Позняй восенню я звычайна выпраўляюся ў прыкладна тыднёвае падарожжа па трох дзяржавах Паўднёвага Каўказа, якімі займаюся як аналітык Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW). Канец года спрыяе падвядзенню вынікаў, а палітычны каляндар, як правіла, ужо не такі насычаны, што палягчае арганізацыю сустрэч з экспертамі, журналістамі, парламентарыямі і дыпламатамі.
Падарожжа як інструмент аналітыка
Даследчыя паездкі — аснова аналітычнай працы Цэнтра ўсходніх даследаванняў. Ніякая літаратура ці інтэрнэт-месенджары не заменяць непасрэднага кантакту з рэгіёнам. Я бываю там звычайна часцей — на канферэнцыях ці з іншых нагодаў, аднак штогадовае падарожжа дазваляе параўнаць настроі ва ўсіх сталіцах, а часам зазірнуць і ў правінцыю. Натуральна, апроч сустрэч, варта наведаць базары, паглядзець, адкуль паходзяць тавары ў супермаркетах, ці прасачыць, як змяняецца мода (у Ерэване і Баку апошнім часам мяне ўразіла вялікая колькасць кітайскіх аўтамабіляў).
Гадамі, а нават дзесяцігоддзямі, лагістыку маіх паездак вызначаў армяна-азербайджанскі канфлікт і закрытая — дагэтуль — мяжа паміж абедзвюма дзяржавамі (як, зрэшты, і мяжа Арменіі з Турцыяй). Таму падарожжа трэба было пачынаць у адной з гэтых краін, а затым праз Грузію дабірацца да другой. Варта таксама памятаць, што з часоў пандэміі ў Азербайджан немагчыма трапіць наземным шляхам, што вымушае карыстацца самалётам. Прэзідэнт Ільхам Аліеў, якога я на адной з канферэнцый спытаў, навошта захоўваюць гэтыя правілы, даў зразумець, што пандэмія пандэміяй, але дзякуючы гэтым абмежаванням краіна пазбегла многіх пагроз, якія зыходзілі зусім не з Грузіі (а акрамя Грузіі і Арменіі, Азербайджан мяжуе з Іранам і Расіяй).
З Ерэвана ў Баку праз Стамбул
Высветлілася, што ў дзень, на які я запланаваў пераезд з Арменіі ў Грузію, паміж Ерэванам і Тбілісі не было ніводнага авіярэйса. Вядома, можна скарыстацца мікрааўтобусам, аднак гэта цэлых шэсць гадзін нервовай язды і гарантаваны боль у спіне, а пазнавальная каштоўнасць такой паездкі мінімальная (я праехаў гэтым маршрутам, напэўна, разоў трыццаць).
Дзеля цікаўнасці я праверыў рэйсы ў… Баку. І — бінга! Авіякампанія Turkish Airlines, у раскладзе якой ужо некалькі месяцаў ёсць рэйсы ў сталіцу Арменіі, прапаноўвала за прымальны кошт пералёт праз Стамбул. Час у дарозе — крыху менш за восем гадзін разам з перасадкай.
Супрацоўніца на стойцы рэгістрацыі была крыху здзіўленая, але, пераканаўшыся, што ў мяне ёсць віза, адправіла мой чамадан проста ў Азербайджан. У аэрапорце Баку ніхто не спытаў, што я рабіў у Арменіі. Яшчэ нядаўна стандартнай працэдурай была кароткая гутарка, якая часам перарастала ў сапраўдны допыт. Гэтаксама і ў Ерэване ўжо нікога не цікавяць візіты ўладальніка пашпарта ў варожую краіну.
Для чалавека, які сочыць за рэгіёнам з пачатку 1990-х гадоў, гэта сведчыць пра маштаб ментальнага перавароту.
Мір дэ-факта, але яшчэ не дэ-юрэ
Фактычна мір паміж Ерэванам і Баку ўжо запанаваў. Больш за два гады не было ніводнага ўзброенага інцыдэнту, год таму Азербайджан зняў блакаду транзіту тавараў у Арменію (уведзеную яшчэ ў… 1989 годзе). Адбыліся візіты на ўзроўні віцэ-прэм’ераў, не кажучы ўжо пра ўдзел экспертаў і журналістаў адной краіны ў мерапрыемствах на тэрыторыі другой. Прэзідэнт Аліеў рэгулярна сустракаецца з прэм’ер-міністрам Ніколам Пашынянам падчас розных міжнародных мерапрыемстваў.
