Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы рыхтуе маштабную рэформу правілаў атрымання польскага грамадзянства. Пра гэта паведамляе партал Money.pl. Новаўвядзенні могуць істотна ўскладніць працэдуру для замежнікаў, якія хочуць атрымаць польскі пашпарт.
Згодна з прапановамі ўрада, кандыдаты на грамадзянства павінны будуць здаць спецыяльны экзамен прыкладна з 40 пытанняў. Тэст будзе правяраць веданне польскай гісторыі, культуры, дзяржаўных інстытутаў, законаў і асноўных каштоўнасцяў краіны.
Акрамя таго, плануецца павысіць патрабаванні да ведання польскай мовы. Цяпер дастаткова ўзроўню B1, але ўрад хоча падняць планку да B2.
Яшчэ адна істотная змена — неабходнасць падпісаць так званы акт лаяльнасці да Польшчы. Улады таксама хочуць, каб прэтэндэнт меў польскую падатковую рэзідэнцыю і з дапамогай тэсту пацвердзіў сваю інтэграцыю ў польскае грамадства.
Асобна прапісваецца і патрабаванне адносна тэрміну пражывання. Замежнік павінен будзе пражыць у Польшчы не менш за восем гадоў. Кіраўнік МУСіА Марцін Кервіньскі падкрэсліў, што менавіта такі тэрмін фактычна ўжо дзейнічае на практыцы.
На гэтым фоне працягваюцца палітычныя спрэчкі. Прэзідэнт Караль Наўроцкі раней прапаноўваў павялічыць мінімальны тэрмін пражывання да 10 гадоў. Яшчэ больш жорсткі праект прапаноўвалі дэпутаты партыі PiS — яны хацелі ўвесці моўны экзамен на ўзроўні C1 і дзесяцігадовы тэрмін знаходжання ў краіне.
Аднак у студзені польскі Сейм адхіліў гэты праект. Цяпер урад Польшчы рыхтуе ўласную версію закона, якая, як адзначаюць у Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі, павінна гарантаваць, што грамадзянства будуць атрымліваць толькі «цалкам інтэграваныя» ў польскае грамадства людзі.
эж