Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Чарговая параза ХДС. Што вынікі зямельных выбараў азначаюць для ўрада Мерца і як гэта можа паўплываць на Польшчу

21.09.2026 13:41
Рост падтрымкі AfD эксперты тлумачыць назапашваннем некалькіх крызісаў. Партыя абяцае вяртанне да прадказальнага мінулага і адначасова выкарыстоўвае рэальныя памылкі традыцыйных палітычных сіл
   .
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц.Фота: PAP/EPA/OLIVIER MATTHYS

Хрысціянска-дэмакратычны саюз упершыню ў гісторыі ФРГ не прайшоў у ландтаг Мекленбурга — Пярэдняй Памераніі. Ва ўсходняй зямлі, якая мяжуе з Польшчай, перамагла ўльтраправая «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), а вынік ХДС апынуўся каля пяціпрацэнтнага бар’ера. У Берліне хрысціянскія дэмакраты адначасова страцілі пасаду кіроўнага бургамістра і статус найбуйнейшай партыі на карысць левых

Для канцлера Фрыдрыха Мерца гэта не проста дзве рэгіянальныя няўдачы. Галасаванне стала праверкай даверу да федэральнага ўрада і ягонай праграмы рэформаў. У ноч пасля выбараў Мерц назваў вынік сваёй партыі ў Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі «катастрофай», але выключыў адстаўку і паабяцаў працягваць кіраваць краінай:

— Гэтыя рэформы — сродак супраць атруты аўтарытарызму, якая ўсё глыбей укараняе ў нашым грамадстве захапленне аўтарытарным кіраваннем. Тое, што цяпер неабходна зрабіць, патрабуе цвёрдасці, настойлівасці і цярпення. Я гатовы да гэтага як старшыня ХДС і перадусім як канцлер.

Партнёры ХДС/ХСС па кааліцыі таксама ўбачылі ў выніках папярэджанне Берліну. Намесніца старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Анке Рэлінгер заявіла, што выбарцы незадаволеныя не столькі зямельнай палітыкай, колькі працай федэральнага ўрада, асабліва канцлера. Паводле яе, працягваць ранейшы курс немагчыма, аднак дыскусія пра кадравыя перастаноўкі сама па сабе не развяжа істотных праблем.

Польскі палітолаг і гісторык Пётр Мадайчык таксама не чакае хуткай замены Мерца. На яго думку, любы патэнцыйны пераемнік разумее, што атрымае тыя ж крызісы і вельмі абмежаваныя магчымасці ўплываць на іх:

— Супраць змены гаворыць тое, што патэнцыйны пераемнік ведае, у якой жахліва складанай сітуацыі апынецца. Трэба будзе сабраць большасць для пэўнага кірунку рэформаў, але пераемнік таксама не будзе ўплываць на цэны нафты і газу, сітуацыю на Блізкім Усходзе ці вайну Расіі супраць Украіны. Карацей кажучы, усе яны ведаюць, што апынуліся б у жахліва складаным становішчы.

Рост падтрымкі AfD эксперт тлумачыць назапашваннем некалькіх крызісаў. Партыя абяцае вяртанне да прадказальнага мінулага і адначасова выкарыстоўвае рэальныя памылкі традыцыйных палітычных сіл:

— У перыяд дэстабілізацыі, калі назіраецца відавочны эканамічны спад, прыходзіць партыя і абяцае: будзе так, як некалі, і стане значна лепш. Адначасова яна ўказвае на памылкі, якія ў Германіі гадамі рабілі праз аднабаковы разлік на аднаўляльныя крыніцы энергіі, а таксама ў міграцыйнай палітыцы і адукацыі. Яна можа падкрэсліваць, што гэта не працуе, а асноўныя партыі не  далі рады.

Прафесар Роберт Альберскі ацэньвае становішча федэаральнага канцлера больш песімістычна. Палітолаг звяртае ўвагу, што няўдача ў Мекленбургу працягнула шэраг слабых вынікаў ХДС на ўсходзе Германіі.

— Цяпер сітуацыя сапраўды вельмі складаная, бо апошнія зямельныя выбары — спачатку ў Саксоніі-Ангальт, а цяпер у Мекленбургу — прыносяць ХДС зусім кепскія вынікі. Гэта гістарычныя мінімум, і яны, несумненна, аслабляюць канцлера. Калі ХДС працягне прайграваць, то ў сярэдзіне свайго тэрміна Фрыдрых Мерц, найхутчэй, перадасць стырно палітыку, які будзе мець большыя шанцы прывесці партыю да перамогі.

Вынікі нямецкіх выбараў не варта аўтаматычна пераносіць на суседнія краіны, у тым на Польшчу. Аднак, як адзначае экспертка Інстытута грамадскіх спраў Соня Харонзяк, поспех AfD можа паўплываць на палітычную рыторыку правых сіл у Еўропе.

— Я не пераносіла б гэта непасрэдна і не казала б, што перамога AfD у наступных землях нейкім чынам адаб’ецца на нашых парламенцкіх выбарах, які адбудуцца ў 2027 годзе. Але такая аргументацыя напэўна з’явіцца, калі AfD сапраўды стане пераможнай сілай падчас выбарчай кампаніі. Гэта ўзмоцніць пэўную рыторыку і перакананні некаторых выбарцаў правых партый.

Эканаміст Марсэль Фрацшэр назваў дзень галасавання дрэнным для нямецкай дэмакратыі і папярэдзіў, што пасля такога выніку ўраду будзе яшчэ цяжэй мабілізаваць падтрымку фундаментальных рэформаў. Калі ХДС/ХСС і сацыял-дэмакраты будуць трымацца за свае «чырвоныя лініі», палітычны параліч можа паглыбіцца, эканамічная слабасць — захавацца, а шанцы AfD на перамогу на федэральных выбарах 2029 года — вырасці.

Мінулыя выбары не абавязкова прывядуць да неадкладнай змены канцлера, але істотна звужаюць прастору для ягонага манеўру. Мерцу трэба адначасова паскорыць рэформы, захаваць адзінства кааліцыі і вярнуць давер выбарцаў, якія ўсё часцей шукаюць альтэрнатыву традыцыйным нямецкім партыям.

iar/dw/pr/эж