Апошні тыдзень у Беларусі Польшча зноў стала важнай тэмай. Вайсковыя чыноўнікі ды прапагандысты кінуліся вінаваціць афіцыйную Варшаву, прыпісваючы ёй «мілітарысцкія планы» ды «падрыхтоўку да нападу на Саюзную дзяржаву». Пра гэта заявіў начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва лукашэнкаўскага Міністэрства абароны Валерый Равенка.
— Беларусь разглядае мілітарызацыю каля сваіх заходніх межаў як падрыхтоўку да нападу на Саюзную дзяржаву.
Разам з тым лукашэнкаўскі чыноўнік заявіў пра тое, што яны шукаюць дыялогу ды кампрамісу для вырашэння праблем на мяжы.
— Па каналах сувязі АБСЕ апавясцілі нашых суседзяў аб тым, што гатовыя да правядзення мерапрыемстваў у рамках рэгіянальных мер даверу і бяспекі па Венскім дакуменце 2011 года. Гэта азначае, што мы гатовы да працэсаў перагавораў, наведвання воінскіх часцей і ўзаемных інспекцый. Як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Польшчы на глыбіню 80 км..
Гэтыя заявы прагучалі на фоне абвастрэння сітуацыі з нелегальнымі мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. Толькі за тры дні з 7 па 9 сакавіка польская Памежная служба зафіксавала больш за 210 спроб нелегальна прайсці праз мяжу. Паводле апошніх звестак, з пачатку бягучага года Польшча, Латвія ды Літва папярэдзілі 1.188 спроб пранікнення на сваю тэрыторыю з Беларусі (861, 228, 99). Летась было 753 спробы. Гэта рэкордныя дадзеныя для бягучага году.
Рэжым Лукашэнкі заяўляе пра жаданне дыялогу ды інспекцый, але сам нават не робіць нічога, каб спыніць міграцыйны крызіс. У чым разлік Мінску? Пра гэта м спыталіся ў нашага аглядальніка Паўла Усава.
— Лукашэнка заўсёды казаў, што пакуль не знятыя санкцыі з яго ды краіны, ён не будзе выконваць абавязкі па абароне мяжы. Ён дамагаецца размовы з ім, і толькі потым будзе нешта рабіць. Лукашэнка хоча, каб пайшоў двухбаковы працэс, а не яго ініцыятыва. Ён хоча паказаць значнасць Беларусі, што без Мінска не вырашаецца пытанне нелегальных мігрантаў. Каб яно вырашалася, трэба, каб з ім гаварылі. Для яго важны факт размовы і дыялогу.
Навошта тады заяўляць пра ўзаемныя інспекцыі, калі да рэжыму Лукашэнкі няма нават базавага даверы ў Польшчы?
— Беларусы хацелі б інспектаваць пазіцыі польскіх вайскоўцаў на мяжы, гэта трэба разглядаць як выведку па вызначэнні дыслакацыі польскіх узброеных сілаў. Гэта робіцца ў інтарэсах Расіі, а для Польшчы і Захаду – гэта небяспечна. Лукашэнка хаўруснік для Крамля па агрэсіі супраць Украіны. Гэты інспекцыі не варта звязваць з міграцыйным пытаннем. Але Лукашэнка першым не хоча ісці на саступкі, бо гэта для яго слабасць. Адсюль такія ініцыятывы, каб Захад на іх адгукнуўся. На маю думку, пакуль ідзе вайна, водгукаў на гэтыя крокі рэжыму не павінна быць.
У ізаляцыю Лукашэнка сам сябе загнаў гібрыднымі дзеяннямі на мяжы. Калі паглядзець з перспектывы 4 год крызісу на мяжы, што Лукашэнка ад яго атрымаў, а што страціў?
— У гэтым не было ніякай мэтазгоднасці ды рацыянальнасці. Гэта была помста і шантаж Захаду за санкцыі ды рэакцыю на рэпрэсіі 2020-га года.
Цяперашняя ініцыятыва рэжыму ў бок Польшчы – гэта спроба залагодзіць сітуацыю і вярнуцца да стану перад 2021-м годам, перакананы эксперт.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыяфайле