Польскія службы выкрылі шпіёнскую сетку, удзельнікі якой працавалі на карысць Расіі. Беларускія прапагандысцкія СМІ сцвярджаюць, што сярод затрыманых ёсць грамадзяне іх краіны, і абвінавачваюць Польшчу ў правакацыі.
– Такім чынам Масква і Мінск спрабуюць апраўдаць сябе – не сумняваюцца эксперты.
«Пачаўся лямант, што затрыманыя службай АБВ беларускія грамадзяне невінаватыя», – напісала ў Twitter аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Марыя Дынэр. «Іх вінаватасць/невінаватасць будзе вырашаць незалежны польскі суд. Незалежны суд, у адрозненне ад тых, што ў Беларусі выносяць драконаўскія пакаранні ў сфабрыкаваных палітычных працэсах», – дадае Дынэр і не мае сумневаў, што расійскія службы (самастойна і разам з беларускімі) будуць і далей рабіць спробы гібрыднай дзейнасці. «Я спадзяюся, што нашыя службы заўсёды будуць на крок наперадзе іх».
Дырэктар Цэнтра даследаванняў сучаснага асяроддзя бяспекі Міхал Марэк таксама адзначыў, што Беларусь і Расія распаўсюджваюць дэзынфармацыю пра людзей, затрыманых у Польшчы па абвінавачванні ў шпіянажы. Як ён падкрэслівае, мясцовыя прапагандысцкія СМІ расцэньваюць справу як «чарговую правакацыю з польскага боку».
«Масква і Мінск спрабуюць зняць з сябе абвінавачванні, пераконваючы расіян і беларусаў, што яны не вядуць агрэсіўных дзеянняў супраць Польшчы. «Правакатарам» і «агрэсарам» у гэтай фальшывай выяве рэчаіснасці з'яўляецца менавіта Польшча, і што дзеянні Польшчы накіраваны на пагрозу жыццю і здароўю грамадзян г.зв. Саюзнай дзяржавы», – тлумачыць Міхал Марэк.
У сваю чаргу незалежны журналіст, які займаецца беларускай тэматыкай Тадэвуш Гічан, адзначае ў Twitter, што прапаганда Аляксандра Лукашэнкі дала поўныя звесткі аб затрыманых «студэнтах», хаця польскія службы не раскрылі нават ініцыялаў абвінавачаных у шпіянажы. «Адкуль яны даведаліся, хто менавіта арыштаваны?» – рытарычна пытаецца Гічан.
Нагадаем, расследаванне Агенцтва ўнутранай бяспекі ў дачыненні да дзевяці чалавек, падазраваных у супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі, курыруе Люблінскі аддзел Нацыянальнай пракуратуры. Пракуратура абвінаваціла затрыманых ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы і дзейнасці на карысць замежнай разведкі супраць Польшчы. Сярод абвінавачаных трое маладых беларусаў – двое хлопцаў і дзяўчына.
яс