Спецслужбы Беларусі ўсё часцей спрабуюць вербаваць беларускіх эмігрантаў. За апошні год паведамленняў аб такіх выпадках стала прыкметна больш, заяўляе даследчы цэнтр ISANS. Таксама ўсё больш беларусаў ваююць ва Украіне з расійскага боку, нават былыя палітвязні. Так сталася з палітвязнем Аляксеем Коршунам, які быў асуджаны на 2,5 года калоніі за каментар у сацыяльнай сетцы «Вконтакте». Цяпер ён ваюе ў шэрагах расійскай арміі супраць Украіны. Нядаўна Кантэміраўская танкавая дывізія — элітнае падраздзяленне расійскай арміі — паведаміла пра знікненне на фронце 23‑гадовага беларуса Віктара Сахашчыка, сына бізнесоўца Валерыя Сахашчыка, былога «міністра абароны» у штабе Святланы Ціханоўскай. Віктар жыў у Польшчы, нават служыў там у войску, але паўтара года таму вярнуўся ў Беларусь, цяпер аказваецца, што ён ваяваў на баку Расіі.
Паводле дадзеных праекту «Хачу жыць», 2880 грамадзян Беларусі падпісалі кантракт з расійскім войскам у перыяд з 2022 па 2025 год. Як можна патлумачыць гэты трэнд? Чаму беларусы, нават палітвязні, паддаюцца расійскаму ўплыву? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да палітолага Паўла Усава.
— З пачатку вайны Расія выкарыстоўвае беларусаў, якія жывуць і працуюць на тэрыторыі Расіі. Іх даволі шмат, каля 600 тысяч чалавек. Яшчэ ёсць тыя, хто сезонна працуюць. Рэклама і сацыяльныя гарантыі, якія абяцае міністэрства абароны, — даволі значныя. Шмат хто на гэта спакушаецца. Трэба разумець яшчэ тое, што ў 2020-м тых, хто пратэставаў супраць Лукашэнкі, шмат хто падтрымліваў Пуціна. Сярод пратэстоўцаў было шмат людзей далёкіх ад дэмакратычных поглядаў, яны былі проста супраць Лукашэнкі, але падтрымлівалі Расію ў дзеяннях супраць Украіны ў 2014 годзе. Цяпер шмат беларусаў ахвотна працуюць на расійскі ВПК. Тое ж самае тычыцца і палітвязняў. Шмат каго ўносілі ў спіс палітвязняў, бо яны пацярпелі за палітычную актыўнасць, але іх сапраўдныя погляды не былі вядомыя. Адсюль такія выпадкі, калі былыя палітзняволеныя становяцца на бок Расіі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыёфайле