Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: За намі будучыня

27.03.2022 11:20
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл прыбыла ў Польшчу з візітам.
Аўдыё
  • Размова з Святланай Ціханоўскай
 .
Святлана Ціханоўская. Ілюстрацыйны здымакPAP/Albert Zawada

Святлана Ціханоўская сустракаецца з дыяспарай, беларускімі добраахвотнікамі, якія змагаюцца ва Украіне, ды з польскімі палітыкамі. Мы паразмаўлялі са ёй пра найбольш вострыя пытанні цяперашняга моманту.

24-26 сакавіка Святлана Ціханоўская правядзе ў Польшчы. Падчас побыту ў Варшаве ды Беластоку лідар беларускіх дэмакратычных сіла плануе сустрэцца з добраахвотнікамі ў Беларускім Доме ў Варшаве, з дзецьмі беларусаў і ўкраінцаў у Цэнтры Беларускай Салідарнасці, – з ініцыятывамі/валанцёрамі ў Беларускім Моладзевым Хабе, з бежанцамі з Беларусі і Украіны, з ініцыятывамі і дыяспарай у Беластоку, з ініцыятывамі дапамогі палітвязням на базе СДЖ у Варшаве.

Таксама Ціханоўская возьме ўдзел у мітынгу, прысвечаным Дню Волі (26 сакавіка ў Варшаве) і правядзе сустрэчы з палітычным кіраўніцтвам Польшчы. На іх яна будзе вырашаць пытанні выключэння дыскрымінацыі ў адносінах да беларусаў і тлумачыць палітыкам і афіцыйным асобам, а таксама СМІ, што беларускі народ супраць вайны, ён змагаецца ў гэтай вайне на баку ўкраінскага народа. У сустрэчах таксама будуць прымаць лідары дэмакратычнага руху, прадстаўнікі НАУ, КС, ByPol.

На пачатку візіту мы паразмаўлялі са Святланай Ціханоўскай пра тое як жыць па-за краінай, як яна глядзіць на сітуацыю Беларусі, трагедыю Украіны. Што збіраецца рабіць, каб змяніць сітуацыю.

Вы другі год жывяце па-за Беларуссю, без мужа, без дома. Ці ведаючы, што Вас чакае, вы б прынялі зноў рашэнне балаціравацца два гады таму?

- Ведаеце, добра, што ў гісторыі няма ўмоўнага ладу, і немагчыма змяніць свае рашэнне ды паводзіны. Канешне, шмат магло б пайсці інакш, але зроблена тое, што ёсць. З аднаго боку, тое, што мы цяпер бачым і назіраем – гэта жудасна і страшна.  Але я ўбачыла, як нарадзілася новая Беларусь, як абудзіліся людзі. Гэта шмат чаго вартае. Вядома, што гісторыя пайшла б іншых шляхам, калі б я не прыняла рашэння, мой муж, Віктар Бабарыка ці Маша Калеснікава – сваіх рашэнняў. Але мы працуем з тым, што ёсць цяпер.

 Вы не задаяце сабе такія пытанні?

- Задаюся, пачынаю думаць, а што, калі б Сяргей не пачаў займацца сваім YT-каналам, а калі б мы не пазнаёміліся выпадкова з Машай і Веранікай. Я задаю сабе такія пытанні, як кожны чалавек, але разумею, што не магу гэта змяніць. Трэба глядзець уперад, а не назад.

Два гады таму назад белаурскі пратэст быў мірным ды ўзнёслым, тысячныя дэманстарцыі жаночыя маршы. Цяпер прайшло два гады, сітуацыя значна пагоршылася, перспектывы зусім змрочныя. Ці Вы маеце што сказаць беларусам на бліжэйшую перспектыву?

- Мы ўжо змянілі гісторыю і ў нас няма магчымасці ды права кінуць усё напаўдарозе. Калі вы адчуваеце ў сабе сапраўднага беларуса, для каго слова Бацькаўшчына, Беларусь – не пусты гук, не кідайце і вы, нягледзячы на ўсе складанасці ды пагаршэнне. Паверце, увесь час мы змагаемся, не дазваляем рэжыму зноў адрадзіцца. Кожны дзень мы нагадваем, што мы беларусы, што трэба ісці да канца, да таго моманту, калі нашы людзі выйдуць з вязніц, калі мы станем на шлях новай Беларусі, дзе будзе паважлівае стаўленне да кожнага чалавека, дзе кожны будзе сябе адчуваць патрэбным. Я разумею, што для шмат каго гэта прагучыць эфемерна, але кожны сябе пытае, што для мяне мая краіна, што я магу зрабіць. Я проста прашу, працягвайце.

Суседзі Беларусаў сталі ахвярамі агрэсіі, Вы пад уплывам гэтай трагедыі абвясцілі, што бераце на сябе адказнасць за Беларусь, якія вашыя далейшыя крокі? Якая рэакцыя ў свеце, ці Вас прызнаюць?

