Венгрыя ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны выклікала расійскага пасла пасля атакі РФ на ўкраінскае Закарпацце. Прэм’ер Петэр Мадзьяр заявіў, што Будапешт рашуча асуджае ўдар. Кіеў падзякаваў Венгрыі за рэакцыю.
Новы ўрад Венгрыі таксама перагледзіць фінансаванне і ўмовы рэалізацыі праекта пашырэння адзінай у краіне атамнай электрастанцыі «Пакш».
— Нам патрэбная празрыстая ядзерная стратэгія, — заявіў падчас парламенцкіх слуханняў у панядзелак, 11 траўня, тагачасны кандыдат на пасаду міністра эканомікі і энергетыкі Іштван Капітань.
Паводле яго, гаворка ідзе пра сакрэтныя кантракты з расійскім «Росатамам», якія новаму ўраду яшчэ толькі трэба вывучыць. Прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр, які ўступіў на пасаду 9 траўня пасля перамогі на красавіцкіх выбарах, ужо заяўляў пра гатоўнасць праверыць усе пагадненні па праекце АЭС «Пакш-2». На яго думку, кошт праекта можа быць завышаны. Гэта некаторыя з элементаў перагляду палітыкі Будапешта ў адносінах з Масквой.
А ўжо на наступным тыдні Петэр Мадзьяр наведае Варшаву — гэта будзе ягоны першы візіт у Польшчу на пасадзе кіраўніка ўрада. Пра гэта паведаміла міністарка замежных спраў Аніта Орбан. Яшчэ падчас выбарчай кампаніі лідар партыі «Ціса» анансаваў паездку ў Польшчу. Урад Петэра Мадзьяра ў асноўным складаецца з экспертаў, хоць у ім будуць і былыя палітыкі «Фідэс». Канцылярыю прэм’ера ўзначаліў Балінт Руф. Міністэрства юстыцыі — юрыстка Марта Гёрог, МУС — Габар Пашфаі, а Міністэрства абароны — генерал Ромулус Русін-Сендзі.
Аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW), якая спецыялізуецца на венгерскай тэматыцы, Ілона Гізіньска, кажа, што венгры ўскладаюць вялікія надзеі на новы ўрад.
— Прыгадаем найважнейшыя перадвыбарчыя абяцанні Мадзьяра — хаця для розных сацыяльных груп іх значнасць можа адрознівацца. Найперш гэта вяртанне Венгрыі на выразна праеўрапейскі курс, разрыў з прарасійскай лініяй і пастаянным балансаваннем паміж Усходам і Захадам.
Гаворка ідзе пра больш цеснае супрацоўніцтва з заходнімі партнёрамі, выразную еўраатлантычную арыентацыю, аднаўленне даверу ў рэгіёне і паляпшэнне адносінаў у межах Вышаградскай групы. Гэта асабліва важна, калі ўлічыць, што апошнія гады Венгрыя фактычна была аўтсайдарам, а яе палітыку ўспрымалі як праблемную і такую, што выбіваецца з агульнаеўрапейскага курсу.
Калі казаць пра Еўрасаюз, то Будапешт сапраўды стаў сур’ёзнай праблемай: Віктар Орбан рэгулярна выкарыстоўваў права вета, каб блакаваць санкцыі супраць Расіі, дапамогу Украіне і нават пытанні пашырэння ЕС — у тым ліку адкрыццё перамоўных кластараў. Можна чакаць, што ў большасці гэтых пытанняў Петэр Мадзьяр будзе займаць больш кампрамісную пазіцыю. Палітык сам неаднаразова крытыкаваў злоўжыванне правам вета, і гэта таксама можа стаць важнай зменай.
Калі ж казаць пра ўнутраныя чаканні, то ключавым застаецца эканоміка. У апошнія гады сітуацыя ў Венгрыі пагаршалася: з прыкладна 2022 года большасць макраэканамічных паказчыкаў ідзе ўніз. Пасля пандэміі краіна не можа вярнуцца да ўстойлівага росту і фактычна знаходзіцца ў стане стагнацыі. Гэта таксама сведчыць пра вычарпанне мадэлі росту, якую прапаноўваў урад Орбана.
