Беларуская Служба

Ян Маліцкі падводзіць вынікі падтрымкі беларусаў, зладжанай Студыум Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэта

28.12.2020 17:57
«Мы распачалі працу над стварэннем Беларускага свабоднага універсітэта – вялікай, сучаснай платформы для e-learningu, праекту паводле ідэй спадара Аляксандра Мілінкевіча.»
Аўдыё
  • Ян Маліцкі пра дзейнасць Студыум у падтрымцы беларусаў
Дырэктар Студыума Усходняй Еўропы Варашаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі Foto: SEW UW

Неўзабаве споўніцца 5 месяцаў з пачатку беларускага пратэсту. На рэакцыю замежных арганізацыяў і дзяржаваў трэба было чакаць некалькі тыдняў, але ўрэшце яны з’явіліся. Некаторыя прапановы былі сімвалічнымі, некаторыя наадварот канкрэтныя. Некаторыя таксама засталіся ў форме абяцанняў. Існуюць аднак краіны і ўстановы якім лёс і будучыня дэмакратычнай Беларусі вельмі важна – гэта безумоўна Польшча і Студыум Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, якія арганізуюць усё новыя праграмы падтрымкі беларускага народа. З 50 мільёнаў злотых выдзеленых урадам Польшчы на падтрымку дэмакратычнай Беларусі, некаторыя былі накіраваныя на выкананне прапаноў Студыум, пра што расказаў ягоны дырэктар Ян Маліцкі падчас першай лекцый "Школы дыпламатаў":

-У арганізацыйным і адукацыйным сэнсе гэта адмысловая група ў рамках пасля дыпломнай адукацыі. Адначасова гэта частка дапамогі для беларускага, дэмакратычнага грамадства. Гэта частка нашай праграмы, якую ажыццяўляем у розных напрамках, пад назвай «Новы персанал для Новай Беларусі». Магчыма для дыпламатычнага корпусу яна мае адмысловае значэнне. Канешне, гэтая Школа з’яўляецца адным з многіх праектаў Студыум, арганізаваных з дапамогай ураду ў рамках праграмы «Салідарныя з Беларуссю».

Калі казаць пра лічбы і паслядоўнасць працы польскіх ўстановаў у беларускай справе, яны ўражваюць. Сістэматычная праца прывяла да таго, што будучая Беларусь будзе мець адукаваных адмыслоўцаў у розных галінах, якія нягледзячы на пераслед на радзіме, змаглі давучыцца ў Польшчы.

- "Школа дыпламатаў" гэта ўсяго сёмы крок у нашай дапамозе беларусам. Па-першае гэта працяг і частка праграмы стыпендыі імя Кастуся Каліноўскага. Праграмы, якая была створаная 14 гадоў таму і праз якую прайшло больш чым 1000 практыкантаў і адлічаных з беларускіх ВНУ студэнтаў, якія тут атрымалі магчымасць дакончыць вучобу. На гэты момант праз стыпендыю прайшло 1000 асоб, а на гэты год мы прынялі ўжо больш за 600 студэнтаў, маладых даследчыкаў, рэпрэсаваных пасля 9 жніўня. Па-другое – гэта заснаванне Клуба выпускнікоў стыпендыі, якіх ужо больш за 400. Па-трэцяе – мы стварылі аналітычную групу пад назвай «Беларусь у рэгіёне», якая будзе займацца аналізам палітычнай сітуацыі ў Літве, Польшчы, якія з'яўляюцца краінамі Еўразвязу, ды суседніх Беларусі і Украіны . Канешне, у аналізах будзе звяртацца таксама ўвага палітыку лакальнай магутнай дзяржавы.

Не выклікае сумневаў тое, што большасць праграм, якія арганізуюць Студыум Усходняй Еўропы ды іншыя ўстановы, паўсталі толькі ў 2020 годзе на фоне беларускага пратэсту. Але менавіта гэты знак, гэтае прабуджэнне беларускага народа дазволіла заангажавацца больш у дапамогу і падтрымку Беларусі. Сярод чарговых буйных праектаў, якія распачаліся, або распачнуцца ў хуткім часе, між іншым, Беларускі свабодны універсітэт:

-Мы стварылі новы інфармацыйны партал, які працуе ўжо з верасня і карыстаецца вялікай папулярнасцю. Студыум стварае гэты сайт у супрацы з шэрагам інстытуцыяў, якія займаюцца Беларуссю. Дадаткова мы прынялі шмат адлічаных студэнтаў і навукоўцаў у Цэнтр беларускіх даследаванняў. Як шосты крок мы распачалі працу над стварэннем Беларускага свабоднага універсітэта – вялікай, сучаснай платформы для e-learningu, праекту паводле ідэй спадара Аляксандра Мілінкевіча, які прыдумаў яго шмат гадоў таму, але толькі зараз стала магчымым распачаць гэтую працу. І да гэтага -  нашая Школа дыпламатаў, мэтай якой з’яўляецца даць магчымасць развіцця новага дыпламатычнага персаналу для Беларусі.

Калі казаць аб праграмах Студыум, выразна бачна, што існуе план дзеянняў, чаго вельмі часта не хапае пры падобных акцыях. Навейшы праект – школа дыпламатаў - распачынаецца ўжо зараз і будзе працягвацца паўгода. У яго рамках 30 асоб зможа атрымаць патрэбныя веды і практыку працы дыпламатам.

-У нашай Школе дыпламатаў будуць ужывацца чатыры мовы – беларуская, польская, анлійская і расійская. Пасля каталіцкіх Калядаў распачынаюцца моўныя курсы. Спачатку тэст па веданні польскай мовы і потым інтэнсіўны курс аж да чэрвеня, удзельнікі якога павінны дасягнуць узровен В1. Таксама пачнецца курс англійскай мовы, для тых, хто не валодае ёй на дастатковым узроўні. У студзені распачынаем рэгулярныя лекцыі, а потым, у другім семестры частка заняткаў будзе арганізаваная разам з Акадэміяй дыпламатыі польскага МЗС, а частку будуць весці нашыя выдатныя выкладчыкі.

Вынікі акцый па падтрымцы беларусаў відавочныя. Некаторыя з іх толькі пачынаюцца і дадуць плён у бліжэйшай або далейшай будучыні. Школа дыпламатаў, Беларускі свабодны ўніверсітэт ды іншыя напэўна дапамогуць захаваць незалежную і якасную беларускую адукацыю і стварыць асновы для новага беларускага ладу.

Альберт Ежы Вяжбіцкі