Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Уладзімір Зяленскі заявіў, што Еўропа далучыцца да наступнага раўнда мірных перамоў

13.11.2026 12:13
Апроч працягу трохбаковых сустрэч і маштабнага абмену палоннымі, Зяленскі паведаміў пра яшчэ адну дамоўленасць — удзел еўрапейскіх прадстаўнікоў у наступным раўндзе. 
-        , , 13  2026 .
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, Дублін, 13 лістапада 2026 г. Фото: x.com/ZelenskyyUa

Украіна, ЗША і Расія дамовіліся працягнуць трохбаковыя перамовы, а Кіеў і Масква — правесці абмен ваеннапалоннымі ў фармаце «1000 на 1000». Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў позна ўвечары 12 лістапада пасля сустрэчы ў Дубліне з амерыканскімі спецпасланцамі Джарэдам Кушнерам і Стывам Уіткафам. Яны абмеркавалі вынікі перамоў у Абу-Дабі спачатку з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, а затым з Зяленскім.

— Перадусім удалося разблакаваць трохбаковыя сустрэчу. Гэта вельмі важна, бо дае надзею, што мы зможам скончыць гэтую вайну. Пасля гэтай сустрэчы мусіць адбыцца наступная, і кожная сустрэча павінна прыносіць вынікі і набліжаць нас да міру.

Апроч працягу трохбаковых сустрэч і маштабнага абмену палоннымі, Зяленскі паведаміў пра яшчэ адну дамоўленасць — удзел еўрапейскіх прадстаўнікоў у наступным раўндзе. 

— Вельмі добра, што еўрапейцы ўжо ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Яны яшчэ не вядуць перамоў непасрэдна за адным сталом з расіянамі, але ўжо далучаныя да іх. Мы мусім паклапаціцца пра тое, каб Еўропа стала пастаяннай удзельніцай гэтых перамоў. З інфармацыі, якую я атрымаў ад нашай дэлегацыі, вынікае, што перамовы былі сур’ёзныя і не зводзіліся да пустых дэкларацый.

На сустрэчы з амерыканскімі пасланцамі ў Дубліне не закраналі найбольш складанага пытання — тэрытарыяльных патрабаванняў Расіі. Масква настойвае на вывадзе ўкраінскіх войскаў з усёй тэрыторыі Данбаса. Раней Кіеў паведамляў, што ў гэтым пытанні на Украіну ціснуць і Злучаныя Штаты.

У Абу-Дабі прадстаўнікі інстытутаў ЕС, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і Італіі атрымлівалі інфармацыю пра ход трохбаковых перамоў, у якіх непасрэдна не ўдзельнічалі. Каментуючы адсутнасць польскіх прадстаўнікоў, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск сказаў, што Варшава — непажаданая ўдзельніца перамоў з прадстаўнікамі Пуціна і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Паводле Туска, Польшчу адхіляюць ад такіх кантактаў праз яе паслядоўна жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Расіі.

— Расійскі бок не зацікаўлены ў тым, каб у перамовах удзельнічаў нехта з такімі яснымі і жорсткімі поглядамі, калі людзі Пуціна адстойваюць абсалютна непрымальную пазіцыю. І не толькі для Украіны, бо прыняцце расійскіх умоў азначала б прамую пагрозу бяспецы Польшчы. Таму я зусім не хацеў бы, каб Польшча ўхваляла якія-небудзь прапановы ці рашэнні, падрыхтаваныя ў Маскве. Гэта выключана.

Прэм’ер Польшчы дадаў, што рэгулярна атрымлівае ад саюзнікаў інфармацыю пра ход перамоў. Паводле яго, Еўропа гаворыць адным голасам у пытанні дапамогі Украіне, а Кіеву патрэбная рашучая падтрымка еўрапейскіх краін, асабліва з улікам магчымых разыходжанняў паміж мэтамі амерыканскай і еўрапейскай дыпламатыі.

