Што не так з гэтым лістом? Чаму за правільнымі словамі хаваецца небяка? Якія пагрозы ён нясе? Пра гэта размаўляем з Уладзімірам Жыгарам.
«У нас ёсць 1300, а астатнім не пашанцавала»
— Калі мы глядзім на гэты ліст, і гэта адзначылі, напэўна, практычна ўсе. Мы бачым, што гэты ліст за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Там няма ніякай канкрэтыкі. Няма ні апісаных інструментаў, ні апісаных механізмаў. Нейкай адказнасці пэўных бакоў. Не апісана, якая праца была праведзеная, з кім дамовіліся.
Ёсць шмат пытанняў да тых, хто складаў гэты ліст (не да тых, хто яго падпісваў). Напрыклад, колькі ў нас палітычных зняволеных? Вызваліць усіх — гэта не адказ. Павінна быць канкрэтная лічба. А перад гэтым мусіць быць праведзена праца, каб даведацца пра гэта.
Я разумею так, што, каб вызваліць усіх палітычных зняволеных, мы дамовіліся з міжнароднымі праваабарончымі цэнтрамі, якія паедуць у Беларусь, разам з прадстаўнікамі ААН, і даведаюцца, колькі ж у нас сапраўды палітвязняў.Тады такі выраз мае сэнс.
А не так, як калісьці мне асабіста цынічна казаў Іван Краўцоў: «У нас ёсць 1300, а астатнім не пашанцавала».
«У ЕС няма сістэмы хуткага ўвядзення і аднаўлення санкцый»
— Ёсць і больш складаныя пытанні. Што рабіць з рэпрэсіўнымі законамі? Гэта таксама не прапісана. Калі мы неяк спрабуем гэта ўвязаць, напрыклад, з амерыканскім трэкам, то тут ўсё зразумела: гэта звычайны гандаль, дзе ёсць тавар, дзе ёсць цана, пакупнік і прадавец. І мы выдатна разумеем, як людзей выкупляюць за санкцыі. Але хто гарантуе, што Лукашэнка спыніць рэпрэсіі? Дзе гарантыі? Дзе механізмы аднаўлення санкцый?
Нібыта санкцыі могуць уключыць і выключыць у любы момант. На самай справе, у Еўрапейскім Саюзе ў прынцыпе не існуе ўніверсальнай, а самае галоўнае, хуткай сістэмы ўвядзення і, што характэрна, аднаўлення санкцый. Калі спыніць санкцыі ў адносінах да той ці іншай юрыдычнай асобы, гэта прывядзе да таго, што на тое, каб аднавіць іх, увесці новыя, паўторныя могуць сысці не тое што месяцы, а нават гады. Пры тым, што зноў спатрэбяцца доказы ўдзелу той ці іншай кампаніі ў забяспячэнні рэжыма альбо расійскай ваеннай машыны.
А што будзе, калі Лукашэнка будзе і далей здзяйсняць у дачыненні да беларусаў, якіх выкідаюць з турмаў, а потым выкідаюць з краіны, злачынствы? Што рабіць беларусам унутры краіны?
Вялізарная колькасць пытанняў у гэтым лісце не прапісана.
Але што мяне больш за ўсё зачапіла, калі я даведаўся пра гэты ліст, дык гэта тое, што такія выбітныя, вядомыя дзеячы беларускіх дэмакратычных сіл, праваабаронцы, актывісты — Бяляцкі, Лосік, Пальчыс, Севярынец і шмат іншых — не былі далучаныя да стварэння гэтага ліста.
Разумею чаму, таму што калі б яны былі, гэты ліст не выйшла б так хутка, так рэзка, і так сфармуляваны.
Я нават не згадваю пытанне, напрыклад, саўдзелу рэжыма Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны.
Што з гэтым рабіць? Ці з адказнасцю за палітычна матываваныя забойствы, незаконныя пазбаўленні волі, міграцыйныя крызісы.
«Ніхто не выступае супраць вызвалення людзей»
Стваральнікі ліста лічаць, што механізмы вызвалення не ў іх кампетэнцыі, маўляў, прафесійныя перамоўшчыкі лепш ведаюць пра што і як дамаўляцца.
Мяне асабіста трыгернулі маніпуляцыі пачуццём віны, і тое, што аўтары ліста прапануюць еўрапейцам звярнуцца да іх, і яны расскажуць, што адбываецца зараз за кратамі. Нібыта да гэтага ніхто нічога не расказваў, не было гумантарнага спісу, ніхто наогул не падымаў пытанняў палітвязняў.
— Ну, там жа яшчэ ёсць іншае, што, наадварот, некаторыя палітычныя сілы нібыта супраціўляюцца вызваленню. Пакажыце, якія, назавіце прозвішчы, прывядзіце доказы. Але з гэтым, вядома ж, праблемы. Ніхто не выступае супраць вызвалення з турмаў людзей.
Іншае пытанне: у нас любяць казаць, што маўляў, можна адмяняць неваенныя санкцыі.
