84 гады таму, 28 сакавіка 1942 года, была створаная Гвардыя Людова (Народная гвардыя) – ваенная падпольная арганізацыя Польскай рабочай партыі, якая дзейнічала на акупаваных Германіяй польскіх тэрыторыях, змагаючыся супраць гітлераўскіх захопнікаў.
Створаная камуністамі Гвардыя Людова (ГЛ) была перайменаваная ў Армію Людову (АЛ) па дэкрэце Краёвай Нацыянальнай Рады 1 студзеня 1944 года. Партызанскія атрады ГЛ-АЛ дзейнічалі галоўным чынам на польскіх землях і ў некаторых раёнах, якія да 1939 года былі ў складзе Польшчы, а пасля нападу Сталіна на Польшчу 17 верасня перайшлі да Савецкага Саюзу. У канцы 1943 года колькасць ГЛ, паводле ацэнак некаторых гісторыкаў, складала каля 10 тыс. чалавек, з іх звыш 1 тыс. знаходзіліся ў партызанскіх атрадах. Пры гэтым гісторык Пётр Гантарчык лічыць, што колькаснасць Гвардыі Людовай не была вялікай, хоць у часы ПНР заяўлялася адваротнае.
- Іх было няшмат. У часы ПНР гаварылася, што падчас вайны камуністычны падпольны рух налічваў 30, 40, 50 тыс. чалавек. У некаторых кнігах і прамовах кіраўнік ПНР Уладзіслаў Гамулка казаў пра 100 тыс. Але нават у літаратуры 1990-х гадоў можна прачытаць пра некалькі дзясяткаў тысяч членаў камуністычнага падполля. Аднак як вынікае з архіўных дакументаў, у тым ліку дакументаў Гвардыі Людовай, у піку яе дзейнасці ў шэрагах ніколі не было больш за 3-4 тыс. байцоў. Дарэчы, мала хто ў Польшчы ўвогуле ведаў, што ў некаторых раёнах існаваў такі падпольны рух. І шматлікія людзі ў Люблінскім рэгіёне і іншых частках краіны часта даведваліся пра існаванне Гвардыі Людовай праз шмат гадоў пасля вайны, у 1950-х, 1960-х гадах, пра тое, што на іх тэрыторыі дзейнічаў згуртаваны камуністычны падпольны рух.
Галоўная задача вайсковай структуры заключалася ў дэзарганізацыі і разбурэнні транспартных артэрый ды тэроры супраць акупантаў. У 1942-1943 гадах было ўчынена каля 280 нападаў на пасты і патрулі вермахта ды паліцыі, адбылося больш за 230 баёў з гітлераўцамі. Партызаны пусцілі пад адхон 127 нямецкіх эшалонаў. Найбольш буйныя сутыкненні мелі месца зімой 1942-1943 гадоў пры абароне сялян Замосця (Люблінскае ваяводства) ад дэпартацый, якія праводзіліся нацыстамі, і летам 1943 года ў Парчэўскіх лясах (таксама Люблінскае ваяводства). У ходзе баявых дзеянняў стваралася супрацоўніцтва партызан ГЛ з атрадамі Арміі Краёвай і сялянскіх Батальёнаў Хлопскіх (БХ).
Варта згадаць, што Армія Краёва па палітычнаму прызнаку была правай арганізацыяй, а Батальёны Хлопскія – гэтая баявая арганізацыя Польскай сялянскай партыі. Таксама адзначым, што Армія Краёва – найбуйнейшая ў свеце падпольная армія падчас Другой сусветнай вайны: яна налічвала 350-390 тыс. салдат і афіцэраў.
Пік баявой актыўнасці Арміі Людовай прыпаў на першую палову 1944 года, калі ў яе ўліліся некаторыя атрады БХ і Міліцыі Людовай – парамілітарных атрадаў левых сацыялістаў. Тады, паводле ацэнак, колькасць байцоў АЛ узрасла да 60 тыс. чалавек.
У пачатку 1944 года Армія Людова ўстанавіла кантакт з савецкімі партызанамі, якія дзейнічалі на польскай тэрыторыі, а затым з Польскім партызанскім штабам, якім кіравалі польскія камуністы, што знаходзіліся ў СССР. Тады ж была арганізаваная савецкая дапамога польскім партызанам узбраеннем і кадрамі. Летам і восенню 1944 года было здзейснена каля 1 тыс. узброеных акцый, у тым ліку адбыліся буйныя бітвы з гітлераўцамі ў Яноўскіх і Парчэўскіх лясах, а таксама ў Сольскай пушчы (тэрыторыя зноў жа Люблінскага ваяводства). Каля 500 байцоў АЛ прынялі ўдзел у Варшаўскім паўстанні ў жніўні – верасні 1944 года, узнятым па ініцыятыве камандавання Арміі Краёвай пасля кансультацый з польскім эміграцыйным урадам у Лондане.
З ліпеня 1944 года АЛ увайшла ў склад першай Польскай арміі, створанай у СССР у 1943 годзе пад камандаваннем генерала Зыгмунта Берлінга, пасля чаго апошняя стала называцца Войскам Польскім. Частка кадраў АЛ склала касцяк органаў бяспекі і міліцыі пасляваеннай Польшчы.
У сучаснай Польшчы дзейнасць ГЛ і яе пераемніцы Арміі Людовай ацэньваецца крытычна, часта ў кантэксце ўсталявання камуністычнага рэжыму, хоць пры гэтым існуе памяць пра яе ўклад у змаганне з гітлераўцамі. У прыватнасці, ГЛ разглядаецца як інструмент сталінскай палітыкі, створаны для процівагі законнаму падполлю – Арміі Краёвай, якая падпарадкоўвалася ўраду ў Лондане.
Частка гісторыкаў абвінавачвае ГЛ у правакацыях супраць іншых атрадаў супраціву і ўдзеле ў акцыях, якія прыводзілі да жорсткіх рэпрэсій немцаў супраць мірнага насельніцтва. Пры гэтым варта зазначыць, што Гвардыя Людова прымала ў свае шэрагі яўрэяў і дапамагала ў паўстанні ў Варшаўскім гета, у той час як іншыя нацыяналістычныя групы часам ставіліся да іх варожа. Таксама трэба падкрэсліць, што ГЛ была асноўным каналам для закіду савецкіх дыверсійных груп і каардынацыі з савецкімі партызанамі.
вс
слухайце аўдыёфайл