«Я, вядома, не буду накладаць вета на законы, якія карысныя для Польшчы і палякаў», – запэўніў прэзідэнт Анджэй Дуда ў інтэрвʼю тыднёвіку Sieci. Ён таксама заклікаў тых, хто возьме ўладу ў Польшчы, выконваць свае перадвыбарчыя абяцанні.
Кіраўнік польскай дзяржавы дадаў, што плануе выкарыстоўваць свае канстытуцыйныя прэрагатывы і дзейнічаць так, як дазваляе Канстытуцыя. Ён таксама нагадаў, што шмат разоў выкарыстоўваў права вета і не будзе вагацца зрабіць гэта і цяпер, калі палічыць, што тыя, хто знаходзіцца пры ўладзе, спрабуюць парушаць канстытуцыйныя нормы ці абысці законы.
Ён таксама дадаў, што плануе ахоўваць «найважнейшыя дасягненні апошніх васьмі гадоў, у тым ліку шматлікія сацыяльныя праграмы, якія значна палепшылі жыццё палякаў».
Адказваючы на пытанне, чаму ён вырашыў даручыць місію па стварэнні ўрада Матэвушу Маравецкаму, а не кандыдату апазіцыйнай большасці ў парламенце, прэзідэнт Дуда адзначыў, што прадстаўнікі апазіцыйных: «Грамадзянскай кааліцыі», «Новых левых сілаў» і «Трэцяй дарогі» не пераканалі яго ў тым, што «варта адмовіцца ад добрай парламенцкай традыцыі, згодна з якой гэта партыя, якая перамагла на выбарах атрымлівае місію стварэння ўрада.
«На першым этапе гаворка ідзе пра выбар прэзідэнцкага кандыдата на пасаду прэмʼер-міністра. Я прэзідэнт, але Дональд Туск (кандыдат апазіцыйнай кааліцыі – рэд.) не зʼяўляецца маім кандыдатам на пасаду прэмʼера», – сказаў Анджэй Дуда.
Прэзідэнт падкрэсліў, што для яго «прынцыповым пытаннем з’яўляецца бяспека Польшчы». «Гэта тая мэта, да якой мы імкнемся. Падтрымка Украіны ў вайне з Расіяй натуральна вынікае з гэтага», – адзначыў палітык. Ён таксама запэўніў, што «пастаянна» падтрымлівае сяброўства Польшчы ў Еўрасаюзе. «Гэта ў нашых інтарэсах. (...) Аднак мы хочам Супольнасці, якая паважае суверэнітэт краін-членаў», – сказаў прэзідэнт Анджэй Дуда ў інтэрвʼю тыднёвіку Sieci.
Частка каментатараў інтэрв’ю Анджэя Дуды, як абʼяву халоднай вайны паміж прэзідэнтам і новай парламенцкай большасцю.
аз