Беларуская Служба

Экспертка: Еўропа хацела б забыць пра Беларусь

21.11.2024 13:48
Доўгі час у Еўропе была адна краіна – Венгрыя, урад якой выступаць за спыненне падтрымкі Украіны ды пагаджаўся на завяршэнне вайны коштам украінскіх страт. Цяпер на падобную пазіцыю пераходзіць славацкі ўрад.
Аўдыё
  • Эксперт прарасійскія настроі ў Славакіі
-
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт ФіцоEPA/ANDREJ CUKIC Dostawca: PAP/EPA.

Пасля нядаўніх выбараў там сфармавалася кааліцыя, якая выступае за больш прыхільнае стаўленне да Расіі. Пра гэта распавяла аналітык каманды GLOBSEC Алена Кудзько.

У рамках Форума Вольнага Беларускага Ўніверсітэта адбылася сустрэча з беларускай даследчыцай Аленай Кудзько, якая займаецца распрацоўка палітыкі ды праграм у сферы абароны і бяспекі, будучыні Еўропы, у тым ліку рэформу інстытутаў бяспекі і ЕС, а таксама пытанні міграцыі пры падрыхтоўцы славацкіх міжнародных форумаў па пытаннях бяспекі GLOBSEC Bratislava Forum, GLOBSEC Tatra Summit і GLOBSEC Chateau Bela Conference.

Падчас Форуму ВБЎ даследчыца распавяла пра тое, чаму ў некаторых краінах Цэнтральнай Еўропы (Венгрыя, Славакія, Чэхія) Расія не ўспрымаецца выключна негатыўна, чаму далёка не ўсе гатовыя там працягваць падтрымліваць Украіну і дэмакратычныя памкненні Беларусі. У апошнім пытанні ўвогуле бачна тэндэнцыя да змоўчвання, зазначыла Алена Кудзько.

- Праблема Беларусі ў Еўропе – гэта тое, што дастаткова з’ехаць з Польшчы ці Літвы, каб зразумець, што пра Беларусь спрабуюць зусім не размаўляць. Таму што гэта цяжкае пытанне, на якое ў палітыкаў ды экспертаў няма адказу. Ім прасцей пра Беларусь маўчаць, бо яны не ведаюць, што з гэтым пытаннем рабіць.

Гэта не вельмі добра для дэмакратычнай Беларусі.

- Гэта сведчыць пра тое, што ў Еўропе не бачаць рашэнняў, і няма палітычнай волі гэтыя рашэнні шукаць. У большасці еўрапейскіх краін дамінуе наратыў, што ў Беларусі дыктатура, але мы з гэтым нічога не можам цяпер зрабіць, таму мы будзем толькі падтрымліваць людзей у Беларусі ды працаваць на далёкую перспектыву. Разам з тым пачалі гучаць галасы, са Славакіі ды Венгрыі, напрыклад, пра тое, што ізаляцыя Беларусі неэфектыўны сродак, трэба спрабаваць наладжваць кантакты. Магчыма гэта нічога не зменіць у сутнасці рэжыму, але варта малымі крокамі праз эканоміку залагодзіць рэжым.

Паралельна з гэтым прасоўваюцца ізаляцыянісцкія наратывы пра «не нашу вайну», так славацкія паліыткі называюць расійскую агрэсію ва Украіне

- Летась у Славакіі былі выбары, на якіх перамог Робэрт Фіцо. Цяпер яго партыя ўваходзіць у кааліцыйны ўрад, які даволі нацыяналістычны ды сканцэнтраваны на ўнутраных праблемах. Яны спрабуюць пазіцыянаваць сябе як мост паміж Усходам  і Захадам. Частка наратыву, з якім Фіцо прыйшоў да ўлады, датычылася вайны ва Украіне. Ён кажа, як Орбан у Венгрыі, што вайна ва Украіне вельмі кепская падзея, але гэта не вайна славакаў. Краіны НАТА і ЕС павінна засяродзіцца на сваіх унутраных праблемах і дазволіць Украіне ды Расіі самім вырашаць свае адносіны.

Цяперашні славацкія  ўрад выступае за найхутчэйшае завяршэнне вайны, коштам страт Украіны.

- Для славакаў найлепш, каб гэтая вайна скончылася як мага хутчэй. Нават пры ўмове саступак з боку Украіны. Галоўная прычына – негатыўны ўплыў вайны на эканоміку. Паводле іх логіцы, завяршэнне вайны прынясе адраджэнне эканомікі, змяншэнне цэн. Яны кажуць, што трэба завершыць вайну як мага хутчэй, бо Украіна яе ўсё адно не выйграе.

Таксама мясцовае грамадства падзеленае ў сваім стаўленні да вайны ва Украіне. Толькі 40% славакаў выступаюць за далейшую падтрымку Украіны.

- Насельніцтва ў Славакіі моцна расколатае па сваіх поглядах, не толькі ў пытанні вайны ва Украіне. Славакі да вайны мелі даволі пазітыўнае стаўленне да Расіі. Пачатак вайны пагоршыў рэйтынг Пуціна ды Расіі сярод славак. Усё адно цяпер 40-45% кажуць пра тое, што Украіна ахвяра вайны, трэба працягваць яе падтрымліваць. Прыблізна столькі ж кажуць, што вайна нам непатрэбна і найлепш яе завершыць.

Тым больш, што пра расійскія асяродкі ёсць унутры славацкага ўраду, кажа Алена Кудзько.

- Прарасійскія настроі ёсць ва ўрадзе, у першую чаргу іх прытрымліваецца адзін з кааліцыянтаў – Нацыяналістычная партыя. Яны падтрымлівалі заўсёды Расію, а цяпер кажуць, што гэта амерыканцы ды НАТА справакавалі Расію напасці на Украіну. Фіца больш вопытны палітык і балансуе даволі ўдала ў сваёй рыторыцы. Пры гэтым ён выступіў нядаўна на расійскіх дзяржаўных тэлеканалах. Яны прыняліся з радасцю апавядаць, што кіраўнік краіны ЕС выступіў у расійскай тэлевізіі. Гэта падабаецца Крамлю. У Славакіі ёсць і меншыя парталы, якія праз сацыяльныя сеткі прасоўваюць патрэбныя Расіі наратывы ў Славакіі.

Разам з тым славацкі ўрад вельмі прагматычны і адносіны з Украінай падтрымлівае, разлічваючы паўдзельнічаць у паваеннай адбудове гэтай дзяржавы.

- Славацкі ўрад вельмі прагматычны. Ён разумее, што Украіна суседняя дзяржава, а пасля завяршэння вайны будзе шмат эканамічных магчымасцяў ва Украіне. У звязку з тым двухбаковыя адносіны даволі добрыя. Працягваюцца сустрэчы паміж урадамі, абмяркоўваюцца эканамічныя праекты, разбудову інфраструктуры на мяжы. Да таго ж  Славакія працягвае пастаўляць узбраенне Украіне. На самой справе Славакія перастала толькі фінансаваць пастаўкі ўзбраення Украіне. Разам з тым Славакія падпісвае ўсе дамовы ЕС па пастаўках узбраення Украіне. Яны не блакуюць ініцыятывы ЕС. Яшчэ больш цікава тое, што славацкая вайсковая прамысловасць вырабляе зброю для Украіны, толькі плаціць за іх рэалізацыю Германія ці Нідэрланды. Гэтыя пастаўкі вельмі актыўна ідуць.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч