Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі выпускае палітычных зняволеных узамен за адмену санкцый

23.03.2026 15:12
Ці гэты падыход можа змяніць сітуацыю ў Беларусі? Пра гэта размова з палітолагам Паўлам Усавым.
Аўдыё
  • Эксперт пра кантакты Мінску з Вашынгтонам
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Artur Reszko

Пры канцы мінулага тыдня рэжым Лукашэнкі вызваліў 250 беларускіх палітычных вязняў. Гэта адбылося ў выніку чарговых перамоваў амерыканскіх дыпламатаў у Менску. Сярод вызваленых — журналістка Кацярына Андрэева, блогер Эдуард Пальчыс, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Анастасія Лойка, Марфа Рабкова.

Узамен Вашынгтон зняў санкцый з «Белінвестбанка», Банка развіцця і Міністэрства фінансаў. Пачаліся размовы пра набыццё радовішча калійных санкцый у Беларусі.

ЗША працягваюць перамовы з Лукашэнкам і за выпуск людзей паслабляюць санкцыі супраць беларускага рэжыму. Ці гэта дазволіць Лукашэнку вырвацца з міжнароднай ізаляцыі, куды ён сябе загнаў рэпрэсіямі пасля 2020-га года. Пра гэта мы запыталіся ў нашага аглядальніка палітолага Паўла Усава.

— Магчымасці вырвацца з міжнароднай ізаляцыі пакуль што ў Лукашэнкі няма. Гэты працэс, калі ён пачнецца, зацягнецца на некалькі год. У стратэгічным і геапалітычным плане гэта не вырашыць праблему Беларусі, якая застаецца пад сістэмным уплывам Расіі са сталай вайсковай прысутнасцю. РФ па сутнасці не мае цяпер абмежавання ў Беларусі. Мы бачым як сёння Расія інтэнсіўна развівае вайсковую інфраструктуру ў Беларусі, гэта і Арэшнік і вайсковыя абʼекты звязаныя з ядзерным маніторынгам і дадатковымі станцыямі абслугоўвання. Усё сведчыць пра сістэматызацыю расійскай прысутнасці ў Беларусі. Пазбавіцца ад яе можна будзе толькі ў выпадку разбурэння самой Расіў, як было з Савецкім Саюзам.

Якую тады гульню вядуць ЗША з Мінскам?

— Я не бачу пакуль ніякай гульні, тут хутчэй асабістыя амбіцыі Трампа, які любіць хуткія і простыя рашэнні складаных пытанняў. Ён выкарыстоўвае такія метады на ўсіх кантынентах, мы бачылі прыклады ў дачыненні да Мадуры, да Кубы, а зараз з’явіліся прэтэнзіі да прэзідэнта Калумбіі. У Еўропе ў ЗША ёсць дзве праблемы — Лукашэнка і вайна ва Украіне. Трамп хацеў бы вырашыць іх вельмі хутка, падпісаць мір ва Украіне. У Беларусі ж ён разумее, што вайсковым уздзеянням ці шантажом нічога не зварушыць, бо маштабныя санкцыі дзейнічаюць ужо 5 год, таму ЗША вырашылі паспрабаваць метад гандлю.

Што атрымлівае Лукашэнка?

— Перш за ўсё Лукашэнка атрымлівае ўнутраную стабілізацыю. Услед за ЗША верагодна Еўропа адмовіцца ад сілавых праектаў уздзеяння на рэжым Лукашэнкі. На фоне аслаблення апазіцыі гэтыя кантакты легітымізуюць Лукашэнку, з якім зноў трэба мець стасункі і кантакты з прычыны таго, што ён трымае ўладу ў Беларусі. Таксама еўрапейцы будуць вымушаныя нейкім чынам выбудаваць зноў адносіны з Лукашэнкам, каб забяспечыць свае межы і вырашыць праблемы з бяспекай.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч