Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі з 2020 года маюць беспрэцэдэнтны характар. Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, за апошнія шэсць гадоў праз крымінальны і адміністрацыйны пераслед прайшлі сотні тысяч чалавек, што стала найбуйнейшай хваляй дзяржаўнага тэрору ў найноўшай гісторыі краіны.
На дадзены момант праваабаронцам вядома пра 863 палітвязняў у Беларусі, але па палітычных матывах асуджана 8 300 чалавек. Дзясяткі тысяч чалавек прайшлі праз адміністрацыйныя арышты, атрымалі шматтысячныя штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту, пікетаванне ці простае выказванне свайго меркавання. Паводле падлікаў ініцыятывы BELPOL сапраўдны маштаб рэпрэсій — гэта мільёны, а дакладныя лічбы будуць вядомыя пасля распаду дыктатуры ў Беларусі. Пра гэта Польскаму радыё распавёў прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар.
— Калі казаць пра рэпрэсіі, то больш за паўмільёна беларусаў прайшлі праз палітычныя рэпрэсіі розных формаў, розных відаў. Каля мільёна беларусаў увогуле зʼехалі з Беларусі за апошнія гады, у тым ліку з-за палітычных рэпрэсій. Але, калі мы гаворым пра палітычных зняволеных, гэта толькі частка рэпрэсаваных людзей. Наогул, на максімальным адрэзку было 1300-1320 чалавек. Але насамрэч рэпрэсаваных нашмат больш. Таму што сістэма стварыла такія ўмовы, пры якіх няма магчымасці даведвацца пра тых ці іншых людзей, якія знаходзяцца ў СІЗА, альбо пра тых, каго асудзілі. Проста няма такой інфармацыі. Плюс вельмі часта мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі сваякі асуджаных людзей, альбо затрыманых за палітыку, проста не хочуць, каб гэтая інфармацыя станавілася публічнай. Яны баяцца, што такім чынам зробяць для сваіх блізкіх і родных толькі горш.
Апошні год важнай часткай рэпрэсій стала абмежаванне інфармацыі пра ахвяры з боку рэжыму, зазначае эксперт.
— Па той інфармацыі, што мы маем зараз, у СІЗА Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў прынцыпе вялізная колькасць беларусаў, якія насамрэч нідзе не ўлічаныя. Усе яны затрыманыя за палітыку. Няма ніякай нават прыблізнай лічбы. У гэтым і праблема. Калі год таму адміністрацыя прэзідэнта ЗША, непасрэдна сам прэзідэнт ЗША, назвалі 1300 палітвязняў, — гэта была абсалютна няправільная лічба. Гэта лічба, якая была ўзятая проста ў нейкі канкрэтны момант, але такіх людзей робіцца больш. Сёння любы затрыманы, ці нават на наступны дзень пасля таго паведамлення пра 1300, ён ужо не ўваходзіць у гэтыя 1300. І што рабіць з гэтымі людзьмі? Прычым большую частку з іх, пераважную большасць гэтых людзей, мы нават не ведаем. Таму, калі казаць пра нейкія магчымасці дыялогу, зняцця санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да Лукашэнкі, гэта магчыма толькі пры фундаментальных зменах унутры Беларусі, калі мы сапраўды даведаемся пра рэальную колькасць беларусаў, якія знаходзяцца ў турмах па палітычных матывах, і калі гэты бясконцы канвеер рэпрэсій спыніцца, гэта значыць не будуць з'яўдяцца новыя ахвяры.
Чаму, на вашу думку, рэпрэсіі працягваюцца, за што цяпер саджаюць людзей, калі ў краіне даўно няма ніякіх пратэстаў?
— Давайце казаць шчыра, за апошнія 4-5 гадоў з Беларусі выехала каля мільёна беларусаў, але не выехалі ўсе беларусы. Калі выходзілі людзі на пратэсты, выходзіла нашмат больш людзей чым мільён беларусаў. Таму сістэма разагнала сябе да такой ступені, што не можа спыніцца. Ёй трэба знаходзіць усё новых і новых ахвяр, ёй трэба ўвесь час трымаць усіх у страху, таму што сістэма вельмі баіцца, што страціць кантроль, як гэта было ў 2017-19 гадах. Калі здавалася, што ўсё пад кантролем, БРСМ працуе, прапаганда працуе, значыць, усё цудоўна. Аказалася, што ўсё наадварот, людзі ненавідзяць уладу і гатовыя з ёй змагацца. Таму для сістэмы трэба ўвесь час выкрываць пагрозы. Вельмі шмат людзей зараз, напрыклад, затрымліваюцца па «справе Гаюна», вельмі шмат людзей затрымліваюцца па розных папярэдніх справах, праводзяцца прэвентыўныя затрыманні людзей. Гэта тыя ж самыя рэпрэсіі, калі людзей затрымліваюць за справы, тэрмін даўніны, якіх мінуў.
Улады ўжываюць практыку «калектыўнай адказнасці» і ціску, звальненням і арыштам падвяргаюцца сваякі актывістаў. Тысячы асоб, якія пераследуюцца, былі вымушаны бегчы за мяжу, дзе іх пераследуюць завочна. Рэжыму важна, каб грамадства было запалоханым, кажа эксперт.
— Яны жадаюць, каб людзі знаходзіліся ў страху, каб людзі знаходзіліся пад пастаянным ціскам. Іх затрымліваюць, правяраюць мабільныя тэлефоны і кампʼютары, абшукваюць, і калі там знаходзяць нешта больш-менш свежае — арыштоўваюць. Гэтым займаецца міліцыя, КДБ, увесь сілавы апарат. Але ў першую чаргу гэтым займаецца зараз ГУБАЗ.
Прадстаўнік BelPol перакананы, што фактычны маштаб палітычных рэпрэсій у Беларусі большы, чым вядома праваабаронцам. Улады імкнуцца схаваць сапраўдную лічбу рэпрэсаваных.
Юры Ліхтаровіч