На календары ўжо ліпень 2026-га года, ідзе пяты год расійскай агрэсіі супраць Украіны. Крэмль задумваў гэтую аперацыю як бліцкрыг, але гэтыя планы праваліліся, наадварот, Расія сама ўсё часцей трапляе пад удары ўкраінскіх дронаў. Напрыклад, вельмі моцна закранутая нафтаперапрацоўчая галіна і ў краіне пачаўся паліўны крызіс. Як на гэтую сітуацыю рэагуе крамлёўская прапаганда, а таксама прапаганда саюзніка Расіі Лукашэнкі, які спачатку падтрымаў Маскву ў гэтай спецаперацыі, а зараз «дае заднюю». Пра гэта мы пагаварылі са старэйшым аналітыкам Цэнтру ISANS Андрэем Каліхам.
— Найперш ні Крэмль, ні яго ідэолагі не чакалі, што ўсё пойдзе не па плане. Гэта назіраецца асабліва на працягу апошніх некалькіх месяцаў, і я б нават сказаў, што цяпер мы знаходзімся ў пераломным моманце, калі Украіна стала мацнейшай, а Расея стала слабейшай. Гэты пералом павольны, але ён заўважны ўсяму свету, і многія аналітыкі адзначаюць, што ў Расіі ўсё менш шанцаў перамагчы ў гэтай вайне і ўвогуле выйсці «сухой» з гэтай вайны. Гэта адбіваецца на наратывах уладаў, што да расійскай прапаганды, то тут усё больш расце расчараванне і нават раздражненне ходам вайны і гібеллю вялікай колькасці расійскіх грамадзян на вайне. Да ўсяго іншага дадаўся зараз паліўны крызіс, які дайшоў літаральна да ўсяго насельніцтва, гэта значыць усе грамадзяне так ці інакш адчулі на сабе няўдачы расейскага войска і пуцінскага рэжыму.
У матэрыялах ISANS гаворыцца пра тое, што лукашэнкаўская прапаганда пачынае, можна так сказаць, «даваць заднюю» з крытыкай Украіны. Ці праўда гэта і чаму гэта адбываецца?
— Гэта абсалютная праўда, але тут трэба сказаць некаторую перадгісторыю. Справа ў тым, што з 2020-га года Беларусь знаходзіцца не толькі ў фінансавай ці эканамічнай залежнасці ад Расіі, але яшчэ і ідэалагічнай залежнасці. Увесь гэты час беларуская прапаганда, беларускія ідэолагі і сам Лукашэнка змушаныя былі паўтараць крамлёўскія прарасійскія наратывы. Гэта датычылася і падрыхтоўкі да вайны ва Украіне, да поўнамаштабнага ўварвання, гэта датычылася і першых месяцаў, першых гадоў уварвання. Беларуская прапаганда спраўна паўтарала тое, што казалі расейскія федэральныя каналы. Аднак тое, як асвятляе цяпер беларуская прапаганда вайну, усё ж моцна адрозніваецца ад таго, што казала расійская прапаганда. Гэтыя адрозненні можна звесці да формулы «не наша вайна» — гэта першае, а другое — Беларусь, гэта мірная краіна, і гэта падкрэсліваецца заўсёды, мірная і нейтральная краіна, і трэцяе, што рабілася ўсё гучней з 2024 года — «Беларусь ніколі не ўступіць у гэтую вайну, вы не дасце ўцягнуць нас у гэтую вайну». Гэта паўтарае і сам Лукашэнка, як першакрыніца ўсіх гэтых наратываў, і за ім гэта паўтараюць усе прапагандысцкія каналы.
Дарэчы, нават лукашэнкаўскі вядомы прапагандыст Азаронак пачаў казаць пра неабходнасць мірных перамоваў. Гэта спрабуюць абкатваць на Беларусі, каб потым увесці ў Расію, ці не?