Мадзьяр абяцае іншы эканамічны курс: вяртанне замарожаных сродкаў ЕС, адыход ад празмернай залежнасці ад аўтамабільнай галіны і вытворчасці акумулятараў у межах буйных кітайскіх інвестыцый, а таксама больш падтрымкі для малога і сярэдняга бізнесу, найперш венгерскага. Пры гэтым прэм'ер абяцае захаваць сацыяльную палітыку, якой ганарыўся ўрад Орбана, і нават дапоўніць яе новымі элементамі. Для выбарцаў, якія сутыкаюцца з ростам кошту жыцця, гэта вельмі прывабныя абяцанні. І ў пэўнай ступені галасаванне за Мадзьяра было таксама «галасаваннем гаманцом» — за лепшы ўзровень жыцця.
— Калі ўжо казаць пра Еўрасаюз, ці надзея на нармалізацыю апраўданая? Мадзьяр падчас кампаніі даволі невыразна выказваўся, напрыклад на тэму адносін ЕС-Украіна. Палітык не казаў адкрыта: «так, падтрымліваем Украіну, даем крэдыты, падтрымліваем уступленне ў ЕС». Ці гэта была выключна выбарчая тактыка?
— Не думаю, што ўсё будзе так, як пры Орбане. Найперш не будзе такога радыкальна антыўкраінскага тону ў публічнай рыторыцы. Уся перадвыбарчая кампанія «Фідэс» фактычна будавалася на антыўкраінскіх настроях. На вуліцах Будапешта на перадвыбарчых плакатах часцей можна было ўбачыць не Орбана, а Зяленскага — і гэта парадаксальна.
У такіх умовах Мадзьяру было складана рабіць выразна праўкраінскія заявы, бо яго адразу абвінавацілі б у абароне чужых інтарэсаў — маўляў, ён працуе на Брусель ці Кіеў. Такія абвінавачанні гучалі нават без адкрыта праўкраінскай пазіцыі былога апазіцыянера. Ён сапраўды быў вельмі асцярожны: сем еўрадэпутатаў ад яго партыі «Ціса» часта ўстрымліваліся або нават галасавалі супраць рашэнняў пра дапамогу Украіне.
Таму пакуль няма падстаў казаць пра адназначную падтрымку. Але з першых заяў пасля выбараў было вядома, што Мадзьяр не будзе блакаваць, напрыклад, European Peace Facility. І так сталася. Што да ўступлення Украіны ў ЕС, ён не падтрымлівае паскораны працэс, але лічыць, што рашэнне павінна грунтавацца на змястоўных крытэрыях. Пры гэтым Мадзьяр, хутчэй за ўсё, не будзе блакаваць адкрыццё новых перамоўных этапаў з Кіевам.
Ён таксама абяцаў правесці рэферэндум адносна ўступлення Украіны ў ЕС. Але калі ён будзе адбывацца паводле правіл, прынятых пры «Фідэс», там дзейнічае вельмі высокі парог яўкі, таму цяжка сказаць, ці гэты інструмент наогул будзе эфектыўным. Пакуль трэба пачакаць і паглядзець, чым перадвыбарчыя заявы будуць адрознівацца ад рэальнай палітыкі пасля прыходу да ўлады.
— Першы візіт Мадзьяра будзе ў Польшчу. Чаму менавіта Варшава? І ці не таму, што ён хоча вывучыць польскі досвед змены ўлады пасля шматгадовага кіравання адной палітычнай сілы?
— Так, безумоўна. Ідэя візіту ў Польшчу з’явілася задоўга да выбараў — ён гаварыў пра гэта яшчэ каля года таму. Варшава для яго — важны пункт адліку і пэўная мадэль таго, як адносна спакойна можна правесці змену ўлады і адсунуць ад кіравання партыю, падобную да «Фідэс».
Ёсць і сімвалічны аспект — традыцыя польска-венгерскага сяброўства, гістарычныя сувязі, да якіх Мадзьяр таксама рэгулярна апелюе. У апошнія гады адносіны паміж Будапештам і Варшавай моцна палітызавалася і пацярпела, таму цяпер ёсць імкненне аднавіць дружбу.
Што да яго магчымасцяў, то цяпер Мадзьяр мае дзве траціны месцаў у парламенце — гэта амаль ідэальны сцэнар. Такая большасць дазваляе яму дэмантаваць сістэму Орбана і правесці сістэмныя рэформы: змагацца з карупцыяй, забяспечыць незалежнасць судоў, змяніць сістэму дзяржаўных тэндэраў і ўзмацніць кантроль за выкарыстаннем еўрапейскіх сродкаў. Менавіта такіх змен чакае Еўрасаюз, каб разблакаваць каля 80 млрд еўра для венграў. І цяпер у Мадзьяра ёсць рэальны шанец зрабіць гэта дэмакратычным шляхам — бо ён мае неабходную парламенцкую большасць.
Слухайце аўдыё!
эж