Пра папулярнасць містыцызму сведчаць дадзеныя аб росце пакупак карт ды розных мітычных прыладаў. Гэтая вера створаная высілкамі прапагандыстаў, каб перанакіраваць рэакцыю людзей з сапраўдных праблем на прыдуманыя, кажа эксперт пра стан расійскага грамадства.
Пасля новага года расіяне кінуліся скупляць рытуальныя свечкі і карты Таро для варажбы. Паводле дадзеных расійскіх маркетплейсаў, толькі з пачатку гэтага года попыт на рытуальныя свечкі вырас у тры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года. Пры гэтым продаж карт Таро павялічыліся на 74%. Рэгіёнамі-лідэрамі па замовах карт сталі Самара, Калінінград і Екацярынбург. Апроч таго на 33% у Расіі вырас попыт на маятнікі для біялакацыі з натуральных камянёў.
Пры гэтым з Крамля гучаць заявы, што Расія вядзе святую вайну супраць кланавання, сусветнага ўрада і чалавечых інкубатараў. Пра гэта заявіў сакратар Рады па навуцы і адукацыі пры прэзідэнце Міхаіл Кавальчук падчас афіцыйнага ваенна-тэхнічнага форума.
Адкуль у расіян, як насельніцтва, так і элітаў вера ў містыку, канспіратыўныя тэорыі, і да чаго гэта можа прывесці? Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.
- Даволі часта, калі ўнутраная сітуацыя ў краіне пагаршаецца, павялічваецца нестабільнасць, людзі шукаюць выхаду праз выкарыстанне містычных рытуалаў. Калі прасачыць, што адбываецца на асноўных расійскіх тэлеканалах, там усё больш і больш паказваюць розных экстрасэнсаў, магаў ды псеўдапрарокаў.
Гэта адмысловая палітыка Крамля па маніпуляцыі грамадства, кажа палітолаг
- Цяпер містыцызм стаў элементам прапаганды, каб адцягнуць увагу людзей ад рацыянальнага мыслення, каб людзі былі больш падатныя на маніпуляцыі, каб яны асэнсоўвалі рэчаіснасць не на аснове ведаў, а пачуццяў – месіянства, богаабранасці. Менавіта гэтыя матывы гучаць у Расіі апошнім часам. Гэта робіцца, каб людзі менш звярталі ўвагі на пагаршэнне сітуацыі ў краіне.
А як жа моцная савецкая тэхнічная школа, найлепшая бесплатная адукацыя, чым так любяць хваліцца расіяне з Савецкіх часоў?
- Справа ў тым, што цяпер прымітывізм у поглядах значна большы, чым у савецкія часы. У расійскім грамадстве вельмі хутка адбылася ірацыяналізацыя свядомасці. У 1990 гады містыцызм стаў адной з дамінуючых частак папулярнай культуры. Дастаткова згадаць бітвы экстрасэнсаў на тэлевізіі, адкрыццё інстытутаў астралогіі ў сталіцы, нават Пуцін мае сярод сваіх дарадцаў кола астролагаў.
Гэтая вера ў містыцызм не навіна для Расіі, усё гэта ўжо было, кажа эксперт
- Нешта падобнае ўжо было ў гісторыі Расіі. Перад пачаткам першай сусветнай вайны містыцызм у асяродках элітаў быў вельмі моцны. Пры двары Мікалая ІІ круцілася тады мноства экстрасэнсаў, кіраўніцтва краіны адкідала рацыянальныя падыходы пры вырашэнні праблем. Нешта падобнае было і падчас упадку СССР, дастаткова прыгадаць Кашпіроўскага і Чумака, Вангу ды Паўла Глобу. Усё гэта рабілася, каб адцягнуць увагу людзей ад рэчаіснасці.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч