Беларуская Служба

Эксперты з Ельскага ўніверсітэта падрыхтавалі справаздачу пра дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

20.11.2023 13:11
Гэта чарговы дакумент, які пацвярджае, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць не толькі ў Расію, але таксама ў Беларусь.
 .
Украінская дзяўчынка. Ілюстрацыйнае фотаsvaboda.org

Некалькі тысяч дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны былі дэпартаваныя ў Беларусь. Апаненты Аляксандра Лукашэнкі патрабуюць прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці перад Міжнародным крымінальным судом.

Амаль 2,5 тысячы дзяцей з Украіны былі дэпартаваныя ў Беларусь і падвергнутыя «перавыхаванню», а рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна падтрымлівае і ўдзельнічае ў палітыцы дэпартацыі, якую ажыццяўляе Расія, паведамляе Rzeczpospolita са спасылкай на даклад экспертаў Ельскага ўніверсітэта.
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі звяртаюць увагу, што справаздача толькі пацвярджае іх ранейшыя высновы.

Як пішуць аўтары справаздачы, з 24 лютага 2022 года, як мінімум, 2 442 дзяцей, дэпартаваных з тэрыторыі Украіны без згоды бацькоў, былі адпраўленыя ў 13 устаноў па ўсёй Беларусі з мэтай «перавыхавання». Гэта дзеці ва ўзросце 6-17 гадоў, у асноўным – сіроты, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, з малазабяспечаных сем'яў і семʼяў вайскоўцаў.

Аўтары справаздачы зазначаюць, што рэальная колькасць дэпартаваных дзяцей значна большая, паколькі ў справаздачы браліся пад увагу толькі задакументаваныя выпадкі.

На думку аўтараў дакладу, якія раней падрыхтавалі аналагічны дакумент аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію, Беларусь актыўна ўдзельнічае ў сістэматычнай расійскай палітыцы дэпартацыі і «перавыхавання» ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Больш за тое, згаданую палітыку Уладзімір Пуцін праводзіць па ўзгадненні з беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле справаздачы, цэнтральнай фігурай у праграме «перавыхавання» ўкраінскіх дзяцей з’яўляецца, з’вязаны з Лукашэнкам актывіст Аляксей Талай, вядомы, між іншым, прасоўваннем ідэі «рускага міру».

Нагадваем, раней таксама кіраўнік апазіцыйнага Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, перадаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе доказы ваенных злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей. Апаненты Лукашэнкі патрабуюць прыцягнуць беларускага дыктатара да адказнасці, паведамляе Rzeczpospolita.

аз