-  Той факт, што нас як дэмакратычныя сілы прымаюць на вышэйшым узроўні, да нас едуць амбасадары, ужо кажа пра прызнанне. Аднак, калі Лукашэнка быў больш самастойным палітыкам, пакідалі магчымасць камунікацыі. Калі быў міграцыйны крызіс, яму некалькі разоў званілі. Цяпер, калі відавочна, што ён не кантралюе прысутнасці вайсковых на нашай тэрыторыі, а суверэннасць аддаецца, чалавек больш не можа казаць пра гарантыі суверэнітэту. Цяпер трэба ствараць другі цэнтр сілы, куды прыйдуць вайскоўцы, людзі з наменклатуры. Сітуацыя можа змяніцца вельмі хутка, трэба, каб людзі зразумелі, што за нашым цэнтрам будучыня. Гэта сувязі з дэмакратычнымі краінамі, дапамога пасля новых выбараў. Калі да нас далучыцца большасць, Беларусь выйдзе з таго стану, куды загнаў яе рэжым Лукашэнкі. Мы працуем цяпер над фармальным прызнаннем. Гэта працэс. Пакуль многія кажуць, што мы працуем з дзяржавамі. Наша задача цяпер давесці, што мы прадстаўляем дзяржаву, што за намі будучыня. Цяпер мы працуем краіна па краіне, каб прызналі, што ёсць людзі, якія прадстаўляюць новую Беларусь.

Зяленскі, з якога ўсе смяяліся, што ён КВН-шчык, актор, а ён паказаў свой характар, мужнасць, лідарскія здольнасці. Ён заявіў, што гатовы нават сустрэцца з Пуціным, каб гэта спыніла вайну. Ці вы пазванілі б Лукашэнку, каб уратаваць Беларусь?

- Мала верагодна, што я пазваніла б Лукашэнку. Мы заўсёды выступалі за перамовы. Хутчэй за ўсё, гэта была б размова праз пасярэднікаў паміж прадстаўнікамі нелегетымнай улады ды беларусамі. Каб змяніць сітуацыю, такія перамовы магчымы. Што тычыцца Лукашэнкі, у яго зусім сапсаванае ўспрыняццё свету, для яго апроч яго нікога больш не існуе. Патэнцыйна можна ўявіць усё што ўгодна, але я не бачу рэальнасці такога кантакту.

Вы цяпер знаходзіцеся ў Польшчы, у Варшаве, апошнія тыдні беларусы сутыкнуліся з фактамі дыскрымінацыі, на беларусаў перакладваюць адказнасць за тое, што робіць Лукашэнка. Ці вы будзеце ўздымаць гэтае пытанне перад польскімі ўладамі? Што з гэтым можна зрабіць?

- На дадзены момант для нас самай галоўнай задачай стала, каб у Польшчы не было дыскрымінацыі беларусаў. Для ўладаў важна справіцца з наплывам уцекачоў з Украіны. Там вайна. Мы ж тлумачым, што беларусы, якія там жылі, стала двойчы закладнікамі. Спачатку рэжыму Лукашэнкі, цяпер вайны. Мы кажам пра тое, што патрэбныя роўныя правы для ўкраінцаў і беларусаў. Каб выдаваліся дакументы, была спрошчаная легалізацыя беларусаў. Гэта праца з палітыкамі, польскім грамадствам. Мы мусім тлумачыць, што ў Беларусі праследуюць людзей, многія пра гэта не ведалі, як у Польшчы, так і ва Украіне. Была такая хваля - беларусаў залічваць у агрэсары, але цяпер сітуацыя выраўніваецца. Нашай задачай застаецца абараніць беларусаў, якія вымушаныя жыць у іншых краінах.  

 У Вас у планах сустрэчы з добраахвотнікамі, якія змагаюцца ва Украіне. Некаторыя з іх кажуць, што там пачалася фармаванне арміі незалежнай Беларусі. Ці вы збіраецеся далучыцца да гэтага працэсу, ці будзе ў вас міністр абароны незалежнай Беларусі?

- Мы думаем пра гэта, нам патрэбныя людзі, якія ведаюць, як гэта арганізавана. Думаю, побач са мной з'явіцца чалавек, дарадца ці міністр абароны, які будзе аўтарытэтам для вайскоўцаў. Яго голас будзе гучаць мацней, чым мой, бо на зразумелай мове. Гэта ўсё ў працэсе. Нашыя валанцёры паехалі  ва Украіну, бо у іх не было іншага маральнага выбару. Гэта можа стаць асновай, я б не сказала, што беларускай арміі. У Беларусі няма лішніх людзей, нам усім трэба жыць разам. Людзі ў войску не павінны думаць, што яны нешта фармуюць, а мы застанёмся з нічым. Няпраўда, нам патрэбныя ўсе, хто прыняў правільнае рашэнне, на карысць Бацькаўшчыны, нацыянальных інтарэсаў. Тыя, хто змагаюцца, стануць ганаровымі вайскоўцамі. Пакуль пытанне прапрацоўваецца.

 Калі будзе міністр абароны, можа час, каб паўстаў сапраўдны ўрад у выгнанні?

- Я доўга была супраць ідэі ўраду ў выгнанні, каб нас не прыраўнавалі да іншых краін, што нешта сфармавалі і сядзяць. Але разам з вайной усё змянілася, калі стала зразумела, што наш суверэнітэт пад пагрозай і трэба сфармаваць новы цэнтр сілы. Я абвясціла пра фармаванне кабінета, цяпер ён на стадыі фармавання. Гэта будуць людзі - спецыялісты ў сваіх абшарах, але гэта не значыць, што ў новай Беларусі ўсіх старых чыноўнікаў павыганяюць, як кажа прапаганда.  Людзі будуць працаваць разам побач на карысць краіне.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч