Беларуская Служба

З трэцяга чэрвеня падоўжана забарона на знаходжанне ў памежнай зоне ўздоўж мяжы з Беларуссю

03.06.2026 14:12
У зону забароны не ўваходзяць турыстычныя населеныя пункты і шляхі. 
 -
На польска-беларускай мяжыtwitter.com/Straz_Graniczna

Выданне «Forsal» піша, што з 3 чэрвеня дзейнічае распараджэнне міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі аб падаўжэнні часовай забароны на знаходжанне ў памежнай зоне на ўсходзе Польшчы, на мяжы з Беларуссю. Забарона падоўжана на 90 дзён. Гэтая зона бесперапынна дзейнічае з 13 чэрвеня 2024 года.

Па інфармацыі МУС, забарона на знаходжанне ў памежнай зоне мае на мэце: забяспечыць ахову дзяржаўнай мяжы і яе непарушнасць, забяспечыць грамадскую бяспеку і парадак у памежнай зоне, у прыватнасці, у зоне, непасрэдна прылеглай да дзяржаўнай мяжы, забяспечыць бяспеку супрацоўнікаў і служачых дзяржаўнай службы, а таксама салдат і служачых Узброеных Сіл Польшчы, якія выконваюць службовыя абавязкі на дзяржаўнай мяжы, забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў Польшчы.

Плошча забароненай зоны застаецца нязменнай. Яна ахоплівае ўчастак мяжы працягласцю 78,29 км у межах тэрытарыяльнага ахопу застаў Памежнай аховы ў Міхалове, Нараўцы, Белавежы, Дубічах-Царкоўных і Чарэмсе.

Участак забароненай зоны працягласцю 59,24 км распасціраецца на 200 м ад дзяржаўнай мяжы. Участак працягласцю 15,26 км, размешчаны ў межах прыродных запаведнікаў, шырэйшы — прыкладна на 2 км, а ўчастак працягласцю 3,79 км распасціраецца ўглыб краіны — прыкладна на 4 км.

У зону забароны не ўваходзяць турыстычныя гарады і шляхі. Гэтае выключэнне зроблена, каб мінімізаваць уплыў забароны на жыхароў і турыстаў.

нг