На днях войска ЗША нанесла ракетны ўдар і забіла высокапастаўленага іранскага вайскоўца – генерала Карыма Сулеймані. Учора Іран у адказ абстраляў ракетамі амерыканскія базы ў Іраку. Тэгеран заявіў, што ў выніку загінула каля 80 амерыканцаў. Пентагон зняпраўдзіў дадзеную інфармацыю.
Сёння стала зразумела, што ня будзе эскалацыі канфлікту. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп устрымаўся ад нанясення ўдару па Іране. Падчас тэлевізійнага выступу ў Белам доме амерыканскі прэзідэнт зазначыў, што Іран ня хоча вайсковага сутыкнення з ЗША, сітуацыя супакоілася.
З задавальненнем інфармую, што амерыканцы павінны быць удзячныя ды шчаслівыя. Ніводзін амерыканскі жаўнер не пацярпеў ад атакі іранскага рэжыму. Не было ахвяр, усе жаўнеры ў бяспецы, а матэрыяльныя страты – мінімальныя. Наша войска гатова да ўсяго, але, здаецца, што Іран саступае. Гэта добры знак для ўсіх бакоў, і для ўсяго свету.
У сваю чаргу іранскія ўлады заявілі, што яны адпомсцілі за смерць свайго генерала і ня будуць ажыццяўляць новыя ваенныя крокі ў выпадку адсутнасці агрэсіі з боку ЗША. Больш падрабязна з Тэгерану перадае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.
Іранскія сілы нанеслі ракетны ўдар па двух базах у паўночным Іраку, дзе месцяцца амерыканскія войскі: база Аль-Асад і комплекс ля Кірбілу ў курдскай частцы краіны. Пентагон паведаміў, што ніводзін жаўнер не пацярпеў. Іранскія ўлады паведамілі, што гэта была помста за забіццё генерала Касэма Сулеймані. Аднак вайсковая акцыя – гэта не ўсё. Амерыканцы павінны выйсці з рэгіёна, бо яны ёсць крыніцай карупцыі. З такой заявай выступіў аятала Алі Хамэнэі, які мае рэальную ўладу ў Іране. Таксама іранскі прэзідэнт Хасам Рухані заявіў, што ўмовай завяршэння канфлікту ёсць вывад амерыканскіх войск з рэгіёну. Улады Іраку заявілі, што працэс вываду войск пачаўся. Вашынгтон зняпраўдзіў гэтае паведамленне.
Еўрапейскі Саюз выступіў з заклікам да Ірану і ЗША спыніць супрацьстаянне ды вярнуцца да перамоваў і дыялогу. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заклікаў бакі да стрыманасці.
Апошні ракетны абстрэл вайсковых баз у Іраку, якія выкарыстоўваюць амерыканцы ды сілы міжнароднай кааліцыі, у тым ліку еўрапейцы, – гэта быў прыклад эскалацыі канфлікту і растучай варожасці. Накручванне спіралі гвалту пярэчыць інтарэсам кожнага з бакоў.
На думку беларускага палітолага Сяргея Богдана ня будзе вайны паміж ЗША ды Іранам. Аднак дадзеная сітуацыя прывядзе да таго, што ў Іране на бліжэйшых выбарах перамогуць прыхільнікі больш жорсткага курсу ў дачыненнях з Захадам.
На жаль у Заходніх СМІ іранскі рэжым часта малююць аднастайна дэманічным. Аднак у гэтым рэжыме было поўна людзей, якія былі гатовыя да вялікіх кампрамісаў. Гэтыя людзі, перш за ўсё прэзідэнт Рухані ды міністр замежных спраў Зарыф, – прайгралі. На бліжэйшых выбарах у Мэджліс, якія адбудуцца ў лютым, і далей на прэзідэнцкіх выбарах, гэтыя сілы прайграюць. Яны абяцалі людзям, што пачнуцца вырашацца ўсё эканамічныя праблемы праз дамоўленасці з Захадам. Але Захад, перш за ўсё ЗША, вырашыў не дамаўляцца.
Іранска-амерыканскі канфлікт ня прывёў да новай вайны на Блізкім Усходзе. Бакі абмяняліся ракетнымі ўдарамі ў якасці папярэджання. Кожны заявіў, што не будзе працягваць, калі другі ўстрымаецца ад далейшых дзеянняў. Цяпер Вашынгтон ды Тэгеран будуць размаўляць на мове дыпламатыі ды эканамічных санкцый. Гэта першае сутыкненне Ірану ды ЗША з 1979-га года, калі іранцы захапілі амбасаду ЗША ў Тэгеране.
Юры Ліхтаровіч