— Не, расійская прапаганда — гэта прапаганда на знішчэнне. Тут абсалютна ўсе масты спалены, дзверы зачынены, кантакты перарваны. Для іх Украіна павінна быць знішчана, Украіна — гэта наогул не дзяржава, украінцаў няма, гэта частка рускага свету, рускага народу. У Беларусі, нават цалкам падпарадкаванай расійскаму рэжыму, немагчымыя такія словы. Тут ёсць нейкая мяжа. Яны могуць апошнімі словамі лаяцца на Зяленскага, але такога не скажуць, і нават, наадварот, апошнім часам з'явіліся заявы, што гэта блізкі нам народ, гэта суседскі нам народ, гэта сяброўскі нам народ, і гэта кажа сам Лукашэнка найперш. У беларускіх медыях і ў прыватных прадзяржаўных каналах гэта чуецца вельмі моцна.
На гэтым тыдні The Economist апублікаваў інтэрвʼю і калонку расійскага алігарха, які таксама заяўляе пра неабходнасць перамоваў. Калі Крэмль прыме такое рашэнне, то яны змогуць тумблер прапаганды пераключыць ці не? Тыя, якія крычалі пра знішчэнне, цяпер будуць павінны казаць пра мір, увогуле ці магчымы такі варыянт?
— Не ведаю, паглядзім, таму што ў прапагандзе ўвогуле не планавалася, што Расія можа прайграць ці не выйграць, не перамагчы ў гэтай вайне. Такога не планавалася, для іх сітуацыя нечаканая, і як там будзе працаваць адміністрацыя прэзідэнта і яе ідэалагічны аддзел, і якія інструкцыі, якія метадычкі яны будуць спускаць федэральным каналам, а потым ужо і рэгіянальным каналам, вось гэта зусім зараз нечакана. Яны знаходзяцца зараз у вельмі дзіўнай і складанай сітуацыі: не ведаюць, што казаць. Больш за тое, Зэт-каналы, якія карыстаюцца большай свабодай, чым федэральныя каналы, а гэта ўльтрапатрыятычныя і праваенныя каналы ваенных карэспандэнтаў, ці тых, хто непасрэдна ўдзельнічае ва ўварванні, у іх усё больш зʼяўляецца крытыкі ў адрас ваеннага кіраўніцтва, палітычнага кіраўніцтва, у адрас самога Пуціна. Пасягнулі зараз на святое, ужо пачынаюць крытыкаваць самога Пуціна.
Нядаўна быў дэмарш аднаго з вайскоўцаў, што яны гатовы накіраваць зброю на Маскву.
— Дакладна, і гэта таксама, увогуле, маркер новага часу. Такога не зʼяўлялася з 2023-га года, гэта значыць з мяцяжу Прыгожына, а зараз зʼяўляецца зноў. Ідзе пакуль ціхае мармытанне, незадаволенасць, яно расце не толькі ў прапагандзе, а тым больш у народзе, і мы бачым кожны дзень дзясяткі ролікаў, запісаных простымі людзьмі, незадаволеных сітуацыяй у Крыме, незадаволеных сітуацый з паліўным крызісам і гэтак далей.
Дарэчы, ці ёсць ідэалагічная рэакцыя з боку Крамля і з боку вось гэтага прапагандысцкага апарата на гэтыя праявы грамадскай незадаволенасці, ці проста яны абіраюць тактыку не заўважаць?
— Мы бачым, што з боку Крамля, гэта значыць самога Пуціна, таму што ўсё ж такі ён, дыктатар, заўсёды задае тон усім сэнсам, усім тэзісам, усім наратывам. Мы бачым, што з боку Пуціна дамінуе падыход замесці пад дыван усё тое, што крызіс часовы, ён будзе вырашаны, зараз робяцца намаганні і гэтак далей. Галоўнае, і што на дадзены момант больш за ўсё расчароўвае, гэта тое, што ў розумах людзей, якія скардзяцца на паліўны крызіс, на рост коштаў, на падзенне заробкаў і гэтак далей, не ўзнікае сувязі, што гэта ўсё з-за варварскай, агрэсіўнай, злачыннай вайны Расіі супраць Украіны. Вось гэтай сувязі пакуль яшчэ не зʼяўляецца, ці зʼяўляецца замала.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч