Перамовы аб вызваленні журналіста і актывіста «Саюза палякаў у Беларусі» Анджэя Пачобута з беларускай турмы доўжыліся два з паловай года. У іх былі свае ўзлёты і падзенні. Яны дасягнулі поспеху, калі спецслужбы ажно з сямі краін пагадзіліся на супрацоўніцтва, паведамляе «Gazeta Wyborcza».
— Я зблізку назіраў за вынікамі супрацоўніцтва польскай дыпламатыі, ЦРУ, ФСБ Расіі, КДБ Беларусі, а таксама службаў Казахстана, Малдовы і Румыніі. Калі мы дабраліся да мяжы, асноўнае пытанне было ў тым, ці беларусы выдадуць менавіта Пачобута. Ці не выдадуць нейкага іншага вязня замест яго? Разам з супрацоўнікам Агенцтва ўнутранай бяспекі я падышоў да лініі мяжы, – так сябар Анджэя Пачобута і яго рэдакцыйны калега Барташ Вяліньскі апісвае сваю сустрэчы з палітвязням на мяжы. — Цяжка пісаць, бо Анджэй пастаянна расказвае. Пра тое, як яго перавялі ў калонію ў Наваполацк і з парога ён пачуў крык катаванага вязня. Ахоўнік загадаў новапрыбылым крычаць, каб заглушыць выццё збіванага чалавека, — піша Вяліньскі.
Ад намесніка наглядчыка калоніі Анджэй пачуў: «Пачобут, мы зацікаўленыя, не ў тым, каб ты быў мёртвым, але каб ты быў жывым». Усё ж пра здароўе вязня ў калоніі не клапаціліся.
— Я два гады жыў пры адкрытым акне — зімой і летам, — успамінаў Анджэй Пачобут, дадаючы, што ў ШЫЗА, у якім правёў 167 дзён, у яго не было нічога — ён спаў проста на дошках. Ён успамінае таксама, што ў 2021 годзе яго змясцілі ў камеру для смяротнікаў. — Яны думалі, што адразу ж запалохваюць мяне і зломяць, але я не здаўся, — сказаў Анджэй.
У аўторак, 28 красавіка, яго разбудзілі а 3.00 раніцы і ён падумаў, што яго пераводзяць у Магілёў. Быў здзіўлены, калі яму сказалі забраць свае рэчы.
— Калі супрацоўнікі КДБ заявілі, што я з’язджаю ў Польшчу, я адмовіўся. Я запатрабаваў гарантыяў, што змагу вярнуцца. Тады яны выклікалі прадстаўніка адміністрацыі прэзідэнта і патэлефанавалі паверанаму ў справах польскай амбасады. Я запытаў ці змагу вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў. Беларускія чыноўнікі таксама пацвердзілі, — расказваў Анджэй Пачобут.
Паводле Барташа Вяліньскага, першыя словы Анджэя Пачобута на польскім боку гучалі: «Ці я змогу вярнуцца?». Некалькі хвілін пазней на тэрыторыі памежнага перахода з Беларуссю, вызвалены палітвязень размаўляў ужо з кіраўніком польскага ўраду Дональдам Тускам і міністрам-каардынатарам спецслужбаў Тамашам Сямонякам.
Па дарозе ў Варшаву Анджэй Пачобут рашуча заяўляў, што хоча вяртацца ў Беларусь. На пытанне: Чаму? Ён нагадаў пра свае сустрэчы з прадстаўнікамі польскай меншасці ў Беларусі.
— Яны казалі, што рэжым Лукашэнкі не даруе ім польскасці. А зараз я выеду ў Польшчу? Я не магу іх пакінуць, — заявіў Анджэй Пачобут, які з 25 сакавіка 2021 года знаходзіўся ў зняволенні. Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў яго, між іншым, у «падбухторванні да нянавісці» і «дзеяннях, якія пагражаюць бяспецы дзяржавы».
Абмен, які 28 красавіка, адбыўся на польска-беларускай мяжы, гэта фінал складанай дыпламатычнай гульні, якая працягвалася два гады і была поўная нечаканых паваротаў.
— Усё атрымалася дзякуючы выдатнай працы нашых службаў, дыпламатаў і пракуратуры, а таксама вялікай дапамогі з боку амерыканскіх, румынскіх і малдаўскіх сяброў. Дзякую вам усім ад імя Анджэя Пачобута і ўласнага, — напісаў прэм’ер Дональд Туск у сваім профілі на платформе X і падкрэсліў, што гэты дзень не быў бы магчымы без прэзідэнта Дональда Трампа, ягонага пасланніка Джона Коўла і ўсяго Дзярждэпартамента.
«Gazeta Wyborcza» нагадвае, што дапамагчы ў вызваленні Анджэя Пачобута амерыканцы абяцалі яшчэ ў 2024 годзе, калі Польшча на іх просьбу вызваліла расійскага шпіёна Паўла Рубцова. Аднак па справе Пачобута ЗША сутыкнуліся з сур'ёзным супраціўленнем у Беларусі. Маўляў, Лукашэнка меў да палітвязня асабістыя прэтэнзіі. Раней ужо некалькі разоў беларускі бок заяўляў, што выпусціць Пачобута, а потым не стрымліваў слова, нагадвае газета.
аз