— Я не бачу ніякіх расколін, ніякіх разладаў паміж краінамі Еўрасаюза ў гэтым найважнейшым для нас пытанні, бо ад яго залежыць наша бяспека. Гаворка пра падтрымку Украіны ў перамовах аб міры, пры якім Украіна мусіць захаваць свой суверэнітэт і, што асабліва важна, мусіць захавацца архітэктура бяспекі ва Усходняй Еўропе. Мы ні ў якім разе не дазволім, каб нехта за нашымі спінамі, за спінамі палякаў і еўрапейцаў, усталёўваў новыя правілы бяспекі ў гэтай частцы свету.

Саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці сабраў у Дубліне лідараў больш як 50 краін пад дэвізам «Моцная, бяспечная і злучаная Еўропа». На 13 лістапада там жа запланавана нефармальнае пасяджэнне Еўрапейскай рады. Лідары ЕС абмяркоўваць ход мірных перамоў і тое, хто будзе прадстаўляць на іх Еўрасаюз.

На палях саміту Зяленскі і Туск правялі двухбаковую сустрэчу.

— Дыпламатыя, фронт і сітуацыя, звязаная з расійскімі атакамі, — гэта галоўныя тэмы, якія мы сёння абмеркавалі. Мы таксама гаварылі пра тое, як Польшча можа дапамагчы нам падрыхтавацца да гэтай зімы і пашырыць магчымасці транспартных зносін паміж нашымі краінамі, у прыватнасці для паставак паліва. Гэта можа рэальна ўмацаваць энергетычную ўстойлівасць Украіны, — напісаў Зяленскі ў сацыяльных сетках.

Зяленскі назваў сяброўства ў ЕС адной з гарантый бяспекі Украіны і ўсёй Еўропы. Каментуючы размову пра ўступленне Украіны ў Еўрасаюз, Туск перадаў словы Зяленскага пра тое, што «для Украіны вельмі важна, каб у ходзе гэтага працэсу было зразумела, што ён не закране ніякіх польскіх інтарэсаў, напрыклад у сельскай гаспадарцы».

Зяленскі таксама падзякаваў Туску за пачатак падрыхтоўкі вайскоўцаў з краін Кааліцыі ахвотных.

—Менавіта ў Польшчы праходзіць першы этап падрыхтоўкі. Гэта важны сігнал. Мы разлічваем, што ён сапраўды дапаможа закласці трывалую аснову бяспекі ў будучыні. Дзякуй!

Паводле Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы, у вучэннях, якія праходзяць з 9 да 22 лістапада, у тым ліку на польскай тэрыторыі, прымаюць удзел амаль тры тысячы вайскоўцаў з 11 краін. Манеўры маюць паказаць, ці гатовыя сілы кааліцыі падтрымаць Украіну пасля заканчэння вайны. Кааліцыя аб’ядноўвае 37 дзяржаў, пераважна еўрапейскіх. У яе таксама ўваходзяць Канада, Японія і Турцыя.

Асобнай тэмай сустрэчы стала энергетычная бяспека Украіны напярэдадні зімы. На фоне расійскіх атак Зяленскі і Туск абмеркавалі, як Польшча можа дапамагчы Украіне падрыхтавацца да халадоў. Адзін з варыянтаў — пашырыць магчымасці транспартных зносін паміж краінамі, у прыватнасці для паставак паліва, гэта дапаможа ўмацаваць энергетычную ўстойлівасць Украіны.

iar/pap/эж

 

ЗША прапанавалі Расіі падрыхтаваць новы праект пагаднення аб бяспецы ў Еўропе

12.11.2026 10:02
Ён павінен улічваць не толькі патрабаванні Масквы, але і яе абавязацельствы па дээскалацыі канфлікту і гарантыі ненападу на еўрапейскія краіны ў будучыні.

Дональд Туск: Еўропа не дазволіць вызначаць правілы бяспекі за яе спінай

13.11.2026 11:53
Прэм'ер Польшчы падкрэсліў, што еўрапейскія краіны захоўваюць адзінства ў падтрымцы Украіны і выступаюць за мір, які гарантуе захаванне яе суверэнітэту.