Тэмпы паставак у Польшчу паўднёвакарэйскіх самаходных артылерыйскіх установак K9 прыцягнулі ўвагу замежных аналітыкаў. Выданне «Forsal» цытуе ўкраінскі сайт «Defense Express», які ацэньвае, што Польшча можа мець адзін з найбуйнейшых патэнцыялаў самаходнай артылерыі ў Еўропе.
— Паўднёвая Карэя пачала адпраўляць у Польшчу самаходныя гаўбіцы K9, замоўленыя ў 2023 годзе, усяго праз сем месяцаў пасля завяршэння паставак па папярэднім кантракце, падпісаным ў 2022 годзе, — адзначаюць украінскія аналітыкі.
Польшча атрымала ўжо 218 машын, з якіх 212 былі пастаўлены ў адпаведнасці з першым пагадненнем, падпісаным у 2022 годзе, і яшчэ шэсць — па кантракце, падпісаным у 2023 годзе.
У пачатку ліпеня кампанія Hanwha Aerospace Europe абвясціла аб пастаўцы ў Польшчу першых самаходных артылерыйскіх установак K9PL. Гэты варыянт быў распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі Узброеных сіл Польшчы.
Згодна з другім пагадненнем, заключаным таксама ў 2023 годзе, Польскае войска атрымае агулам 146 такіх машын. Новая версія будзе абсталяваная, сярод іншага, сістэмай самаабароны, аўтаматычнай сістэмай пажаратушэння, кандыцыянерам і дадатковым дысплэем.
Закупкі ў Паўднёвай Карэі з'яўляюцца часткай шырокай праграмы мадэрнізацыі, якая таксама ўключае іншыя сістэмы ўзбраення.
нг