Беларуская Служба

«Неабходна дзейнічаць вельмі разважліва і спакойна, каб дапамагчы, а не нашкодзіць»

19.05.2026 17:35
Польская меншасць надалей застаецца закладніцай рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі – старшыня Асацыяцыі «Wspólnota Polska».
Аўдыё
  • Вызваленне Анджэя Пачобута не вырашае складанай сітуацыі польскай меншасці ў Беларусі
               , 19  2026
Журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут падчас наведвання Музея Варшаўскага паўстання ў Варшаве, 19 траўня 2026 годаPAP/Paweł Supernak

Вызваленне журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута не вырашае складанай сітуацыі палякаў у гэтай краіне. Польская меншасць надалей застаецца закладніцай рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Суайчыннікам імкнуцца дапамагчы польскія арганізацыі, такія, як Асацыяцыя «Wspólnota Polska», але ў сувязі з сістэматычным пераследам і адсутнасцю бяспекі палякаў у Беларусі неабходны перагляд існуючых стратэгій падтрымкі. Між іншым пра гэта кажа старшыня Асацыяцыі «Wspólnota Polska» Дарыюш Баніслаўскі(Dariusz Bonisławski).

- Вызваленне Анджэя Пачобута пасля пяці гадоў турмы і пяці гадоў інтэнсіўных дыпламатычных намаганняў выклікала пазітыўныя эмоцыі. Як вы адрэагавалі на гэтую навіну?

- З вялікай радасцю і палёгкай, бо для Асацыяцыі «Wspólnota Polska» і для мяне асабіста, Анджэй Пачобут – чалавек, якога я ведаў, з якім працаваў, якога вельмі цаніў і паважаў. Таму я разглядаў ягоную сітуацыю не толькі праз прызму пераследу ў цэлым, але, перш за ўсё, як трагедыю цудоўнага чалавека, гераічнага чалавека, які сапраўды пакутаваў без прычыны. Я вельмі рады, што гэтыя пакуты скончыліся.

- Сам Анджэй Пачобут адразу пасля прыезду ў Польшчу заявіў, што, нягледзячы на пагрозу, хоча вярнуцца ў Беларусь, бо ён не можа пакінуць сваіх суайчыннікаў. З пункту гледжання арганізацыі, якая працуе з польскай абшчынай у Беларусі, ці вы не лічыце, што цяперашняя стратэгія ціску на рэжым у Мінску дастатковая? Ці патрэбныя новыя, больш радыкальныя інструменты для падтрымкі палякаў у гэтай краіне?

- Мне здаецца, што палітыка, якую мы працягвалі ў дачыненні да Беларусі да гэтай пары, мела ўжо шмат формаў, пачынаючы з вельмі дружалюбнай, накіраванай на ўрэгуляванне адносін з Лукашэнкам і мясцовымі ўладамі. Усё дзеля таго, каб палякі, якія жывуць у Беларусі, мелі добрыя ўмовы для жыцця, але таксама і добрыя магчымасці працягвання сваіх нацыянальных традыцый і культуры. Потым быў крызіс, закрыццё межаў і арышты. На дадзены момант мы хочам верыць, што з вызваленнем Анджэя Пачобута і іншых палітычных зняволеных, як беларусаў, так і палякаў, мы можам разлічваць на фарміраванне гэтага супрацоўніцтва ў бяспечным для нашых суайчыннікаў выглядзе. У Беларусі зараз працуюць школы ў фармаце моўных курсаў, дзе можна вывучаць польскую мову, а таксама проста ствараць супольнасць узаемнай падтрымкі. Мы вельмі хацелі б, каб гэтыя мерапрыемствы, а таксама магчымасць прыязджаць у Польшчу для моладзі і дзяцей польскага паходжання з Беларусі, не былі парушаныя падобнымі мерамі, як гэта было ў мінулым. Таму мы разлічваем на Міністэрства замежных спраў, а таксама на ўсе іншыя польскія дзяржаўныя ўстановы, якія дзейнічаюць у гэтай сферы, што яны будуць разважліва, разумна і эфектыўна кіраваць адносінамі з Беларуссю.

- Як польская супольнасць спраўляецца з выклікам, напрыклад, выкаранення польскай мовы ў грамадскіх месцах у Беларусі? Нагадаю, гады таму мы былі сведкамі паступовага закрыцця польскіх школаў у Беларусі. Вы кажаце, што цяпер у Беларусі існуюць альтэрнатыўныя метады або формы адукацыі, якія дазваляюць маладым палякам захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

- Працэс падтрымкі і развіцця польскасці ў Беларусі перажывае складаны перыяд, бо сапраўды польская дзяржава, выкарыстоўваючы такія арганізацыі, як «Wspólnota Polska», пабудавала шэраг Польскіх дамоў і польскіх школ у Беларусі, для прыкладу, школу ў Гродне, будынак якой нядаўна быў прададзены беларускімі ўладамі пасля ранейшай нацыяналізацыі. Гэта, вядома, значна ўскладняе доступ да навучання польскай мовы, стварэння школ і розных устаноў для палякаў, якія там пражываюць. Тым не менш, у цяперашні час няма сітуацыі, якая б перашкаджала функцыянаванню школак, якія працуюць у фармаце моўных курсаў. Зразумела, няма такой школы, як у Гродне, якія працуюць у рамках беларускай адукацыйнай сістэмы, што дазваляла закончыць вучобу здачай экзамену на атрыманне атэстата сталасці. Нагадаю, некаторыя з гэтых польскіх школаў прапанавалі даволі шырокую праграму навучання, у тым ліку гісторыю польскай мовы і гэтак далей. На дадзены момант гэта абмежавана, але не немагчыма. Тым не менш мы спадзяемся, што сітуацыя будзе развівацца ў правільным кірунку. Магчыма, гэта наіўна з нашага боку, але мы лічым, што той факт, што ў цяперашні час дзеці могуць вывучаць польскую мову, нават у выглядзе абмежаванай формы адукацыі, такіх як цяперашнія суботнія школкі або курсы польскай мовы, якія праводзяцца ў асноўным Саюзам палякаў у Беларусі і іншымі арганізацыямі, дае пэўны аптымізм. Мы спадзяёмся, што наступіць стабілізацыя і мы вернемся калі не да сітуацыі, якая існавала на пачатку беларускай незалежнасці, калі за польскія сродкі ўзводзіліся будынкі польскіх школаў і ўстаноў культуры, то прынамсі ў той час, калі было шмат эфектыўных суботніх і дзённых устаноў, а таксама буйных школ, як польская школа ў Гродне, якія дзейнічалі ў рамках мясцовай сістэмы адукацыі. Мы хацелі б у гэта верыць. Мы перакананыя, што гэта дало б карысць як польскай абшчыне, якая там жыве, так і беларускай дзяржаве, бо палякі, якія жывуць у Беларусі, з'яўляюцца грамадзянамі гэтай краіны і хочуць там жыць. Не ўсе зʼязджаюць. Яны хочуць там жыць, развівацца і будаваць сваю будучыню і не ўспрымацца, як нейкая пагроза.

- Важна таксама адзначыць, што рэпрэсіі рэжыму закранаюць не толькі лідараў, як Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс, але і сотні шараговых актывістаў з мясцовых структур Саюза палякаў у Беларусі. Ці Асацыяцыя «Wspólnota Polska» мае магчымасць падтрымаць іх альбо іх семʼі? І якія рэпрэсіі ім насамрэч пагражаюць у Беларусі?

