Беларуская Служба

Хто такі Петэр Мадзьяр, які разграміў партыю Віктара Орбана

13.04.2026 11:06
Апазіцыянер прыбываў на некаторыя сустрэчы з выбарцамі на ровары, а нават на байдарцы.
Петэр Мадзьяр і Віктар Орбан Reuters

Пасля парламенцкіх выбараў у Венгрыі да ўлады прыйдзе новая палітычная сіла. Партыя TISZA на чале з 45-гадовым юрыстам Петэрам Мадзьярам атрымала пераканаўчую перамогу, завяршыўшы 16-гадовае кіраванне Віктара Орбана і яго партыі Fidesz, пішуць на партале forsal.pl.

Мадзьяр сам раней быў часткай уладнай сістэмы Орбана: працаваў у МЗС і прадстаўніцтве Венгрыі пры ЕС, а да 2024 года належаў да Fidesz. Шырокую вядомасць палітык атрымаў пасля скандалу з памілаваннем чалавека, асуджанага ў справе пра педафілію. Тады Петэр Мадзьяр публічна раскрытыкаваў сістэму ўлады, назваўшы Венгрыю «дзяржавай, у якой некалькі сем’яў валодаюць паловай краіны».

Асобную ролю ў яго палітычным узлёце адыграла асабістая гісторыя: з 2006 да 2023 года ён быў у шлюбе з Юдзіт Варгай — міністаркай юстыцыі ва ўрадзе Орбана. Пасля разрыву з уладай Мадзьяр адмовіўся ад пасад у дзяржаўных кампаніях і пачаў адкрыта выступаць супраць былых паплечнікаў. Ён арганізаваў масавыя пратэсты і нават здзейсніў пешы марш на сотні кіламетраў па краіне, каб прыцягнуць увагу да праблем дзяржавы.

Палітык выкарыстаў грамадскае абурэнне, пазіцыянуючы сябе як «інсайдара», і ўзначаліў малавядомую партыю TISZA, якая хутка ператварылася ў галоўную апазіцыйную сілу. Ужо ў 2024 годзе партыя атрымала значны поспех на выбарах у Еўрапарламент.

У сваёй праграме Мадзьяр абяцаў аднаўленне вяршэнства права, разблакаванне сродкаў ЕС, барацьбу з карупцыяй і больш праеўрапейскую палітыку, уключаючы абмежаванне залежнасці ад Расіі.

Падчас кампаніі ён надзвычай актыўна ездзіў па краіне, наведаўшы ўсе выбарчыя акругі, нават самыя аддаленыя. Апазіцыянер прыбываў на некаторыя сустрэчы з выбарцамі на ровары, а нават на байдарцы. Петэр Мадзьяр звяртаўся непасрэдна да выбарцаў праз сацыяльныя сеткі, бо СМІ ў краіне кантралююць людзі, звязаная з камандай Віктара Орбана. Апазіцыйная партыя атрымала 138 месцаў у парламенце, што з'яўляецца канстытуцыйнай большасцю.

эж