніякага ўдзелу ў любых намаганнях па ўтрыманні Армузскага праліва адкрытым ваеннымі сродкамі, — удакладніў ён.

Падобнага меркавання, што і еўрапейскія партнёры, прытрымліваюцца шматлікія польскія палітыкі.

Вайна з Іранам — гэта не вайна НАТА, так кароткімі словамі пракаментаваў патрабаванні Трампа дэпутат ад кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі» Марыюш Вітчак у эфіры Польскага радыё. Ён звярнуў увагу на тое, што рашэнне аб пачатку вайны з Іранам было прынятае не Паўночнаатлантычным альянсам, у сувязі з чым краіны НАТА не абавязаныя дапамагаць Злучаным Штатам у Армузскім праліве.

— Гэтыя ваенныя дзеянні пачаліся ў выніку індывідуальнага рашэння ЗША. Хачу звярнуць увагу на тое, што калі гаварыць пра гэтую канкрэтную аперацыю, то на палях НАТА не было ніякай дыскусіі аб яе пачатку. Гэта не вайна НАТА.

Польшча не павінна ўмешвацца ў канфлікт на Блізкім Усходзе, мяркуе дэпутат польскага Сейму ад сацыял-дэмакратычнай партыі «Разам» Мацей Канечны.

– Польшча і Еўрасаюз не могуць быць уцягнутыя ў вайну ЗША і Ізраіля супраць Ірану. Гэта вайна, якую развязаў Ізраіль у сваім жа інтарэсе за кошт ЗША і таксама за наш кошт, бо рост цэн на АЗС — вынік гэтай палітычнай авантуры. Мы не павінны трапіць у сітуацыю, калі ад нас будуць чакаць, што менавіта польскія салдаты будуць гінуць у імя ізраільскай авантуры.

Мацей Канечны таксама дадаў, што галоўным зацікаўленым гульцом у вайне супраць Ірану зʼяўляецца Ізраіль, і менавіта гэтая краіна найбольш зацікаўленая ў знішчэнні Тэгерану.

— Мы заўсёды дапамагалі НАТА, падтрымлівалі ў пытанні Украіны, хоць тое, што там адбываецца, на нас не ўплывае, бо нас дзеліць акіян, аднак мы дапамаглі. Мне цікава, якая дзяржава нам дапаможа ў гэтак малой аперацыі, як адкрыццё Армузскага праліва?, — заявіў Дональд Трамп. А пасол ЗША у ААН сказаў наўпрост: мы патрабуем, каб іншыя краіны выслалі свае ваенныя караблі ў Армузскі праліў.

Польшча не можа далучыцца да аперацыі хоць бы па той прычыне, што на Блізкім Усходзе не мае адпаведных сіл для ўдзелу ў ёй, дыпламатычна сказаў намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык.

— У Польшчы няма сіл у тым рэгіёне свету, таму мы не з’яўляемся адрасатам гэтага звароту: ён накіраваны да дзяржаў, якія аперуюць на Блізкім Усходзе. Гэта, напрыклад, Францыя і Вялікабрытанія, якія маюць вайсковыя базы на цэлым свеце. І я так разумею, што гэты зварот быў накіраваны ім.

Я хачу звярнуць увагу на тое, што Трэцяя сусветная вайна дэ-факта ідзе, бо ў ваенныя дзеянні заангажаваныя шматлікія дзяржавы, не толькі на Блізкім Усходзе, але гэта таксама Украіна і Расія. Актуальна мы можам назіраць за эскалацыяй канфлікту. І таму неабходна рабіць усё, каб гэтая эскалацыя не працягвалася.

Нагадаем, 28 лютага ЗША і Ізраіль пачалі ваенную аперацыю супраць Ірана. Яны нанеслі ўдары па абʼектах на тэрыторыі Ісламскай Рэспублікі, у тым ліку ў Тэгеране. Іранскі бок у адказ атакаваў тэрыторыю Ізраіля, а таксама амерыканскія ваенныя абʼекты на Блізкім Усходзе.

вс

слухайце аўдыёфайл