Агулам тое, што назіраецца ў Беларусі, гэта маральная і псіхалагічная падрыхоўка грамадства да нейкіх ваенных дзеянняў, характар якіх мы пралічыць не можам, але відавочна, што Беларусь рыхтуюць да адкрытага канфлікту з Украінай, лічыць палітолаг Павал Усаў.
-Гэта мы бачым па рыторыцы адміністрацыі Лукашэнкі, па выступах самога Лукашэнкі і генералаў. Прасочваецца змена рыторыкі ў прапагандысцкім апараце. Зусім нядаўна яскравыя прадстаўнікі прапагандысцкага апарату Пятроўскі і Шпакоўскі заявілі наўпрост, што асновай бяспекі сістэмы ў Беларусі з'яўляецца ўсебаковая падтрымка Расіі і яе перамога ў вайне. Яны нават не прыхоўваюць таго, што Беларусь павінна быць больш актыўная ў падтрымцы Расіі, бо ад гэтага залежыць лёс сістэмы.
З іншага боку, мы бачым паглыбленне кіроўных функцыяй у беларускім войску. Думаю, гэтаму быў прымеркаваны прыезд Шойгу. Гаворка пра тое, хто атрымае кантроль над рэгіянальнай групоўкай. Відавочна, што наўпроставае кіраванне можа перайсці да Генштабу РФ.
Наступны важны момант. Відавочна, што для Расіі зіма зʼяўляецца ключавым момантам, каб зламіць абарону і супраціў Украіны. Для дасягнення сваіх мэтаў Маскве неабходна выкарыстаць усе магчымыя рэсурсы. І такім рэсурсам зʼяўляецца Беларусь, якая можа стаць інструментам для адкрыцця другога фронту, нават калі ён не будзе паўнавартасным. І ў Беларусі бачнае сістэмная падрыхтоўка да нейкай актыўнасці. Беларусь становіцца тэхнічным выканаўцам волі Масквы.
Поўны каментар слухайце ў далучаным гукавым файле.