Даваце ўсе сядзем за адным сталом, і кожная група пакажа сваю экспертызу па тым ці іншым пытанні. Каб людзі, якія складалі б ліст, дакладана ведалі: якія санкцыя ваенныя, якія не. Якія ваенныя, але не надта... І тады б сапраўды была распрацаваная дарожная карта.
А яшчэ вось што важна. Уявіце сабе сярэднестатыстычнага чыноўніка ЕС, які атрымаў гэты ліст. Ён глыбока суперажывае, ён, вядома, усё гэта разумее, але ён еўрапейскі чыноўнік. І ён павінен ведаць, а як улічаныя, напрыклад, інтарэсы бяспекі яго дзяржавы? Як улічаныя пытанні, напрыклад, вайны ва Украіне, якая фактычна стрымлівае вайну для ўсёй астатняй Еўропы?
Яны хочуць убачыць не ліст на паўтары старонкі фармату А4, дзе за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Каб такі еўрапейскі чыноўнік убачыў нейкую дарожную карту, дзе ўсё было б дакладна прапісана, дзе ўсё было б узважана, дзе інтарэсы ўсіх — не толькі беларусаў, якія ў іміграцыі, беларусаў унутры Беларусі, беларусаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, а еўрапейцаў, Украіны, тады, напэўна, эфект і стаўленне еўрапейцаў было б іншым.
«Еўрапейскі Саюз прыкладае ўсе магчымыя намаганні для вызвалення людзей»
— Тут альбо людзі палічылі нявартым так падыходзіць да пытання, альбо яны проста пераследуюць нейкія абсалютна іншыя мэты.
І мы глабальна, тыя, хто займаецца санкцыйнымі пытаннямі, тыя, хто займаецца нейкай экспертызай па бяспецы, мы разумеем, што цяпер пачынаецца падаўжэнне санкцый у Еўрапейскім Саюзе. З лістапада па люты гэта працягнецца.
Мы разумеем, што апошнія 4 гады санкцыі ўводзіліся выключна за саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны. Як у момант поўнамаштабнага ўварвання, так і пасля, калі Беларусь прадастаўляла сваю інфраструктуру, вытворчыя магутнасці для расійскай ваеннай машыны.
І вось у тэксце ліста мы бачым, што, маўляў, ёсць розныя магчымасці для вызвалення: ціск, дыпламатыя.
Паказальна, што людзям, якія складалі гэты ліст, цудоўна вядома, што Еўрапейскі Саюз прыкладае ўсе магчымыя намаганні для вызвалення людзей, робячы гэта не публічна. Напрыклад, у 2025 годзе, у жніўні, ЕС мусіў прыняць вялікі пакет санкцый за парушэнне правоў чалавека, аднак яго не прынялі, па прычыне таго, што «ёсць амерыканскі трэк, і мы не хочам перашкаджаць». Персанальныя санкцыі за парушэнне правоў чалавека наогул не ўводзяцца ўжо досыць даўно. У 2025 годзе хацелі, і была такая ініцыятыва, аднак гэта заблакавалі. Еўрапейскія дыпламаты ездзілі ў Менск і размаўлялі з сістэмай Лукашэнкі.
Але сістэма Лукашэнкі выставіла досыць простыя ўмовы: вы здымаеце санкцыі, выбачаецеся, прызнаеце Лукашэнку, і толькі пасля гэтага мы падумаем, як нам наладжваць з вамі дыялог.
Гэта значыць, што могуць вызваліць некалькі чалавек, але не ўсіх. Сістэма не спыніцца, яна такая, якая ёсць. Кожны дзень мы бачым новыя прысуды. Людзі, якія выязджаюць, якіх выкідваюць з краіны без пашпартоў, яны распавядаць пра тых палітзняволеных, пра каго ніхто раней не ведаў.
Але тыя асобы, якія ініцыявалі гэты ліст усяляк імкнуцца знізіць ціск на рэжым усе гэтыя гады. І кулуарна яны называюць Лукашэнку прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у краінах, якія Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі не прызнаюць. Мы чулі гэта ад розных дыпламатаў, і ў іх гэта выклікае вельмі сур'ёзныя пытанні.
Ці ўяўляе рэжым Лукашэнкі пагрозу для Еўропы? Для чаго ў Беларусі так інтэнсіўна праводзіцца мілітарызацыя? Якім чыным паслабленне санкцый супраць беларускага рэжыму дапамагаюць Пуціну ў вайне з Украінай? Што можа чакаць Расію (а значыць і Беларусь) у сярэдзіне 2027 года?
А таксама пра выкрыццё і вярбоўку агентаў, пра тое, ці дапамагае досвед працы аператыўніка крымінальнага вышуку ў сённяшняй прыцы Belpol? Ці хоча Уладзімір Жыгар вярнуцца ў Беларусь? — слухайце ў нашым поўным аўдыё.
Падрыхтавала Аксана Колб