Беларуская Служба

Алесь Міхалевіч: У Беларусі застаецца шанец далучыцца да ЕС

04.05.2026 16:02
Далучэнне да ЕС адчынілі для Польшчы шлях да нармальнасці. У Беларусі падобны шанец быў, але беларускае грамадства ды эліты не былі ментальна гатовыя зрабіць такі выбар.
Аўдыё
  • Міхалевіч: У Беларусі з’явіцца шанец на збліжэнне з ЕС у момант чарговага аслаблення Расіі.
Алесь МіхалевічPolskie Radio dla Zagranicy

Цяпер такая гатоўнасць ёсць, але шанец на збліжэнне з ЕС з’явіцца ў момант чарговага аслаблення Расіі. Аслабленне Масквы абавязкова адбудзецца, перакананы былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч.

За апошнія 22 гады ў ЕС польская эканоміка павялічылася больш чым удвая: сукупны рост ВУП Польшчы ў перыяд з 2003 па 2025 год склаў амаль 130%, што з'яўляецца самым высокім паказнікам у ЕС. ВУП на душу насельніцтва павялічыўся з менш чым 50% да больш чым 80% ад сярэдняга ўзроўню па ЕС, абагнаўшы Грэцыю. Згодна з прагнозамі Міжнароднага валютнага фонду, сёлета Польшча абгоніць Іспанію. Да 58% эканамічнага росту Польшчы з 2004 года было абумоўлена членствам у ЕС.

Па суседству з Польшчай знаходзіцца Беларусь, якая ад ЕС аддаляецца, эканоміка краіны застаецца ў асноўным дзяржаўнай, і практычна не зведала ніякіх эканамічных пераўтварэнняў, пішуць спецыялісты CASE.

Ці Беларусь магла б стаць сябрам ЕС? Быў у краіны такі шанец? Ці ён яшчэ будзе? Пра гэта мы паразмаўлялі з Алесем Міхалевічам.

— Польшча стала часткай глабальнай, скажам так, нармальнасці, нармальнай заходняй цывілізацыі. У чым адрозненне ад Беларусі? Сёння мы беларусы верым, што наша месца разам з Еўрапейскім Саюзам, мы верым, што дэмакратыя — гэта добра. Але колькасць беларусаў, якія жылі ў адпаведнасці з дэмакратычнымі працэдурамі, якія ў сваім штодзённым жыцці дамаўляліся, галасавалі, вырашалі, хто будзе імі кіраваць, практычна нулявая. За гэты ж час Польшча прайшла цудоўную не толькі эканамічную, але і палітычную трансфармацыю. Тут ёсць змяняльнасць уладаў, ёсць выбары, ёсць стабільная палітычная сістэма. Яна стала часткай глабальнага, нармальнага Захаду з палітычнай канкурэнцыяй, якая прыводзіць да высокага эканамічнага ўзроўню.Там, дзе нема палітычнай канкурэнцыі, там вельмі цяжка выбудаваць добрую, эфектыўную эканамічную сістэму.

— Я думаю, што Беларусь як грамадства, як людзі, безумоўна, імкнуліся ў ЕС і імкнуцца. Калі ўзгадаць 1991-ый год, Беларусь была найбольш гатовая да ўступлення ў ЕС з эканамічнага, інфраструктурнага гледзішча, з усіх савецкіх рэспублік. Найбольш яна была не гатовая ментальна. Беларусь у часы Савецкага Саюзу была адной з найбольш прывілеяваных частак. На працягу аднаго пакалення сельская нацыя, якая жыла дастаткова бедна, пераехала ў гарады. Людзі атрымалі бясплатна кватэры, адбылася буйная індустрыялізацыя. У нас размяшчаліся сурʼёзныя прадпрыемствы, мы былі там зборачным цэхам Савецкага Саюзу. Большасць беларусаў была настолькі лаяльная і ўдзячная Савецкаму Саюзу, што проста хацела яго адрадзіць. Гістарычна, былі вельмі падобныя працэсы ў Аўстра-Венгерскай імперыі, дзе Чэхія была лаяльная Аўстра-Венгрыі, бо была найбольш эканамічна развітая ды ўмела карыстацца перавагамі, якія даваў вялікі рынак Аўстра-Венгрыі. Большасць беларусаў была вельмі лаяльная Савецкаму Саюзу, і замест таго, каб думаць пра новы вялікі эканамічны праект, дзе нармальная незалежная Беларусь заняла б сваё месца сярод роўных у Еўрапейскім Саюзе, людзі па звычцы спрабавалі адрадзіць і аднавіць тое, што яны зусім нядаўна бачылі. У гэтым была ментальная праблема.

— Я думаю, што за гады незалежнасці Беларусі, нават пры Расіі, у краіне адбылося пераасэнсаванне таго, што Беларусь насамрэч зʼяўляецца часткай Еўрапейскай сямʼі. Калі адкрываеш мапу і бачыш «беларускі балкон», абсалютна натуральна напрошваецца, што Беларусь таксама павінна быць у Еўрасаюзе разам з Украінай, разам з Літвой, Латвіяй, якія зʼяўляюцца нашымі суседзямі. У Беларусі няма публічнай палітыкі, у Лукашэнкаўскай уладзе ёсць адзін палітык, усе астатнія яму падпарадкоўваюцца, таму трэба памятаць, што як у Польшчы шлях да Еўропы ў значнай меры і шлях да НАТА рабілі людзі, якія яшчэ нядаўна былі ў Польскай абʼяднанай рабочай партыі, людзі, якія ў тэорыі павінны былі выступаць за вялікую Расею. Я ўпэўнены, што сярод беларускіх чыноўнікаў у той момант, калі адбудзецца аналаг дзевяноста першага года, гэта значыць дэзінтэграцыя Расіі, усе беларускія эліты скажуць у адзіным парыве, што ну яшчэ нядаўна мы былі з Расіяй, бо гэта быў правільны выбар, бо Украіна паспрабавала, яе пабілі вельмі моцна, мы не хацелі, каб з намі было тое самае, затое цяпер нам трэба сыходзіць на Захад. Я нядаўна глядзеў вынікі фокус групаў з беларускімі чыноўнікамі. Яны вельмі рацыянальныя людзі. На ўсе пытанні геапалітычнага выбару — адказ адзіны — Саюз з Расіяй. Далей, ішоў блок адукацыйных і цывілізацыйных пытанняў. Куды б вы аддалі сваіх дзяцей вучыцца? У Еўрапейскі Саюз. Якая мадэль для Беларусі найбольш прыдатная? Мадэль Еўрапейскага Саюзу, ці мадэль там Заходніх краін. Па ўсіх пытаннях апроч геапалітычнага выбару прасочваецца, што людзі прызнаюць вартасць ЕС, і лічаць, што туды нам трэба рухацца. Цяперашні выбар Расіі, тлумачыцца тым, што вось Украіна паспрабавала і прыйшоў расійскі абʼюзэр і пачаў біць, і таму нам трэба гэтага пазбегнуць. То бок, у людзей, як мне здаецца, вельмі рацыянальнае мысленне, і калі зʼявіцца шанец, а ён будзе тады, калі пачнецца паслабленне сённяшняй Расіі. Яно абавязкова пачнецца.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле