Галоўнае — санкцыі не даюць рэжыму грошы на падтрыманне сілавога блоку. Абмежаванасць рэсурсаў прымушае рэжым ісці на саступкі і перамовы, лічыць Аксана Колб.
— Усе вызваленні — вынік санкцый. Калі б гэтыя санкцыі былі больш масавымі і былі ўведзены раней, то, магчыма, мы мелі б цяпер іншую сітуацыю. Калі б Лукашэнку было ўсё роўна да санкцый, то тэма іх зняцця не ўздымалася б. Лукашэнка сам гаворыць пра тое, што іх трэба здымаць. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што яны балючыя.
Палітолаг Павал Усаў, кажа, што прынамсі да 2021 года ён быў прыхільнікам санкцый. Цяпер — наадварот. Што памянялася?
— Памянялася геапалітычная сітуацыя Беларусі. Пасля 2022 году Беларусь аказалася ў ізаляцыі. Санкцыі хутчэй не б’юць па стабільнасці рэжыму і сістэмы. Сістэма застаецца стабільнай. Масавыя абмежаванні ўводзяцца супраць грамадзян. Можна было б раздзяляць уплыў санкцыяй на людзей і рэжым, але ніхто гэтым займацца не будзе. Захад глядзіць на беларусаў і Беларусь з пункту гледжання ўласнай бяспекі і таго, што адбываецца ва Украіне. Там няма падзелу на народ і Лукашэнку. Які дакумент не вазьмі, паўсюль напісана: санкцыі супраць Расіі і Беларусі за агрэсію ва Украіне. Нідзе няма, што гэта санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Запрашаем слухаць дыскусію — у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё