Крэмль з гонарам абвяшчае: расійскае паліва вяртаецца на сусветны рынак дзякуючы дамоўленасці прэзідэнтаў ЗША і РФ Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным. Кіеў і яго саюзнікі крытыкуюць гэтае рашэнне, якое фактычна палягчае Маскве працяг планамернага знішчэння Украіны.
Што стаіць за паліўнай зделкай амерыканскага лідара і расійскага аўтакрата, ці паўплывае яна на сусветныя цэны і якіх палітычных вынікаў чакае Расія? Пра гэта Пётр Пагажэлські размаўляў з Шыманам Кардасем з Вашаўскага ўніверсітэта, экспертам Еўрапейскай рады міжнародных адносін.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскае дызельнае паліва выходзіць на сусветныя рынкі. З Прыморска ў Марока выправіўся танкер з 40 тысячамі тон паліва. Гэта першая прыкмета выканання дамоўленасці Трампа і Пуціна, дасягнутай у мінулую пятніцу, паводле якой ужо ў гэтым месяцы ЗША атрымаюць 300 тыс. тон дызпаліва? Гэта істотна для сусветнага рынку ці не?
— Так, 300 тысяч тон. Расія прыкладзе ўсе намаганні, каб стварыць уражанне, што пагадненне, якое Трамп назваў вельмі важным і маштабным, сапраўды выконваецца. Насамрэч галоўнае тут — не энергетыка і не эканоміка.
Для амерыканскага і пагатоў сусветнага рынку паліва гэтыя пастаўкі будуць мець мінімальнае значэнне, калі ўвогуле нешта зменяць. Значна важнейшыя палітычныя наступствы пагаднення. Расіяне выдатна гэта разумеюць: будуць дэманстраваць выкананне эканамічнай часткі, але перадусім чакаць палітычных дывідэндаў.
Пачнём з эканомікі. Трамп напісаў пра 300 тысяч тон у гэтым месяцы, паўмільёна — у наступным, потым мільён і яшчэ тры мільёны, калі стан расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў дазволіць ажыццявіць гэтыя пастаўкі. Тэрміны апошніх паставак незразумелыя. Што азначаюць гэтыя аб’ёмы?
— Калі скласці ўсе названыя ў допісе Трампа лічбы, атрымаем 4,8 мільёна тон, або каля 36 мільёнаў барэляў. У маштабах сусветнага гандлю дызельным палівам гэта нязначны аб’ём: у 2025 годзе яго агульны экспарт перавысіў 2400 мільёнаў барэляў. Такім чынам, гаворка прыкладна пра 1,45% сусветнага экспарту — пры ўмове, што Расія сапраўды паставіць усё абяцанае. Гэта істотна не зменіць сітуацыі ні ў апошнім квартале гэтага года, ні паводле гадавых вынікаў.
Паліва павінна трапіць непасрэдна ў ЗША ці на сусветны рынак, каб знізіць цэны? Што вядома на гэты конт?
— Дакладнага адказу ніхто не ведае. У сваім допісе Трамп казаў пра імпарт у ЗША. Неўзабаве стала вядома пра спецыяльную ліцэнзію, якая на паўгода змякчае амерыканскія абмежаванні: да 7 красавіка наступнага года дазваляе легальна ўвозіць расійскае дызельнае паліва. Гэта сведчыла б, што прэзідэнт Трамп меў на ўвазе амерыканскі рынак. Але ён згадваў і сусветную сітуацыю. А праз некалькі дзясяткаў ці нават дзясятак гадзін заявіў, што Амерыцы гэтае паліва не патрэбнае: маўляў, задача — дапамагчы свету. Трамп сам мяняе сваю пазіцыю. Куды б ні трапіў груз, істотнага ўплыву на стабілізацыю сусветнага рынку ён не акажа. Дэфіцыт дызельнага паліва вельмі сур’ёзны, але дамоўленасць Расіі з Амерыкай мала што зменіць.
