Грамадская арганізацыя «Белая Русь» заявілі пра тое, што стварае сваю палітычную партыю ў Беларусі. Гэта робіцца, каб краіны «засталася востравам стабільнасці». Прычынай стварэння партыі называецца тое, што «людзі адчулі неабходнасць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці». Што плануе рэжым Лукашэнкі, пра гэта размова з экспертам.
На пачатку 2023 года лукашысцкі рэжым зацікавіўся пытаннем палітычных партый. Спачатку лукашысты абвясцілі, што ў краіне пройдзе перарэгістрацыя партый. У студзені лукашэнкаўскія Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі зацвердзілі законапраект «Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў». Дакументам прадугледжана павелічэнне мінімальнага парога колькасці для стварэння палітычнай партыі, неабходнасць стварэння арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласці і Мінску.
Пасля чаго праўладная арганізацыя «Белая Русь» абвясціла пра тое, што стварае новую палітычную партыю, новую «самастойную сілу», каб «забяспечыць стабільнасць у краіне». Маўляў грамадзянская супольнасць Беларусі «саспела» для стварэння такой партыі. Пра гэта пачалі казаць па чарзе старшыня арганізацыі - Алег Раманаў ды яго намеснікі ў рэгіёнах. Паводле лукашыстаў, партыя ствараецца, каб забяспечыць стабільнасць у краіне.
Лукашысты зазначаюць, што партыя ствараецца з нуля, а грамадскае аб'яднанне «Белая Русь« застаецца ў палітычнай і грамадскай прасторы Беларусі. Прычынамі стварэння партыі названы рост цікавасці грамадства да палітычнага жыцця ды патрэба ў суб'ектах адказу на тыя жорсткія выклікі, якія кінуты нашай краіне. Журналісты ў сваю чаргу назвалі новую структуру – партыяй улады, рэжымным інструментам, каб не дапусціць людзей у палітыку, а наадварот зацэментаваць для Лукашэнкі ды наменклатуры ўладу над Беларуссю.
Мы папрасілі пракаментаваць стварэнне партыі ўлады ў Беларусі, дзе Лукашэнка заўсёды гэтаму супрацьстаяў, бачачы ў любой партыі абмежаванне яго ўлады, палітолага Паўла Усава.
- Не думаю, што ў Беларусі пачаліся фундаментальныя змены. Цяпер адбываецца кансалідацыя рэсурсаў. Лукашэнка імкнецца да мабілізацыі сваіх прыхільнікаў, каб стварыць дадатковыя інструменты ціску ды кантролю, у тым ліку ідэалагічнага характару. Я сумняваюся ў тым, што «Белая Русь» паўторыць лёс «Адзінай Расіі» ці Камуністычнай партыі. Дзеля гэтага патрэбныя дадатковыя рэсурсы ды павелічэнне колькасці. Цяпер у арганізацыі, каля 100 тысяч чалавек, а для партыі патрэбны мільён. Гэта робіцца хутчэй для дадатковага кантролю, а не для ўдзелу ў кіраванні.
Поўную размову слухайце ў аудыёфайле
Размаўляў Юры Ліхтаровіч