- Так, Асацыяцыя «Wspólnota Polska» шмат гадоў, практычна з самага пачатку, аказвае дапамогу палякам у Беларусі, і перш за ўсё праз сваё аддзяленне ў Беластоку, якое засяроджваецца на гэтым напрамку дзейнасці. Яно аказвае розныя формы дапамогі. Мы клапоцімся пра семʼі, для прыкладу, нашы калегі з Беластока дапамагалі бліжэйшай сямʼі Анджэя Пачобута і іншым семʼям, у тым ліку тым, хто вырашыў зʼехаць з Беларусі з-за пагрозы рэпрэсій. Гэты працэс зараз ідзе. Я б не хацеў тут падрабязна расказваць пра гэта. Тым не менш, такая падтрымка аказваецца. У Польшчу прыязджаюць студэнты, якія ўдзельнічаюць у розных культурных мерапрыемствах, адпачынку, конкурсах. Мы павінны супрацоўнічаць як мага больш, хоць варта памятаць, што міжнародная сітуацыя неспрыяльная для развіцця нашых, скажам так, добрасуседскіх адносін у плане дапамогі тамтэйшым палякам. Дастаткова нагадаць пра закрытыя межы, гібрыдныя дзеянні на мяжы з Беларуссю і г.д. Тым не менш, мы хочам верыць, што дапамога, якую мы аказваем, у першую чаргу праз наша аддзяленне ў Беластоку, будзе павялічвацца і будзе больш эфектыўнай. Пакуль што нашая праца абмежаваная геапалітычнай сітуацыяй, якая прывяла да таго, што трэба дзейнічаць вельмі разважліва, вельмі спакойна, каб дапамагчы, а не нашкодзіць. Гэта няпроста. Нам вядомыя прыклады, напрыклад, у Расіі, дзе ўдзел у працы і праектах розных арганізацый, якія ўключаныя ў спіс забароненых, у які было ўнесенае таксама нашая Асацыяцыя, не палягчае працы. Мы таксама не хочам, каб палякі, якія працуюць з намі, падвяргаліся якім-небудзь непрыемнасцям або рэпрэсіям. Таму працаваць прыходзіцца вельмі разважліва, арыентуючыся на сферы, якія, скажам так, не забароненыя. Хоць з іншага боку, усё можна палічыць пагрозай, калі нехта так захоча. Аднак мы імкнемся да таго, каб гэтая дапамога была памяркоўнай і не нашкодзіла тамтэйшым палякам, у сувязі з нейкімі магчымымі абвінавачваннямі.

- У апошнія гады беларускую тэму на міжнароднай арэне дамінавалі выбары, рэпрэсій і вайна ва Украіне. Ці вызваленне Анджэя Пачобута прычыніцца да вынясення пытання сітуацыі палякаў у Беларусі на міжнародную павестку дня?

- Вызваленне Анджэя Пачобута – гэта сімвалічная падзея, якая, як нам хочацца верыць, адкрые новы этап нармалізацыі адносінаў, што дазволіць на лепшую і больш эфектыўную дапамогу палякам у Беларусі. Ці стануць палякі ў Беларусі абʼектам якіх-небудзь спецыяльных намаганняў або дапамогі з боку міжнароднай супольнасці? Я гляджу на гэта скептычна, бо ў свеце адбываецца шмат іншых дрэнных падзей, шмат трагедый: вайна ва Украіне, сітуацыя ў Сектары Газа, у іншых рэгіёнах, якім патрэбная неадкладная дапамога. У гэтым кантэксце я не думаю, што пазіцыя польскай меншасці ў Беларусі неяк раптоўна зменіцца. Таму Польшча, польскі ўрад, такія арганізацыі, як «Wspólnota Polska» павінны не забываць пра Анджэя і ўсіх палякаў, якія там жывуць, і падтрымліваць іх, як толькі гэта магчыма. Гэта нашыя суайчыннікі, якія памятаюць пра сваю гістарычную радзіму – Польшчу, і памятаюць пра нас – палякаў. Мы – іх адзіная надзея, і мы не можам іх расчараваць, іх чаканні, наколькі гэта магчыма ў сённяшніх рэаліях, - заявіў старшыня Асацыяцыя «Wspólnota Polska» Дарыюш Баніслаўскі (Dariusz Bonisławski).

Асацыяцыя «Wspólnota Polska» была створаная ў 1990 годзе па ініцыятыве тагачаснага спікера Сената (верхняй палаты польскага парламента) прафесара Анджэя Стэльмахоўскага. Галоўная мэта арганізацыі – умацаванне сувязяў з Польшчай і падтрымка польскай дыяспары і палякаў, якія жывуць за мяжой.

Польская служба/аз

Анджэй Пачобут упершыню наведаў Музей Варшаўскага паўстання

19.05.2026 16:15
Пачобуту правялі экскурсію па выставе, ён паглядзеў сімуляцыю палёту над разбуранай сталіцай і падпісаў кнігу наведвальнікаў.