Агенцтва ўнутранай бяспекі Эстоніі заклікае сваіх еўрапейскіх партнёраў паскорыць намаганні па больш рашучым пакаранні дыверсантаў, якія працуюць на Расію, паведаміла брытанская газета «Financial Times», якую цытуе агенцтва PAP.
— Расія і яе спецслужбы робяць усё, на што мы ім дазваляем, — прызнаў у інтэрвʼю выданню прадстаўнік эстонскіх службаў Гары Пуўсэп (Harry Puusepp). — Мы можам адбіць іх спробы, але не можам іх цалкам спыніць. (...) Аднак можам зрабіць рэалізацыю іхных планаў максімальна складанай і каштоўнай, — падкрэсліў Пуўсэп.
Ён дадаў, што ў Таліна ёсць разведвальныя дадзеныя, якія пацвярджаюць, што жорсткія тэрміны пазбаўлення волі перашкаджаюць у супрацоўніцтве з Масквой. Паводле яго, такі падыход быў бы «добрым рашэннем» таксама для іншых краін Еўропы.
Газета нагадала, што ўжо два гады Еўропа змагаецца з гібрыднай вайной, якую вядзе Расія, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Як адзначалася, крамлёўскія спецслужбы завербавалі сотні еўрапейскіх грамадзян і бежанцаў для працы ў інтэрнэце, часта за невялікую плату, з мэтай распаўсюджвання дэзінфармацыі і падтрымкі шпіёнскіх аперацый.
Гэтая кампанія выклікала хвалю занепакоенасці сярод еўрапейскіх урадаў, якія пачалі разглядаць адпаведныя меры рэагавання на новыя выклікі. У той жа час, хоць кіраўнікі разведкі публічна выказвалі занепакоенасць маштабам пагрозы, іх пазіцыі адносна контрмер адрозніваюцца, дадае выданне.
Эстонія і Польшча зʼяўляюцца аднымі з самых рашучых у пераследзе дыверсантаў, паведамляе брытанская газета. Аднак іншыя ўрады застаюцца больш неадназначнымі ў сваіх рэакцыях, баючыся эскалацыі напружанасці з Масквой. У той час колькасць інцыдэнтаў, якія падтрымлівае Расія, расце, прызнае газета.
аз