Хаця да міру дэ-юрэ шлях яшчэ далёкі. Узгодненае ў сакавіку 2025 года і парафіраванае праз пяць месяцаў пагадненне па-ранейшаму чакае падпісання. Баку ставіць гэта ў залежнасць ад змены армянскай Канстытуцыі: у яе прэамбуле ёсць спасылка на Дэкларацыю аб незалежнасці, у якой гаворыцца пра аб’яднанне з Нагорным Карабахам. Азербайджан расцэньвае гэта як тэрытарыяльныя прэтэнзіі.
Ерэван гатовы змяніць Асноўны закон — гэта, зрэшты, адпавядае канцэпцыі «рэальнай Арменіі» прэм’ера Пашыняна. Аднак для гэтага неабходны рэферэндум, а каб яго прызначыць, кіроўнай партыі не хапае некалькіх галасоў у парламенце. Не кажучы ўжо пра тое, што вынік рэферэндуму зусім не прадвызначаны.
Акрамя таго, Арменія асцерагаецца, што пасля выканання гэтага патрабавання Азербайджан вылучыць наступныя патрабаванні, — што ў Баку адмаўляюць.
Шлях Трампа: магчымасці і пагрозы
Тым часам днямі армянскі бок распачаў працы па адкрыцці транспартнага шляху, які злучыць асноўную тэрыторыю Азербайджана з Нахічэванскім эксклавам. Аператарам маршруту, які атрымаў назву TRIPP (Trump Route for International Peace and Prosperity — «Шлях Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту»), з’яўляецца амерыканска-армянская кампанія, а будучыя правілы праезду ўяўляюць сабой кампраміс паміж пазіцыямі Ерэвана і Баку.
Усе мае армянскія суразмоўцы былі перакананыя, што TRIPP у рэшце рэшт будзе рэалізаваны, хаця адны бачылі ў гэтым праекце больш магчымасцей, а іншыя — пагроз.
Да найбольш сур’ёзных пагроз належыць негатыўнае стаўленне Ірана, які не хоча прысутнасці амерыканцаў уздоўж сваіх межаў (на асобных участках дарога пройдзе фактычна па самой мяжы), а таксама Расіі. Апошняя хацела б далучыцца да праекта, а калі гэта не ўдасца — сарваць яго рэалізацыю.
У Ерэване ходзяць чуткі пра тое, што Масква рыхтуе рэзкае павышэнне цаны на газ. Нягледзячы на тое, што Арменія фармальна застаецца ўдзельніцай постсавецкіх інтэграцыйных фарматаў, Расія ўжо даўно не лічыць яе сваёй саюзніцай.
Мае суразмоўцы ў Азербайджане запэўнівалі, што ў такім выпадку Баку працягне Ерэвану руку дапамогі і будзе пастаўляць у Арменію ўласны газ (праз Грузію), што прынамсі ўмацуе перамоўныя пазіцыі армянскага боку.
Такія заявы даюць падставы спадзявацца, што Азербайджан таксама сур’ёзна думае пра мір.
Азербайджан крочыць шырока
Вядома, як пераможца ў канфлікце і краіна з найбольшым у рэгіёне патэнцыялам, Азербайджан імкнецца дыверсіфікаваць транспартныя шляхі, каб яшчэ больш умацаваць свае пазіцыі.
Аўтамабільны і чыгуначны маршрут праз Арменію, апроч наземнага злучэння з Турцыяй, дасць Баку альтэрнатыву транзіту праз Грузію, якая страціць становішча манапаліста. Нават калі аб’ёмы перавозак спачатку будуць несупастаўнымі.
Здольнасць Азербайджана настойліва адстойваць уласныя інтарэсы найбольш выразна праявілася апошнім часам у канфлікце з Турцыяй, які ўдалося ўрэгуляваць толькі пасля візіту прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Раней Аліеў адмовіўся ад паездкі ў Анкару на саміт Арганізацыі цюркскіх дзяржаў.
З гэтай нагоды ў Баку згадваюць крылатую фразу Брэжнева пра краіну, якая крочыць шырокімі крокамі: «Широко шагает Азербайджан!».
Найкарацейшы шлях не праз Стамбул
Сумняваюся, што ўжо ў наступным годзе змагу паляцець прамым рэйсам з Баку ў Ерэван. Аднак усё больш верагодна, што такое авіязлучэнне рана ці позна будзе адкрытае.
Урэшце, найкарацейшы шлях з адной сталіцы ў другую пралягае не праз Стамбул.
Войцех Гурэцкі – галоўны спецыяліст аддзела Турцыі, Каўказа і Цэнтральнай Азіі Цэнтра ўсходніх даследаванняў (OSW). Аўтар рэпартажных кніг пра Каўказ і Цэнтральную Азію.