Гэтая непаслядоўнасць у словах і дзеяннях элітаў можа прывесці да перавароту ў Расіі. Пра што пачалі папярэджваць на Захадзе. Сітуацыю каментуе эксперт.
— Лепш без інтэрнэту, чым без цяпла і святла, — заявіў на днях дэпутат расійскай Дзяржазнай Думы Валерый Гартунг, выступаючы ў падтрымку блакіроўкі інтэрнэту ў Расіі. Затое ягоны сын Дзмітрый піша пра тое, як стварыць устойлівы стартап у Дубаі, нахвальваючы «лічбавую сталасць рэгіёну, эфектыўную бюракратыю і нацыянальная прыхільнасць да праектаў аўтаматызацыі спрыяюць стварэнню асяроддзя ўстойлівага развіцця» у ААЭ».
Адкуль такая розніца ў паводзінах прадстаўнікоў пуцінскай эліты. Чыноўнікі заклікаюць да ўсё новых і новых абмежаванняў, а іх дзеці за мяжой кажуць пра ўстойлівае развіццё? Да чаго гэта можа прывесці Расію? З такім пытаннем мы звярнуліся да палітолага Паўла Усава.
— Трэба разумець, што дэкларацыя і барацьба за жыццёвыя інтарэсы Расіі з рэальным раскладам рэчаў не мае ніякага дачынення. У Расіі склалася сістэма закрытай алігархічнай эліты, якая кіруе краінай. Гэта новая арыстакратыя: наполову крымінальная ды сілавая, якая змагаецца выключна за падтрыманне свайго ўласнага існавання. Народ ля гэтай эліты — прыгонны рэсурс, коштам якога можна існаваць і трымаць уладу, але ён павінен быць пад кантролем. Кантроль ажыццяўляецца праз прапаганду і праз забароны на доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі. Адзіную пагрозу новыя арыстакраты бачаць у людзях са зброяй. Таму яны цяпер пачалі палохаць Захад, каб той пагаджаўся на мір, у адваротным выпадку да ўлады могуць прыйсці яшчэ большыя радыкалы ў выніку перавароту.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле