Праект «Пара!» накіраваны перш за ўсё для беларусаў і перш за ўсё ўнутры краіны. У аўтараў ініцыятывы – вялікія планы. У прыватнасці, у будучыні яны хацелі б стварыць буйную беларускую медыя-платформу, каб выцесніць з Беларусі расійскі кантэнт.
«Зараз Украіна – гэта эпіцэнтр свету, і я лічу, што нам тут проста неабходна быць», – расказвае аўтар праекту, журналіст Яўген Валошын. Паводле яго слоў, на пачатку было вырашана пачаць з малога YouTube-праекту, а пазней паступова пашырацца. «Увогуле я мару арганізаваць вялікае нацыянальнае ток-шоў, спадзяюся, гэта будзе ўжо ў Мінску», – кажа журналіст.
«Мы робім гэта для таго, каб паўстала моцнае і ўплывовае беларускамоўнае медыя, якое б магло выштурхнуць «рускі мір» з Беларусі», – падкрэслівае Яўген Валошын. У перспектыве аўтары хацелі б «арганізаваць свайго роду мост паміж беларусамі і ўкраінцамі, бо і беларусы, і ўкраінцы ўзаемна пра сябе мала ведаюць».
Ці аўтары не апасаюцца таго, што іх ініцыятыва расплывецца сярод іншых беларускіх і беларускамоўных праектаў, якіх, у тым ліку і ў сетцы YouTube, можна налічыць дзясяткі?
«Я лічу, што беларускі YouTube і ўвогуле медыя-сфера пустыя як барабан. Ніякай канкурэнцыі фактычна няма, рынку няма, незалежныя СМІ можна на пальцах пералічыць. Таму, наадварот, самы час, калі прагматычна глядзець на справу, стартаваць са сваім праектам», – зазначае журналіст.
размова цалкам – слухайце аўдыёфайл
З Яўгенам Валошыным размаўляў Валеры Саўко