Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія, Кітай і Іран праводзяць аперацыі ўплыву перад выбарамі ў Кангрэс ЗША

23.10.2026 16:08
Расія выкарыстоўвае расколы ў амерыканскім грамадстве, каб пашыраць канфлікты, узмацняць грамадскую незадаволенасць.
.
.buffaloboy/Shutterstock

Амерыканскі эксперт Джэймс Ліндсі (James Lindsay) з аналітычнага цэнтра Council on Foreign Relations прагназуе сапраўдны паток дэзінфармацыі ў ЗША напярэдадні выбараў у Кангрэс, запланаваных на 3 лістапада. Паводле яго слоў, Расія, Кітай і Іран праводзяць аперацыі ўплыву, а адміністрацыя Дональда Трампа тым часам скараціла намаганні па барацьбе з ілжывай інфармацыяй — чытаем у выданні Forsal.

У размове з Польскім агенцтвам друку Ліндсі адзначыў, што амерыканскае інфармацыйнае асяроддзе ніколі раней не было настолькі забруджаным дэзінфармацыяй і паведамленнямі, якія ўводзяць у зман. У распаўсюдзе такіх матэрыялаў вінаватыя як самі амерыканцы, так і замежныя суб'екты.

Расія, паводле эксперта, найперш выкарыстоўвае расколы ў амерыканскім грамадстве, каб пашыраць канфлікты ў грамадстве, узмацняць грамадскую незадаволенасць. Кітайскія аперацыі ў значнай ступені скіраваныя супраць кандыдатаў, якія крытычна ставяцца да Пекіна.

Пры гэтым Ліндсі падкрэслівае, што замежны інфармацыйны ўплыў трэба адрозніваць ад непасрэднага ўмяшання ў выбары. Ёсць доказы таго, што Расія, Кітай і Іран спрабуюць уплываць на погляды выбарцаў, але няма доказаў маніпуляцый з падлікам галасоў або змены вынікаў выбараў.

У папярэднія гады амерыканскія ўлады супрацоўнічалі з тэхналагічнымі кампаніямі і праваахоўнымі органамі, каб выяўляць фермы троляў і бот-сеткі. Аднак адміністрацыя Трампа спыніла частку такіх ініцыятыў або абмежавала іх маштаб. Адной з прычын стала аргументацыя, што гэтыя меры могуць абмяжоўваць свабоду слова.

Эксперт прызнае, што складана вызначыць, наколькі дэзінфармацыя ўплывае на ўдзел людзей у галасаванні і іх выбар кандыдата. Аднак напярэдадні выбараў ён заклікае амерыканцаў крытычна ацэньваць інфармацыю і не давяраць усяму, што яны бачаць або чуюць.

Ліндсі таксама адзначае, што ўвядзенне грамадства ў зман даўно выкарыстоўваецца ў палітыцы, але цяпер гэтая з'ява дасягнула значна большага маштабу.

нг