Згадваючы магчымасць паставак у ЗША, Трамп, думаю, найперш кіраваўся палітычным інтарэсам. Перад выбарамі любы палітык імкнецца перамагчы або атрымаць як мага лепшы вынік. Трамп добра ведае вынікі апытанняў перад прамежкавымі выбарамі і спрабуе выкарыстоўваць розныя сродкі ўплыву на выбарцаў.
Для нас гэты допіс мае сур’ёзныя палітычныя наступствы. Але амерыканскаму электарату ён дасылае сігнал: я прэзідэнт, які клапоціцца пра вас, заключае пагадненні, каб палепшыць сітуацыю на ўнутраным паліўным рынку, і дапамагае свету. Само паведамленне пра здзелку дазваляе яму паказаць выбарцам, што ён дзейнічае і шукае выйсце з напружанай сітуацыі. Таму гэты допіс трэба разглядаць і як частку ягонага звароту да амерыканцаў напярэдадні галасавання.
Тут відавочны ўнутрыпалітычны разлік. Гэта звычайная практыка: падчас выбарчых кампаній палітыкі прымаюць і ўнутраныя, і знешнепалітычныя рашэнні перадусім дзеля ўласных унутрыпалітычных інтарэсаў.
У ЗША супраць выступілі прадстаўнікі абедзвюх партый, а нават нафтаперапрацоўчыя кампаніі. Амерыканскія заводы вырабляюць каля 5 мільёнаў барэляў дызельнага паліва за дзень — прыблізна 200 тысяч за гадзіну. Атрымліваецца, Трамп стварае ім канкурэнцыю?
— Так. Каб зразумець амерыканскую сітуацыю, паглядзім на суадносіны вытворчасці і спажывання. Вытворчасць складае прыкладна 5,2 мільёна барэляў на дзень, сярэдняе спажыванне — 3,7 мільёна, часам крыху больш. Каля паўтара мільёна ідзе на экспарт, а апошнім часам экспарт нават крыху перавышаў гэтую адзнаку. ЗША таксама імпартуюць дызельнае паліва, напрыклад з Канады, і спрабуюць захоўваць раўнавагу на рынку.
Аднак рост сусветных цэн робіць экспарт выгадным і ўскладняе сітуацыю ўнутры краіны. Калі прадаваць за мяжу выгадней, могуць узнікнуць праблемы з забеспячэннем уласнага рынку.
Зрэшты, гаворка ўсё роўна пра невялікія аб’ёмы. Дапусцім, першыя 300 тысяч тон трапілі б выключна ў ЗША, хоць, яно відаць, накіроўваецца на іншы рынак. Гэта прыкладна 2,2 мільёна барэляў. Пры сутачным спажыванні 3,7–3,8 мільёна барэляў гэтага хапіла б усяго прыкладна на паўтара дзясятка гадзін, гэта нават не адзін дзень спажывання.
Ці не парушае Трамп амерыканскае заканадаўства, у тым ліку прынятыя ў 2022 годзе забарону на імпарт расійскага паліва?
— Менавіта такія сумневы выказваюць нават прадстаўнікі Кангрэса. Змякчэнне санкцый патрабуе належнага абгрунтавання. Амерыканскае права выразна вызначае ўмовы для дзяржавы, супраць якой уведзеныя абмежаванні: вывад войскаў з Украіны, прызнанне яе тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту. Таксама патрэбная згода ўладаў у Кіеве і захаванне тэрміну папярэдняга паведамлення пра такое выключэнне.
Таму частка кангрэсменаў звяртае ўвагу на прававы бок рашэння. А палітычныя пытанні яшчэ больш прынцыповыя. Змякчаць санкцыі супраць краіны, якая ні ў чым не саступіла і не выканала заканадаўча вызначаных умоў, — дзіўна. Асабліва на фоне новага санкцыйнага закона, які Кангрэс прыняў усяго некалькі тыдняў таму.
Слухайце аўдыё!
pr/эж